У офісе незалежнага прафсаюза РЭП сёння зранку адбыўся ператрус. Яго правёў Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю. Кіраўнікоў прафсаюза вінавацяць у нясплаце падаткаў. Выглядае, што гэта «справа Бяляцкага дубль 2».

Затрыманні і ператрусы

Сёння ў мінскі офіс незалежнага прафсаюза РЭП завіталі сілавікі.

«Каля 9-й раніцы ў офіс прыйшлі каля 10 чалавек з Дэпартамента фінансавых раследаванняў, — распавёў «Нашай Ніве» Юрый Белякоў, прававы інспектар прафсаюза. — Паказалі пастанову пракурора аб тым, што расследуецца справа аб ухіленні ад сплаты падаткаў супраць Генадзя Федыніча. Сутнасць яе такая ж, як і была ў справе Бяляцкага», — кажа Белякоў.

Справа аб нясплаце падаткаў распачатая супраць траіх супрацоўнікаў прафсаюза: Генадзя Фядыніча, Наталлі Пічужкінай і Ігара Комліка.

Ператрус цягнуўся каля шасці гадзін.

«У нас забралі фінансавыя дакументы, некалькі камп’ютараў, з іншых камп’ютараў забралі жорсткія дыскі. Прычым я прапаноўваў сілавікам аддаць фінансавыя дакументы адразу, каб не грамілі офіс, але яны сказалі, што будуць шукаць наркотыкі і зброю, — кажа Белякоў. — Дзверы ў кабінет Комліка зламалі, бо не было ключа ад іх…»

Лідара прафсаюза Генадзя Фядыніча затрымалі раніцай дома.

На допыт забраны таксама Мікалай Герасіменка, прэс-сакратар РЭП.

Затрыманая таксама былая рэдактарка сайта praca-by.info Наталля Пічужкіна.

Ёсць інфармацыя, што сілавікі шукаюць галоўнага бухгалтара прафсаюза Ігара Комліка.

Ператрусы прайшлі і ў кватэрах Фядыніча, Комліка і Пічужкінай.

Старшыня Беларускага кангрэса незалежных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук на дадзены момант знаходзіцца ў Дэпартаменце фінансавых расследаванняў, хутчэй за ўсё, на допыце.

«Яму раніцай тэлефанавалі з ДФР, «запрашалі», але ён адмовіўся ехаць без позвы. Тады прывезлі позву, — паведаміў «Нашай Ніве» Сяргей Антусевіч, намеснік Ярашука. — Я думаю, што яго не будуць затрымліваць — каб была распачата крымінальная справа супраць яго, то ўзялі б адразу дома».

Акрамя таго амаль адначасова з вобшукам у Мінску прайшоў ператрус і ў Салігорску. Каля 10 раніцы сілавікі прыйшлі ў офіс Беларускага Незалежнага прафсаюза, там работнікамі фінансавай міліцыі быў праведзены ператрус. Пры панятых быў складзены пратакол ператрусу і канфіскаваная аргтэхніка, якая знаходзіцца ў офісе (ноўтбукі і цвёрдыя дыскі стацыянарных камп'ютараў).

Ператрус праводзіўся ў парадку заведзенай крымінальнай справы. Што за справа, супрацоўнікі ДФР не пазначылі, спаслаўшыся на таямніцу следства. З пастановай пра ператрус і неразгалошванні быў азнаёмлены пад подпіс старшыня БНП Мікалай Зімін.

Пасля офіса, ператрусы правялі ў кватэрах Мікалая Зіміна і сакратара-скарбніка БНП Сняжаны Грынцэвіч. Са слоў родных, цяпер іх забралі ў Мінск на допыт.

Фядынічу і Комліку пагражае да 7 гадоў

Камітэт дзяржкантролю апублікаваў прэс-рэліз, прысвечаны затрыманням і ператрусам у офісах незалежных прафсаюзаў, якія прайшлі 2 жніўня.

«Органамі фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю па фактах ухілення ад выплаты падаткаў распачата крымінальная справа ў дачыненні да кіраўнікоў аднаго з прафесійных саюзаў Рэспублікі Беларусь, якія не ўваходзяць у Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі, — паведамляе КДК. — У ходзе праверкі ўстаноўлена, што старшыня і галоўны бухгалтар прафсаюзнай арганізацыі з мэтай асабістага ўзбагачэння адкрылі ад імя прафсаюза рахункі ў замежных банках, на якія пастаянна паступалі буйныя сумы грашовых сродкаў (гаворка ідзе пра сотні тысяч даляраў ЗША)».

Пры гэтым службовыя асобы прафсаюза парушылі патрабаванне Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь аб неабходнасці атрымання спецыяльнага дазволу на адкрыццё рахункаў за мяжой, падкрэсліваюць сілавікі.

«Такім чынам яны спрабавалі схаваць факты атрымання за межамі нашай краіны даходаў і ўхіліцца ад выплаты падаткаў з гэтых даходаў. Атрыманыя грошы пераводзіліся ў наяўныя і перавозіліся ў рэспубліку, для чаго дадзеныя службовыя асобы рэгулярна выязджалі за межы краіны», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Распачата крымінальная справа супраць дваіх — Генадзя Фядыніча, старшыні прафсаюза, і Ігара Комліка, бухгалтара. Іх вінавацяць у нясплаце падаткаў у асабліва буйным памеры. Фядынічу і Комліку пагражае да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?