Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайце пайшла ва-банк: яна не толькі агучыла планы пуцінскай Расіі, але і абвінаваціла Захад у няздольнасці дзейнічаць.

«Сёння на Захадзе няма лідара, які ў стане спыніць Пуціна», — выносіць прысуд літоўскі прэзідэнт у інтэрв'ю амерыканскаму выданню The Washington Post (журналістка Lally Weymouth). У той жа час Грыбаўскайце сцвярджае:

«Вайну ва Усходняй Украіне можна хутка спыніць. Гэта можа зрабіць Захад, які павінен прадэманстраваць Пуціну, што таксама гатовы змагацца за свае каштоўнасці — свабоду і дэмакратыю». 

На думку прэзідэнта Літвы, сітуацыя ва Украіне з кожным днём пагаршаецца. «Расійскія войскі ўсё яшчэ на тэрыторыі Украіны. Гэта азначае, што Еўропа і свет дазваляе Расіі не толькі запалохваць сваіх суседзяў, але і ўжыць вайсковую сілу супраць іх. Гэта тое ж самае, што міжнародны тэрарызм, тое, што мы бачым у Іраку і Сірыі.

Ва Украіне адбываецца сапраўдная вайна. Еўрапейскі саюз і большасць з сусветных лідараў спрабуюць казаць пра гэта не як пра вайну, а як пра нейкую падтрымку тэрарыстычных груп. Мы бачылі выпадак з Крымам. З самага пачатку там былі нейкія «зялёныя чалавечкі», але неўзабаве яны выявіліся ў расійскай арміі. Цяпер гэта адбываецца ва Усходняй Украіне. І я ўпэўненая, што гэта не апошняя тэрыторыя, на якой Пуцін мае намер прадэманстраваць сваю сілу», — заявіла Грыбаўскайце.

Яна ўпэўненая, што, калі санкцыі ў дачыненні да Расеі будуць мяккімі або яны не будуць цалкам ужытыя, Пуцін будзе спрабаваць злучыць Усходнюю Украіну з Паўднёвай Украінай і Крымам. Узгадала палітык нядаўнія словы расійскага прэзідэнта аб тым, што калі б ён захацеў, то яго салдаты за два дні занялі б Варшаву, краіны Балтыі і Бухарэст, а гэта — адкрытая пагроза ў дачыненні да суседзяў.

«Калі мы дазволім яму ўвайсці ў Прыднястроўе, ён будзе ісці куды заўгодна. Праблема ў тым, што пуцінская Расея гатовая да вайны і жадае ваяваць. А вось Еўропа і Захад не гатовыя да вайны. Зараз у Еўропе і ў свеце няма такога лідара, які мог бы спыніць Пуціна. Нарэшце, мы ўсё дзівімся, як так атрымалася, што ўсё новыя тэрыторыі і краіны захопліваюцца. Прамаруджванне ў рашучых дзеяннях для спынення агрэсара на гэтым шляху акажацца занадта дарагім для ўсіх, калі наогул не стане занадта позна. Калі яго ніхто не спыніць ва Украіне, ён, безумоўна, пойдзе далей», — адзначыла Даля Грыбаўскайце.

На яе думку, пятага артыкула Дамовы НАТА недастаткова, каб краіны Балтыі адчувалі сябе ў бяспецы.

«Усе заяўляюць, што пяты артыкул Дамовы НАТА застаецца ў сіле. Тым не менш, гэта не спыніць Пуціна ў яго падступных планах, калі ён не ўбачыць рэальныя дзеянні лідараў Еўропы і свету. Калі ён не ўбачыць, што яны не проста гавораць. Мы павінны яго спыніць ва Украіне. Да гэтага часу некаторыя гэтага цалкам не разумеюць. Вось чаму я кажу, што лідарства Еўропы зараз знаходзіцца ў руках Пуціна, а не Захаду», — падкрэсліла прэзідэнт Літвы.

Яна заявіла, што пагроза Пуціна зараз не меншая, чым «Ісламскай дзяржавы» ў Іраку і Сірыі, і што «Ісламская дзяржава» і Расія з'яўляюцца ў аднолькавай ступені тэрарыстамі.

«Я думаю, што Расея тэрарызуе сваіх суседзяў з дапамогай тэрарыстычных метадаў. Праўда, свет сёння больш заклапочаны «Ісламскай дзяржавай». Гэта асноўная мэта. На жаль, адначасова гэта дзіўная магчымасць для Пуціна рабіць усё, што яму заманецца. Пуцін стварае пагрозу. Хоць бы і так званыя мірныя перамовы ў Мінску, якія адбылася пасля ультыматуму Пуціна: у іх Захад і Еўрапейскі Саюз паддаліся на яго ўмовы, на практыцы гэта азначае падзел Украіны», — заявіла Грыбаўскайце.

Палітык задаецца пытаннем: чаму ЕС і ЗША клапоціцца аб тым, каб не раззлаваць Пуціна, які сам адпраўляе сваіх салдат забіваць і акупаваць Украіну? Чаму сусветная супольнасць не звяртае ўвагі на пачуцці ўкраінцаў? Рана ці позна, але Пуціна ўсё роўна назавуць тэрарыстам і злачынцам.

Цяперашняя сітуацыя нагадвае прэзідэнту Літвы Судэты — сітуацыю напярэдадні Другой сусветнай вайны, таму што сусветныя лідары адкрыта дазваляюць дзяліць Украіну.

«Пасля саміту ў Уэльсе Альянс прачнуўся. Мы атрымалі сродкі па павышэнні бяспекі. Мы павінны больш інвеставаць у абарону. Але колькі ў нас часу? Санкцыяў супраць Расіі недастаткова. Можа быць, калі Пуцін пойдзе далей, санкцыі будуць больш жорсткімі», — сказала Даля Грыбаўскайце.

«Еўрапейцы і іншыя краіны запатрабавалі, каб прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка пагадзіўся з усімі ўмовамі, нават з тымі, якія для яго былі непрымальнымі, бо Украіна стала падзеленай дзяржавай. І гэта зроблена з дабраслаўлення еўрапейскіх і іншых лідараў, бо яны зусім не дапамаглі Украіне», — заявіла прэзідэнт Літвы.

Паводле яе слоў, усе суседзі Расіі ў цяперашні час пад пагрозай. У гэты час прэзідэнт РФ пагражае і нават жартуе, што гэтыя суседнія краіны не з'яўляюцца сапраўднымі дзяржавамі. У той жа час свет можа пазбегнуць вайны.

«Калі абодва бакі настроены на вайну, вайны ніколі не будзе. Калі Расея поўная рашучасці ісці на вайну, а Захад будзе спрабаваць усяляк пазбегнуць ваеннага канфлікту, тады Расея будзе ісці так далёка, як мы ёй дазволім.

Умовы перамір'я ва Украіне былі прапанаваны Расеяй. Захад не падтрымлівае Украіну ваенным сродкамі. Расіі дазволена рабіць ва Украіне ўсё, што заўгодна.

Гэта ганьба, што ў ХХІ стагоддзі заходнія лідары дазваляюць агрэсару дзейнічаць у незалежнай дзяржаве як яму прыйдзе ў галаву.

Я рада, што Абама нарэшце прадэманстраваў лідарства ў Іраку і Сірыі. Спадзяюся, што гэта дазволіць яму паказаць тое ж самае і ў дачыненні да Украіны. Лідарства прыходзіць праз навучанне. Ніхто не нараджаецца лідарам, але ім можна стаць», — сказала Грыбаўскайце.

Яна адзначыла таксама, што Літва была акупаваная на працягу пяцідзесяці гадоў і яны ведаюць, як трэба змагацца з суседам-агрэсарам. «Я здзіўленая тым, што сутыкнуцца з Расіяй баяцца нават тыя краіны, якія ніколі не адчувалі расійскую агрэсію.

У апошні час гучна прамаўляюць тыя дзяржавы, якія маюць мяжу з Расеяй, асабліва Літва і Польшча. Публічныя заявы і мужнасць сароміць заходніх лідараў за іх безадказнасць па абароне свабоды, дэмакратыі і незалежнасці з'яўляецца адным з відаў нашай зброі ў барацьбе супраць Расіі»,

— рэзюмавала палітык.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?