Яму было 85 гадоў.

Гаўрыла Вашчанка. Фота Настассі Храловіч.

Гаўрыла Вашчанка. Фота Настассі Храловіч.

«Гаўрыла Вашчанка належыў да пакалення Адлігі, - кажа пісьменнік і мастак Адам Глобус. – Яны стварылі новую беларускую культуру, з’явіўся «суровы стыль», які мне вельмі падабаецца, гэта быў найлепшы час у савецкім мастацтве. Час Быкава, Караткевіча, Савіцкага, Вашчанкі…

Гэтыя людзі стварылі зусім новую культурную сітуацыю. Мне пашчасціла вучыцца ў Гаўрылы Харытонавіча, ён выкладаў манументальнае мастацтва. Савцекі манументалізм заўжды быў пафасны, фундаментальны, а Вашчанка ўнёс у манументальнае мастацтва лірычнасць. Створаныя ім вобразы Палесся, маладосці, прыгажосці, юнацтва – яны назаўжды застануцца ў беларускай культуры».

***

«Гэта мой настаўнік, я яго вельмі люблю, - кажа мастак Алесь Пушкін. – На апошнім з’ездзе Саюза мастакоў казалі, што Вашчанка трапіў у шпіталь.

Гэта быў выдатны творца, ён атрымаў цудоўную адукацыю ў Львове, дзе на яго паўплывалі заходнееўрапейскія школы. Ён стварыў беларускае манументальнае мастацтва, заснаваў кафедру, якая лічылася адной з наймацнейшых у СССР. У спадара Вашчанкі цудоўная сям’я, яны з жонкай заўжды разам прыходзілі на ўсе выставы. Гэта быў вельмі мудры чалавек, яго ўсе любілі. Ён ніколі не быў у камуністычнай партыі, не маляваў Леніна, аднак яго любілі і прызнавалі і калегі, і музеі, і кіраўнікі краіны. Рэдкі выпадак, калі беларускі мастак адразу атрымлівае прызанне на Радзіме, а не праз Маскву і Ленінград. У 1968 ён стварыў «Асветнікаў» для Дома настаўніка – партрэты Сымона Буднага, Францыска Скарыны, Кастуся Каліноўскага. Архітэктар быў супраць гэтых партрэтаў, аднак Вашчанка змог дамовіцца з кіраўніцтвам.

Для мяне ён заўжды быў прыкладам сапраўднай грамадзянскай пазіцыі. Ён вяліукі настаўнік – каля 200 мастакоў, выдатных і вядомых – ягоныя вучні».

***

Гаўрыла Вашчанка нарадзіўся ў вёсцы Чыкалавічы на Гомельшчыне ў 1928 годзе. Мастак, жывапісец. Народны мастак Беларусі (1988). Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1977). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1987). Скончыў Львоўскі інстытут прыкладнога і дэкаратыўнага мастацтва (1955).

Працаваў у галіне станковага жывапісу, акварэлі, манументальнай размалёўкі і вітражу. Работы вылучаюцца жанравай і тэматычнай разнастайнасцю, роздумам над актуальнымі праблемамі часу і мінуўшчынай роднай зямлі, патрыятызмам: «Маё Палессе», «Дума пра хлеб» (абедзве 1973), «Мацярынскія крылы» (1975), «Нацюрморт з барэльефам Гусоўскага» (1986) і інш.

Важным падзеям беларускай гісторыі прысвечаны палотны «Грунвальдская бітва» (1985), трыпціх пра паўстанне К.Каліноўскага «За зямлю, за волю» (1983), «Балада пра мужнасць» (1974) і інш.

Стварыў партрэты пісьменнікаў, асветнікаў, дзяржаўна-палітычных дзеячаў Беларусі - Я.Купалы, Я.Коласа, Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, К.Астрожскага, С.Буднага, В.Цяпінскага і інш. Персанальная карцінная галерэя Вашчанкі з 2002 дзейнічае ў Гомелі. Зрабіў манументальныя размалёўкі «Зямля светлагорская» (1972, Палац культуры хімікаў у Светлагорску), «Асветнікі» (1976, Дом настаўніка ў Менску), вітражы ў касцёле Сымона і Алены (1974, Менск) і інш.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?