Спробы апраўдаць падзеі гвалтам з боку апазіцыі не вытрымліваюць праверкі храналогіяй.

У дзень выбараў 19 снежня, як толькі Плошча стала непазбежнасцю, беларуская ўлада вярнулася да звыклага алгарытму дзеяння — «ташчыць і не пушчаць».

Спачатку заблакавалі інтэрнэт, з gmail-ам і фэйсбукам уключна. Адключылі і тэлефоны незалежных назіральнікаў.

І гэта ў дзень свабодных выбараў?

Пасля сілавікі перастараліся падчас выканання загаду «забраць гукаўзмацненне любым коштам». Някляеў, адзін з асноўных кандыдатаў у прэзідэнты, у непрытомным стане трапіў у шпіталь.

Стала ясна, што

сцэнар кіраванай дэмакратыі парушаны.

Пасля,

калі апазіцыя аказалася досыць вытрывалай і даставіла-такі гукаўзмацненне на Плошчу, а пасля і прывяла некалькі дзясяткаў тысяч людзей пад ЦВК, ва ўладаў зусім здалі нервы.
Яны захацелі справакаваць мітынгоўцаў на гвалтоўныя дзеянні. Не ўдалося. Тым не менш, рэакцыя была такая, нібыта ў краіне адбываецца ўзброены пераварот.

На вачах у назіральнікаў некалькі сотняў спецназаўцаў рассеклі і зачысцілі Плошчу, а замежныя дыпламаты, падабраўшы полы, ледзьве паспелі схавацца ў гатэль «Мінск».

Затое назіральнікам на ўчастках у 90% выпадкаў — паведамляе Рух за Свабоду — не дазволілі назіраць за падлікам галасоў.

Пасля гэтага

Ярмошына назвала лічбу 79% за Лукашэнку. І — якое супадзенне — а той сама 3-й гадзіне ранку, калі яна выступала перад журналістамі, спецназ захапіў штаб-кватэру назірання за выбарамі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
Прынамсі, чатыры кандыдаты ў прэзідэнты жорстка збітыя. Прынамсі, шэсць кандыдатаў затрыманыя.

Прычым

спробы апраўдаць падзеі нібыта гвалтам з боку апазіцыі не вытрымліваюць праверкі храналогіяй.
Інтэрнэт вырубілі за чатыры гадзіны да збору Плошчы і за сем гадзін да інцыдэнта каля Дома ўрада. Някляева збілі на горкі яблык за гадзіну да Плошчы. А каля самога Дома ўрада ў часе інцыдэнта — які на Плошчы мала хто і заўважыў — працягваўся спакойны мітынг. Гэтую перамогу элегантнай дакладна не назавуць.
Тры абяцаныя мільярды еўра ад Сікорскага пабітыя чатырма рэальнымі мільярдамі даляраў ад Мядзведзева.
Многія чакалі трыумфу кіраванай дэмакратыі, а замест гэтага пабачылі вяртанне дыктатуры, абапертай на амонаўскія шчыты.

Апазіцыя была разрозненая, Захад гатовы заплюшчваць вочы, а Расія вярнулася ў ролю спонсара. У гэтай сітуацыі перамога здавалася гарантаванай, але яна аказалася самай тапорнай з перамог Лукашэнкі. Ён застаўся кіраваць. Кіраваць старымі метадамі. Як умее.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?