Знаёмыя сям'і агучылі версію, дзе тыдзень быў зніклы Сяргей Церабавец — тата дзяўчынкі з СМА

Сяргея Церабаўца нарэшце знайшлі.

18.04.2024 / 13:59

Сергей Церабавец з дачкой. Фота з яго старонкі ва Укантакце

Знаёмыя сям’і распавялі, што ў Гданьску Сяргея абрабавалі. Ён жывы і здаровы, але застаўся без дакументаў, грошай, тэлефонаў. На працягу тыдня мужчына нібыта шукаў спосаб звязацца з сям'ёй.

Нагадаем, тата дзяўчынкі Лізы, якой не так даўно беларусы сабралі $1,8 мільёна на самыя дарагія лекі ў свеце, знік 10 красавіка ў Польшчы. У Гданьску ён працаваў цесляром-станочнікам, рабіў мэблю для яхт.

Мужчына звольніўся з працы і павінен быў вярнуцца да жонкі і дзяцей (акрамя Лізы, у сям'і ёсць яшчэ два старэйшыя хлопчыкі), але беларускую мяжу так і не перасёк. Апошні раз Сяргея бачылі на аўтавакзале Гданьска, адтуль ён меў ехаць на аўтобусе ў Мінск.

Удакладнім: скралі ў мужчыны не тыя грошы, якія збіралі ўсім светам на ўкол Zolgensma. Тыя сродкі даўно былі пералічаныя на рахунак РНПЦ «Маці і дзіця», дзе 5 красавіка Лізе, якая мела дыягназ спінальна-цягліцавая атрафія 2 тыпу, зрабілі ін'екцыю. Цяпер дзяўчынка аднаўляецца.

«Рабіў мэблю для яхт, звольніўся»: падрабязнасці знікнення таты Лізы з Мазыра, якой беларусы сабралі на самыя дарагія лекі ў свеце

Знік тата дзяўчынкі з СМА, якой беларусы сабралі на самыя дарагія лекі ў свеце

Яшчэ адной дзяўчынцы з СМА сабралі $1,8 мільёна на ўкол. Але яна не адзіная, каму патрэбна дапамога

Ганна Стафановіч