Праваахоўныя органы затрымалі жыхара Баранавіч Дзмітрыя Палойку, піша сайт праваабаронцаў-вясноўцаў spring96.org. Ён змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання і асуджаны да 10 сутак арышту.

Як паведаміў праваабаронца Сяргей Гоўша, «праз знаёмых я даведаўся, што на яго быў складзены адміністрацыйны пратакол за дробнае хуліганства», — кажа праваабаронца. Акрамя таго, ён адзначыў, што міліцыя дапытвае ўсю радню Дзмітрыя Палойкі і забараняе сваякам пакідаць Баранавічы.

Вядома, што апошнія паўгода мужчына правёў у Украіне. Імя Палойкі прысутнічае ў злітых у інтэрнэт спісах батальёна «Данбас», які быў ударнай сілай у антытэрарыстычнай аперацыі, што праводзілася Украінай у Данбасе. Як мяркуюць ва Украіне, спісы былі здабытыя і апублікаваныя расійскімі спецслужбамі. Праўда, ёсць імавернасць, што гэтыя спісы фэйкавыя.

Тэлефон Змітра Палойкі паведамляе, што «абанент недаступны». Гарадская міліцыя кажа толькі пра тое, што актывіст знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання. Ніякай іншай інфармацыі больш не даюць.

Паводле інфармацыі радыё «Свабода», Зміцер Палойка ехаў у Баранавічы, каб прадаць там сваю кватэру. Пасля гэтага хлопец меркаваў вярнуцца ў Кіеў.

Па словах Сяргея Гоўшы, гэта справа складаная і далікатная. 

Усяго, як мяркуецца, у склад розных украінскіх добраахвотніцкіх батальёнаў уваходзілі не менш за 20 беларусаў.

Гэтыя батальёны ваявалі на перадавой увесну і ўлетку 2014 года. Яны адыгралі галоўную ролю ў стрымліванні расійскіх штурмавікоў у перыяд, калі баяздатнасць украінскай прафесійнай арміі была нізкай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?