Пайшла з жыцця беларуская фалькларыстка, доктар мастацтвазнаўства, прафесар кафедры беларускай музыкі БДАМ Ларыса Касцюкавец (15.02.1939-30.10.2014). Яна была тым рэдкім чалавекам, якія без залішняга пафасу працавалі на карысць беларушчыны і будавалі культуру і веды, якімі мы цяпер дыхаем і жывём.

Юлія Андрэева, Наталля Ляжнёва (у кепцы), Ларыса Піліпаўна (справа). У цэнтры — народная спявачка. Мядзельскі раён, 1988

Юлія Андрэева, Наталля Ляжнёва (у кепцы), Ларыса Піліпаўна (справа). У цэнтры — народная спявачка. Мядзельскі раён, 1988

Дастаткова згадаць яе першую кнігу — «Кантовая культура Белоруссии», — якая выйшла ў свет ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» ў 1975 годзе.

Кант — гэта гарадская песня XVI—XVIII стагоддзяў, найболей папулярны жанр тагачаснай «вучонай» паэзіі і музыкі. І само яго бытаванне на беларускай зямлі адразу перакрэслівала байкі, якімі кармілі нас імперскія ідэолагі: маўляў, беларуская культура да 1917 года была скрозь сялянская і прымітыўная, нотнай граматы не было і г.д. А тут высветлілася, што гарадская паэзія і музыка, нотная пісьменнасць і іншыя прыкметы высокай культуры з'явіліся спачатку ў Вялікім Княстве Літоўскім, а адсюль ужо праз беларускіх асветнікаў трапілі ў Расію, а не наадварот. Гэта была сапраўдная сенсацыя. 

Захапленне беларускім кантам Ларыса Касцюкавец пранесла праз ўсё жыццё. У 2006—2008 гадах у выдавецтве Беларускай акадэміі музыкі выйшла яе двухтомная манаграфія «Стилистика канта и ее претворение в белорусской народной песне». І зноў сенсацыя: раптам аказалася, што ў Беларусі «вучоная», аўтарская паэзія і музыка ўплывала на народную, а не наадварот.

Народную песню Ларыса Піліпаўна вывучала з юнацтва і да апошняга дня. Прычым не ў бібліятэцы, а ў полі, ў экспедыцыях. Кожнае лета яна выязджала разам са студэнтамі Беларускай акадэміі музыкі на збор песень ў розныя куткі Беларусі. Знаёміліся з народнымі спявачкамі — захавальніцамі векавых традыцый. Былі такія, што ведалі 100 і болей песень, і мы — сябры экспедыцыі — хадзілі да іх 5-6 разоў, каб усё запісаць.

Песні былі розныя: каляндарна-абрадавыя, жніўныя, вясельныя, календы, духоўныя вершы, балады.

Запісвалі толькі аўтэнтычны матэрыял, а не псеўда-народныя лубочныя «Лявоніхі», якія ўвесь час гучалі па радыё. І толькі на цвярозую галаву — п'янага спявання даследчыца не цярпела. У лепшыя гады прывозілі з экспедыцыі да 600-800 песень. Усё гэтае багацце назапашвалася ў кабінеце народнай музыкі ў выглядзе гуказапісу і нот.

Але не толькі песнямі вабілі гэтыя паездкі. Ларыса Піліпаўна была надзвычай цікавым чалавекам. Як цудоўна было з ёю блукаць па лясах і палях, аглядаць руіны замкаў, сядзець ўвечары ля вогнішча! Яна была выдатным знаўцам раслін, грыбоў, метэаралагічных з'яў, бліскуча ведала гісторыю роднага краю, нават умела варажыць.

У яе ў галаве была процьма песень — не толькі народных. Востры розум і язык, досціп, незалежнасць характару… і шчырая любоў да студэнтаў. Яна заўсёды размаўляла з намі на роўных і, бывала, падкормлівала за свае грошы ў вясковых харчэўнях. Яна пакінула пасля сябе мноства ўдзячных вучняў, якія на ўсё жыццё запомнілі яе ўрокі палеаграфіі і фальклёра. А таксама ўрокі дабрыні і абсалютнай сумленнасці — у навуцы і ў жыцці.

Такая яна была і такой застанецца ў памяці. Задорная і заўжды маладая душой руплівіца на ніве беларускай культуры. Светлая ёй памяць!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?