У сям’і з малым дзіцем і дзіцем-школьнікам было толькі 2 квіткі. Таму кантралёр паспрабавала аштрафаваць маці, але ёй перашкодзіў іншы пасажыр.

Як патлумачыў намеснік дырэктара па пасажырскіх перавозках аўтапарку № 6 Наваполацка Аляксандр Букатнеў, канфлікт пачаўся з таго, што кантралёрка праверыла талончыкі ў сям’і з чатырох чалавек. Гэта бачна на відэа: жанчына з дзіцём і мужчына з дзіцём на руках. У гэтай сям’і аказалася 2 пракампаставаныя талоны, і яшчэ адзін пракампаставаны ў іншым аўтобусе.

Аднаму дзіцяці відавочна менш за 7 гадоў, таму за яго плаціць не трэба. А вось другое дзіця старэйшае за 7 гадоў.

У Наваполацку школьнікі маюць права на бясплатны праезд са школы і ў школу, а падзеі адбываліся, а 22-й гадзіне вечара, таму, на думку кантралёра, сям’я мусіла прабіць не два, а тры талоны.
І за гэта кантралёрка спрабавала аштрафаваць. З таго і пачаўся канфлікт.

Сям’я спрабавала падаць справу так, нібы ў дарослых талоны ёсць, а школьніку не трэба. Кантралёрка Людміла Шахліна настойвала: трэба, і патрабавала аплаты. Яна пагражала сям’і не толькі штрафам, але і суткамі за праезд без аплаты.

Дарослыя памкнуліся да выхаду, а школьніка кантралёрка заціснула і не папускала. Гэта раз’ятрыла пасажыраў-спадарожнікаў. Адзін з іх схапіў кантралёрку за валасы і трымаў, пакуль сям’я не выскачыла. Іншыя пасажыры трымалі дзверы, каб парушальнікі маглі выскачыць.

Кантралёрка выклікала міліцыю, але сям’я збегла і іх міліцыя не злавіла. Тады Шахліна напісала на іх заяву ў міліцыю. Цяпер іх шукаюць на падставе роліка. А найбольшае пакаранне чакае «спагадлівага» спадарожніка.

Кантралёрка Шахліна славіцца ў Наваполацку сваёй настойлівасцю й бескампраміснасцю.

Калі б сітуацыя адбывалася ў мінскім аўтобусе, то праблемы не было б. Бо ў Мінску школьнікі маюць права на бясплатны праезд заўсёды, а па Беларусі — толькі са школы і ў школу.

Праезд у Наваполацку каштуе 1500 рублёў. Дарэчы, праезд у гарадскім транспарце ў Беларусі амаль цалкам субсідуецца з мясцовых бюджэтаў. Ён найтаннейшы ў Еўропе.

Шахліна працуе ў аўтапарку ўжо 15 гадоў, 6 з іх — кантралёрам. «На відэа яшчэ не ўсё ёсць, — ледзь не плача Людміла Шахліна. — Спачатку на мяне напаў мужчына, які сядзеў наперадзе, такі цемнавалосы, з разбітай губой. Мяне яшчэ і нагамі білі, на відэа гэтага няма».

* * *

Хлопца, які цягаў за валасы кандуктара ў Наваполацку, затрымалі. Яму пагражае да пяці гадоў. На яго распачалі крымінальную справу па артыкуле пра гвалт супраць чалавека, які выконвае службовыя абавязкі, паведамілі ў наваполацкай міліцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?