БелТА

БелТА

Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння на нарадзе па актуальных пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця.

«Ужо вядомыя першыя вынікі студзеня, ды і люты скончыўся. Нягледзячы на некаторыя станоўчыя вынікі ў асобных галінах, у цэлым эканоміка не расце.

Адстае прамысловасць, павялічваюцца запасы на складах і ўзаемныя неплацяжы. Пакуль не спрацоўваюць прымаемыя меры падтрымкі экспарту. І ўсё гэта пачынае адбівацца на людзях. Рэальныя даходы не растуць», — канстатаваў ён.

«Мы ведаем, што такія праблемы сёння не толькі ў нас. Але нельга ўсё звальваць на знешнія фактары», — падкрэсліў беларускі лідар.

Ад кіраўніцтва ўрада кіраўнік дзяржавы запатрабаваў прадставіць не толькі справаздачу аб бягучай сітуацыі, але і выказаць канкрэтныя прапановы, а таксама паведаміць аб выкананні раней дадзеных даручэнняў.

«Даўно ўжо пара вылазіць з кабінетаў і займацца канкрэтнай вытворчасцю. Сёння гэта пытанне нумар адзін, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Вы прынялі праграму дзеянняў, паведамілі яе дэпутатам, як і паложана па заканадаўстве. Але мяне сёння цікавіць не гэта. Распрацаваныя вамі сцэнары — тры-пяць ці дзесяць — гэта выключна ваша справа. Мяне цікавіць тэндэнцыя, зрухі, што зроблена для таго, каб элементарна, прадаўшы прадукцыю, атрымаць грошы».

Лукашэнка жорстка папярэдзіў аб недапушчальнасці наяўнасці пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці за пастаўленую за мяжу прадукцыю. «Гэта крымінальнае злачынства. Мы ўжо вывелі гэтую праблему на ўзровень пракурораў Беларусі і Расіі», — адзначыў ён.

Прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў праінфармаваў на нарадзе аб стане спраў у эканоміцы і планах урада па вырашэнні існуючых праблем.

Паводле яго слоў, снежаньскі шок ад дэвальвацыі расійскага рубля, фактычнае сцісканне ўнутранага расійскага рынка вельмі негатыўна адбілася на беларускай эканоміцы.

«Відавочна, што жорсткія меры балансавання эканомікі, якія былі рэалізаваны ў снежні-студзені, не маглі не адбіцца на рэальным сектары і яго фінансавым стане. Таму сёння да задачы аднаўлення нармальнай працы прамысловасці ў шырокім яе разуменні зводзяцца ключавыя пытанні эканамічнай палітыкі. На гэта завязаныя банкаўская сістэма, экспарт, занятасць і даходы насельніцтва», — сказаў Андрэй Кабякоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?