Каб выратаваць 13-гадовага азербайджанца Алі Веліева, сям’я пайшла ва-банк: распрадалі ўсю маёмасць, узялі крэдыт і выправіліся ў нашу краіну.

«Мы жылі ў Баку, у сям'і было трое дзяцей. У чэрвені 2011-га я заўважыла, што сын страшэнна схуднеў, страціў апетыт», — Махсаці Веліева, маці хворага хлопчыка, распавядае, як у іх дом прыйшла бяда.

«На назе ў сына з’явілася дзіўная высыпка, — працягвае свой сумны аповед Махсаці. — Аказалася, гэта страшная хвароба — востры лімфабластны лейкоз. У Баку нам не давалі ніякіх шанцаў. Знаёмыя расказалі, што з такім жа выпадкам могуць вылечыць у Беларусі. Мы сабралі па сваяках нейкія грошы, распрадалі ўпрыгожванні, за два дні прадалі трохпакаёўку ў цэнтры Баку, узялі крэдыт і выправіліся ў Беларусь. На той момант у нас было каля 70 тысяч долараў».

У анкалагічным цэнтры Веліевым пацвердзілі, што шанц на ратунак ёсць. Але здавалася б агромістая сума грошай хутка скончылася. Утварылася запазычанасць у 25 тысяч долараў.

Іх дапамагла сабраць тэлевядучая Тамара Лісіцкая, якая дапамагае цяжка хворым дзецям. Але праз шэсць месяцаў здарыўся рэцыдыў. Калі пасля двух курсаў хіміятэрапіі зноў здарыцца рэмісія, трэба будзе абавязкова рабіць аперацыю па трансплантацыі. Дактары сказалі, што ў яго пашкоджаны касцявы мозг.

А донарам магла стаць маленькая дачка Веліевых. «У тым ліку і для гэтага нам і параілі яе нарадзіць. Але яна вельмі маленькая — 12 кг. важыць, для яе гэта пакуль вельмі рызыкоўна», — расказвае Махсаці Веліева.

Уратаванне жыцця Алі Веліева каштуе цяпер 150 тысяч долараў. Прадаваць сям’і ўжо няма чаго. А беларускія валанцёры гэтым разам назбіралі для Алі толькі 5 тысяч.

«Простыя азербайджанцы, якія жывуць у Беларусі і Маскве, нам дапамагалі. Таксама дапамагае вельмі шмат беларусаў. Але сабраць такую суму!» — кажа мама Алі.

Жанчына спадзяецца дастукацца да жонкі прэзідэнта Азербайджана Мехрыбан Аліевай.

Пабачыць самога Алі не можам. Пасля чарговага курсу хіміятэрапіі ён ляжыць у боксе, і любая дробная інфекцыя можа спрацаваць, як смяротны стрэл з гарматы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?