Мінфін ЗША абвясціў пра ўвядзенне новых санкцый супраць Расіі ў сувязі з кібератакамі, мэтай якіх было паўплываць на ход выбараў амерыканскага прэзідэнта.

Санкцыі ўведзены ў дачыненні да ФСБ і ГРУ, а таксама трох кампаній — ЦОР Security (Esage Lab), Аўтаномнай некамерцыйнай арганізацыі «Прафесійнае аб'яднанне канструктараў сістэм інфарматыкі» і «Спецыяльны тэхналагічны цэнтр». Паводле заявы прэзідэнта ЗША Барака Абамы, гэтыя кампаніі ажыццяўлялі матэрыяльнае забеспячэнне кібераперацый ГРУ.

Пад персанальныя санкцыі патрапілі начальнік Галоўнага ўпраўлення Генштаба УС РФ (ГРУ) Ігар Корабаў, яго намеснікі Уладзімір Аляксееў, Сяргей Гізуноў і Ігар Касцюкоў, а таксама хакеры Аляксей Белан і Яўген Багачоў.

Па словах Барака Абамы, ЗША таксама аб'явілі персонамі нон грата 35 расійскіх дыпламатаў. Па дадзеных Reuters, ім загадана пакінуць краіну на працягу 72 гадзін.

Акрамя таго, будуць зачыненыя два аб'екты, якія належаць Расіі ў штатах Мэрылэнд і Нью-Ёрк, якія, па словах Абамы, выкарыстоўваліся расейцамі ў разведвальных мэтах.

Міністэрства ўнутранай бяспекі і ФБР апублікуюць рассакрэчаную тэхнічную інфармацыю аб лічбавай дзейнасці расейскай разведкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?