Гэтыя кадры, нібы ў запаволенай здымцы, зафіксавалі два затрыманні на вуліцах Мінска. Схема тая самая: спецназаўцы выбіраюць аб'ект і з ухмылачкамі кідаюцца на яго ўдвох-учацвярох. Усяго ўвечары 22 чэрвеня ў Беларусі затрымалі каля 440 чалавек, з іх не менш за 200 — у сталіцы.

У чатырох дзясятках гарадоў людзі выходзяць на цэнтральныя плошчы кожную сераду, а 19-й і проста гуляюць. У Мінску далучыліся аўтамабілісты. Яны прыязджаюць у цэнтр і сігналяць. Людзі патрабуюць палітычных і эканамічных перамен.

Ідэя такой незвычайнай формы пратэсту нарадзілася ў сацыяльных сетках.

Калі нехта выходзіць з лозунгамі, яго адразу ж хапаюць. Таму інтэрнаўты прыдумалі: проста выходзіць і гуляць.

Першыя акцыі СМІ, у тым ліку і «Наша Ніва», нават не заўважылі.

Заклікі на іх распаўсюджваліся толькі ў сацыяльных сетках, а выходзіла на плошчы пара дзясяткаў людзей.

Аднак ідэя спадабалася сваёй простасцю. І 15 чэрвеня ў цэнтр Мінска высыпала столькі людзей, што напалоханыя ўлады закрылі для выхаду станцыі метро «Купалаўская» і «Кастрычніцкая» і заблакавалі турнікетамі плошчы Кастрычніцкую і Свабоды. Усё марна: людзі мірна весяліліся на тратуарах.

22 чэрвеня колькасць пратэстоўцаў ізноў вырасла як у Мінску, так і ў Брэсце, Гомелі, шэрагу іншых гарадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?