Мая Абромчык у жыцці яшчэ больш далікатная дзяўчына, чым выглядае на фотаздымках. Усміхаецца, але, аднаўляючыся пасля аперацыяў, вымушана кульгаць. Такой бы дарыць кветкі, а даводзіцца задаваць нялёгкія пытанні. Нядаўна па факце збіцця спецназаўцамі 21-гадовай студэнткі распачалі крымінальную справу.

— Што з тваёй скаргай, якую ты накіравала ў пракуратуру?

— Нядаўна адтуль прыйшоў адказ аб завядзенні крымінальнай справы паводле артыкула 155 КК РБ (прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў па неасцярожнасці). З іх боку гэта, вядома, кампрамісны варыянт. Я прасіла ў дачыненні да спецназаўцаў распачаць справу паводле артыкула «перавышэнне службовых паўнамоцтваў».

Мне здаецца, ні пра якую неасцярожнасць тут не можа быць і гаворкі. Тым больш я — дзяўчына, а іх было трое.

Гэта значыць, ніякай неабходнасці біць ляжачую не было. Мы яшчэ будзем спрабаваць перакваліфікаваць артыкул.

У гэтай справе я настроеная ісці да канца. Буду выкарыстоўваць усе законныя метады, каб дамагчыся справядлівасці.

— Ведаю, што ты была незадаволеная працуючым з табою адвакатам.

— У мяне зараз новы адвакат. Да гэтага мы звярталіся да трох людзей, з адным досыць доўга прапрацавалі, але ні ён, ні іншыя нічым мне фактычна не дапамаглі. Зацікаўленасці ў справе ў іх не было.

Новага адваката нам дапамог знайсці Цэнтр прававой трансфармацыі. І ў адрозненне ад папярэдніх, яна адразу ж задалася ідэяй знайсці сведак, якіх супрацоўнікі міліцыі везлі разам са мной з Плошчы. Таму калі хтосьці мяне памятае, хай знойдзе мяне — буду вельмі ўдзячная.

Вельмі важны сведка — жанчына сталага веку, якая сядзела са мной у двухмеснай камеры ў аўтазаку. Яна бачыла мяне адразу пасля збіцця, бачыла, што нага моцна ацякла, што косткі зрушаныя.

Яна патрабавала ў супрацоўнікаў выклікаць для мяне хуткую дапамогу, але яны не рэагавалі.

З размовы паміж гэтай жанчынай і міліцыянерам я зразумела, што яна затрымлівалася на такіх мерапрыемствах не ўпершыню. Спадзяюся, яна не пабаіцца выступіць сведкай па маёй справе.

Яшчэ хацелася б знайсці відавочцаў, якія бачылі, як мяне ў міліцэйскай машыне аглядаў доктар.

Буду вельмі ўдзячная ўсім адважным і сумленным людзям, хто адгукнецца.

— Як прайшла нядаўняя паўторная аперацыя на назе?

— З перабітай косткі галёнкі дасталі толькі адзін ужыўлены металічны цвік.

Калі дастануць астатнія тры цвікі і металічныя штыры — дакладна невядома. Трэцюю аперацыю павінны зрабіць на працягу паўгода.

— Гэта будзе апошняя аперацыя на назе?

— Як вырашаць лекары. Не ведаю, ці будуць усё адразу даставаць, ці па чарзе.

Пералом быў цяжкім, але павінна сказаць, дактары ўсё зрабілі якасна, склалі раздробненую костку. Цяпер справа за часам. Костка зрастаецца правільна.

Як будзе далей — не ведаю. Магчыма, буду кульгаць, але, спадзяюся, усё скончыцца добра.

— Ці магла б ты яшчэ раз прыгадаць той вечар 19 снежня?

— Мы спакойна сыходзілі з плошчы Незалежнасці ў бок вуліцы Валадарскага. Нас было чацвёра: я, два хлопцы і яшчэ адна дзяўчына. Раптам на скрыжаванні праспекта і вуліцы Валадарскага спецназаўцы з стаяўшага там ачаплення сталі нас акружаць. Мы разгубіліся, было відаць, што яны настроены агрэсіўна: крычалі нешта накшталт «цяпер мы вам пакажам». Я ўзяла знаёмага за руку, а ён ад шоку пабег, я — за ім. Мы беглі праз двары, пакуль не ўперліся ў тупік.

Спыніліся там у разгубленасці. І тут я ўбачыла, што за намі бяжыць хвост з пяці спецназаўцаў. У тым жа двары побач стаялі хлопец і дзяўчына — двое накінуліся на іх, а трое падбеглі і абкружылі нас. Без прад’яўлення якіх-небудзь абвінавачванняў, сталі біць майго знаёмага дубінкай па галаве.

Я паспрабавала іх супакоіць, папрасіла: «Не біце яго, калі ласка».

І тады той жа спецназавец, які біў знаёмага, стаў біць мяне. Не ведаю чаму. Напэўна, хацеў паказаць, што не трэба заступацца.

Што было потым, я памятаю дрэнна.

Здаецца, спецназавец двойчы ўдарыў мяне дубінкай па назе. Я звалілася. Затым ужо ляжачую ён ударыў мяне яшчэ раз, а можа і некалькі.

Калі біў, казаў, каб я ішла ў машыну — а як я пайду, калі мяне б’юць?! Потым, калі паспрабавала ўстаць, аказалася, што я не магу ісці. Знаёмы панёс мяне ў міліцэйскі мікрааўтобус на руках.

— Ты запомніла асобы гэтых спецназаўцаў?

— Усё, што адбывалася, я памятаю не вельмі добра. Выразна запомніла толькі, што на іх была чорная форма, што яны мелі шчыты.

І яшчэ запомніла вочы таго, хто мяне біў. На твары ў яго была шчацінне. Яму недзе ад 20 да 27 гадоў, і ён быў не такі вялізны і шыракаплечы, як звычайныя спецназаўцы.

Як я ўжо казала, мне вельмі важна знайсці сведак, якія ехалі са мной у адным аўтазаку. Гэтыя людзі маглі бачыць, як мяне прымушалі ісці ў той час, як я адчувала невыносны боль і крычала. Магчыма, нас затрымлівалі адны і тыя ж супрацоўнікі міліцыі, і я здолею хутчэй знайсці вінаватых.

Нягледзячы на ўсе просьбы, мяне даставілі з пераламанай нагой у лякарню толькі дзесьці гадзіны праз тры. Мне падалося, што гэты час ішло вельмі доўга. Я ледзь не страціла прытомнасць.

Міліцыянты рэагавалі неяк дзіўна: казалі, што ногі проста так не ламаюць.

— У цябе потым хто-небудзь папрасіў прабачэння з міліцыі?

— (Іранічна ўсміхаецца) Ведаеце, калі мяне перавезлі ў шпіталь, там таксама была вельмі цяжкая абстаноўка. Медперсанал, мабыць, быў у шоку, таму на мяне рэагавалі дзіўна: спрабавалі адчытаць, казалі, што нельга было ісці на Плошчу. Зразумела, што яны былі ў шоку. Хтосьці думаў нават, што я п’яная. Але я іх не асуджаю.

Міліцыянт, які дзяжурыў у бальніцы, чыста па-чалавечы пацікавіўся ў мяне, што здарылася. Сказаў, што мне абавязкова трэба падаваць скаргу на перавышэнне спецназаўцамі службовых паўнамоцтваў.

Праз дзень пасля аперацыі да мяне ў палату прыходзілі нейкія следчыя. Яны былі ў цывільным, пасведчанні паказалі чалавеку, які знаходзіўся каля мяне, таму іх прозвішчаў я не ведаю. Яны ўзялі ў мяне тлумачальную і хутка сышлі.

— Як да таго, што здарылася з табой. паставіліся аднакурснікі і выкладчыкі?

— Усё мяне падтрымлівалі. Некаторыя выкладчыкі прыходзілі да мяне ў бальніцу, некаторыя перадавалі словы падтрымкі праз аднагрупнікаў.

— Якая рэакцыя была ў бацькоў?

— Спачатку я баялася ім тэлефанаваць, але потым зразумела, што адна я ў гэтай сітуацыі не спраўлюся. Калі лекары паведамілі, што аперацыя непазбежная, я ім усё распавяла.

Для бацькоў гэта была вельмі складаная сітуацыя. Яны не ведалі, чаго чакаць далей, магчыма,

яны знаходзяцца ў шоку да гэтага часу.

Мае бацькі былі апалітычным людзьмі, ніколі не цікавіліся падзеямі ў нашай краіне так, як цікавяцца цяпер.

— Можна сказаць, што ты ўжо адышла ад тых падзеяў?

— Унутры яшчэ нешта засталося. Пра тое, што адбылося, казаць цяжка. Імкнуся пакінуць гэта ўбаку, таму што я доўга была ў лякарні і ляжала дома. Выпала, можна сказаць, з соцыюму. З-за зацягнуўшагася бальнічнага на гістфаку БДУ

перавялася з 4 курса дзённага аддзялення на 5 курс завочнага — гэта таксама не спрыяе кантактам з людзьмі.
Але я веру ў лепшае, спадзяюся, што ўсё будзе добра.

— Наколькі я ведаю, многія табе матэрыяльна дапамагалі.

— Так, была сабраная сума каля 4 млн, але дакладную лічбу я падлічыць не магу. Грошы пайшлі на аднаўленне пасля перанесенай траўмы, на юрыдычную дапамогу. У маіх бацькоў у Ганцавічах вельмі маленькія заробкі, а я страціла магчымасць атрымліваць стыпендыю і падзарабляць, як гэта было раней.

Таму гэтыя грошы нам вельмі дапамаглі.

Я не ведаю імёнаў людзей, якія пералічвалі грошы на рахунак. Але, напрыклад, адзін чалавек з Светлагорска дапамагаў грашыма некалькі месяцаў запар і дапамагае да гэтага часу. Яшчэ адна жанчына на форуме напісала, што паклала мне на рахунак на лячэнне 200 даляраў. З юрыдычнымі пытаннямі дапамаглі праваабаронцы з Цэнтра прававой трансфармацыі і «Вясны». Дапамагалі мінскія прадпрымальнікі і такія арганізацыі як «Салідарнасць», БНФ, кампанія «Гавары праўду!».

Я хацела б падзякаваць людзям, якія прыходзілі да мяне ў бальніцу, якія дапамагалі матэрыяльна.

У палату прыходзіла шмат знаёмых і зусім незнаёмых людзей. Я нават здзівілася, што столькім людзям неабыякавы мой лёс. У той час мне было вельмі цяжка. Я ніколі не думала, што так можна ставіцца да чалавека. Як гісторык я ведала, што падобнае ў свеце здаралася, але каб гэта адбылося з кімсьці побач або з табой…

Мне моцна дапамагалі ўжо тым, што прыходзілі, тэлефанавалі. Я зразумела, што ёсць добрыя людзі, што ёсць дзеля чаго жыць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?