Сёлета Полацк адзначае круглую дату і цяпер рыхтуецца добра яе адсвяткаваць. Юбілейныя ўрачыстасці працягнуцца амаль два тыдні — да 5 чэрвеня. Для жыхароў і гасцей горада запланаваная шырокая святочная праграма.
24 мая з плошчы Францыска Скарыны стартаваў велапрабег пад назвай "Ад Полацка пачаўся свет", які пройдзе па гарадах Полацкага княства. У той самы дзень
у мікрараёне Аэрапорт адкрыўся помнік дойліду Іаану,які жыў у XII ст. Менавіта ён на замову Ефрасінні Полацкай пабудаваў адзін з найстарэйшых будынкаў, што захаваліся на тэрыторыі Беларусі, - Спаса-Праабражэнскую царкву.
25 мая на Дзвіне пачнецца буйнамаштабнае водна-спартыўнае свята. У шоу возьмуць удзел водналыжнікі і байдарачнікі. Чакаецца паказальнае выступленне МНС і парашутыстаў, а таксама шэйпінгу і аздараўленчай гімнастыкі. Мерапрыемства плануе наведаць кіраўнік дзяржавы.
25 мая да 18.00, у алеі па праспекце Скарыны працуе кірмаш рамёстваў "Крывіцкі кірмаш". Тут будуць разгорнутыя тэматычныя пляцоўкі традыцыйных беларускіх рамёстваў -- саломапляцення, лазапляцення, ткацтва, вышыўкі, ганчарства, шыцця з абрэзкаў тканіны. Ад скрыжавання алеі з вул. Свярдлова да памятнага знака "Цэнтр Еўропы" сваё майстэрства прадэманструюць каля 300 рамеснікаў, якія не толькі прапануюць сувенірную прадукцыю або карысныя ў гаспадарцы рэчы, але і правядуць майстар-класы па іх вырабе. Плануецца прыезд майстроў з Расіі, Латвіі, Літвы. Побач будзе размешчаная прадукцыя беларускіх кулінараў.
Разынкай кірмашу стане дэманстрацыя палатна "Полацкі абярэг" агульнай плошчай 99 кв.м, у стварэнні якога ўдзельнічалі больш за 300 майстроў з 15 краін свету.
25 мая ў 18.00 у ДДК "Полацк-Шкловалакно" пачнецца прэм'ера спектакля "Рагнеда", прысвечанага першым старонкам летапіснай гісторыі Полацка.
24-25 мая ў розных частках горада будзе размешчана некалькі канцэртных пляцовак, на якіх будуць выступаць мясцовыя этнаграфічныя калектывы і зоркі беларускай эстрады.
1-2 чэрвеня ў Полацку пройдзе фестываль сярэднявечнай культуры "Рубон", у рамках якога запланаваныя рыцарскія турніры, штурм умацаванага замка і выстава сярэднявечных рамёстваў.Паўдзельнічаць у ім прыедуць сябры рыцарскіх клубаў з 6 краін, у тым ліку з Расіі, Літвы, Латвіі, Польшчы і Чэхіі. Мерапрыемства разгорнецца на тэрыторыі парку кургана Бессмяротнасці. Батальная праграма фестывалю будзе ўключаць турніры па правілах ранняга і позняга Сярэднявечча, спаборніцтва лучнікаў, а таксама бугурт-групавую бітву пешых воінаў. Увечары першага дня адбудзецца вогненнае, а ўвечары другога - воднае шоу. Маленькіх гасцей прыцягне дзіцячая пляцоўка з сярэднявечнымі цацкамі і батлейка.
Цэнтральнай падзеяй "Рубона" стане штурм крэпасці з пяццю вежамі, якая будзе пабудаваная на месцы нядзейнага цяпер фантана. Паводле словаў рэжысёра фестывалю, Яўгеніі Кавалёвай, умацаванне будзе паўнавартаснай бярвеністай канструкцыяй, а працэс яго захопу будзе суправаджацца падпаламі, захопам палонных, нападам на абозы і іншымі відовішчнымі момантамі.
Музеі Полацка таксама абнаўляюць свае экспазіцыю да святкавання круглай даты. Так, Музей беларускага кнігадрукавання правядзе выставу "Полацк у выданнях XVIII--XX стагоддзяў", дзе будуць прадстаўленыя расійскія і беларускія выданні з матэрыяламі, прысвечанымі гораду-юбіляру. Сярод іх - рарытэтныя выданні, кнігі Ламаносава, Бяляева, многія з якіх будуць дэманстравацца шырокай публіцы ўпершыню.
Мастацкая галерэя Полацка, размешчаная ў корпусе былога езуіцкага калегіума, у юбілейныя дні арганізуе выставу "Майстэрня рэстаўратара сценапісу". На ёй
упершыню шырокай грамадскасці будзе прадстаўлены сценапіс, зняты рэстаўратарамі падчас работ у Спаса-Праабражэнскім храме і перанесены на новую аснову.Варта адзначыць, што частка фрэсак гэтага храма захавалася яшчэ з XII ст.!
У Музеі традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер'я будзе дэманстравацца калекцыя рэканструяваных беларускіх народных вясельных убораў з фондаў Лепельскага дома рамёстваў "Скарбонка".
Не абыдзеныя ўвагай і багатыя духоўныя традыцыі горада. Тут плануецца правесці міжнародную праваслаўную канферэнцыю з удзелам прадстаўнікоў гарадоў трох Святых Сафій - Ноўгарада, Кіева і Полацка. 2-3 чэрвеня ў 13.00 на пляцоўцы каля Сафійскага сабора будзе праходзіць свята званоў. А 5 чэрвеня, у дзень памяці святой Ефрасінні Полацкай, адбудзецца хросны ход і сумеснае богаслужэнне царкоўных іерархаў у Спаса-Праабражэнскім манастыры.
Спецыяльна да юбілею было таксама
распрацавана некалькі новых турыстычных маршрутаў.Асабліва арыгінальна гучыць канцэпцыя маршруту "Полацкае княства: дарогай продкаў", напоўненага гістарычнай экзотыкай і экстрымам. Ён уяўляе з сябе рэканструкцыю знакамітага воднага шляху "з варагаў у грэкі". Яго ўдзельнікам прапануецца сплаў на байдарках, падчас якога іх будзе чакаць шмат сюрпрызаў. Сярод іх - паляванне на маманта, пошукі папараць-кветкі, сярэднявечны баль і напад "злых" рыцараў-разбойнікаў. У выніку апошняга турысты трапяць у палон, з якога іх выратуюць сілы дабра ў асобе мясцовых рыцараў-палачан.
"Калі ў гасцей не атрымаецца паўдзельнічаць у гэтым маршруце ў святочныя дні, то на працягу ўсяго вяснова-восеньскага перыяду мы запрашаем узяць у ім удзел усіх ахвотных", - сказала начальнік аддзела па фізічнай культуры, спорце і турызме Полацкага гарадскога выканаўчага камітэта Галіна Кабяк.
Першая згадка Полацка ў летапісах адносіцца да 862 г., хоць археолагі ўпэўненыя, што селішча на яго месцы існавала яшчэ ў VII ст. да н.э. Традыцыйна гадавіна заснавання гарадоў адлічваецца з часоў першай згадкі ў пісьмовых крыніцах.