На Дзімітраўцы

 

Я адпрацаваў у майстэрні на Дзімітрава, 3 больш за дваццаць гадоў. Чвэрць стагодзьдзя. Гістарычная натуральнасьць гэтага куточку старога Менску цалкам захоўвалася ў той час, калі нам (на двух з Аляксеем Марачкіным) далі майстэрню ў гэтым доме. Як розумам, гэтак і сэрцам мы адчувалі незвычайнасьць мясьціны. Большая частка мастакоў-тубыльцаў адчувала гэта таксама. Яны добра ведалі гісторыю горада й з пашанаю ставіліся да ягоных памятак. Нават самых дробных.

Мы яшчэ засталі на Дзімітрава, 3 калярытную асобу, мастака-жывапісца Зянона Паўлоўскага, майстэрня якога была асаблівым асяродкам. Часьцяком да яго на чарку прыходзіў сьпявак Зінові Бабій ды многія тагачасныя дзеячы культуры.

Шмат гадоў давялося працаваць па суседзтву зь Яўгенам Ціхановічам — адным са старэйшых беларускіх мастакоў (зяцем Уладзіслава Галубка, чый клясычны партрэт ён і напісаў). Гэта быў нястомны апавядальнік, знаўца ўсёй даваеннай і ваеннай менскай гісторыі.

Ад скульптара Сяргея Адашкевіча, шчырага беларуса, высокаінтэлігетнага чалавека, мы шмат чулі пра ранейшае жыцьцё нашых майстэрняў і іхнага навакольля. У яго мы ўпершыню пабачылі старую даваенную мапу гэтае часткі горада.

Майстэрня, якую мы займалі, да нас належала жывапісцу Яўгену Красоўскаму. Менавіта тут раней зьбіраўся менскі жыдоўскі асяродак. Рэгулярна на каву да сп.Яўгена прыходзілі архітэктар Левін, які адным зь першых зьехаў у Ізраіль, і графік Капэлян.

Пэўны час у гэтай майстэрні працаваў і арыгінальны чалавек, мастак Аляксей Пятрухна.

На першым паверсе, пад намі, у былой майстэрні Зянона Паўлоўскага, падзяліўшы прастору на два пакоі, працавалі жывапісец Уладзімер Сулкоўскі й Анатоль Ткачонак — стары, кульгавы сьціплы чалавек і выкшталцоны мастак-акварэліст. Пасьля ад’езду зь Дзімітрава, 3 Адольфа Гугеля й Раісы Кудрэвіч — у пабудаваны за Машэравым дом для мастакоў па вуліцы Сурганава — іх майстэрню заняў Мікола Назарчук. Да гэтага часу ён працаваў разам з Алегам Казаком на першым паверсе, дзе затым уладкаваўся скульптар Аляксандар Шатэрнік. У ягонай майстэрні створана, між іншым, багата твораў, прысьвечаных дзеячам беларускае культуры. Сярод іх — мэмарыяльныя шыльды Міхасю Ткачову, Хведару Янкоўскаму, Кандрату Крапіву, Язэпу Драздовічу, Андрэю Макаёнку. І памятная шыльда «25 сакавіка» таксама...

Адразу ж, як мы засяліліся ў майстэрню, пачалося іншае, як нам здавалася, жыцьцё. Сьцены былі чыстыя, сьветлыя, пакой вольны. Гэта давала магчымасьць ладзіць выставы, вечарыны, абмеркаваньні. Немагчыма згадаць усяго, што адбывалася ў тыя гады. І ўсіх, з кім даводзілася тут сустракацца. Ад ансамблю «Харошкі» ў поўным складзе да дзяржаўных чыноўнікаў.

Сталымі гасьцямі былі тут мастацтвазаўца й этнограф Міхась Раманюк, філёзаф Уладзімер Конан, археоляг Міхась Чарняўскі, мастацтвазнаўца й фатограф Зянон Пазьняк, мастак-плякатыст Уладзімер Крукоўскі, гісторык Мікола Ермаловіч, мастачка Івонка Сурвілла, цяпер старшыня Рады БНР, пісьменьнік і мовазнаўца Фёдар Янкоўскі, чэскі беларусавед Вацлаў Жыдліцкі, дачка славутага мастака Фэрдынанда Рушчыца Барбара, мастачка й навуковец з Амэрыкі Галіна Русак, мастак зь Беласточчыны Лёнік Тарасэвіч.

Пераезд Аляксея Марачкіна ва ўласную майстэрню, каля вакзала, яшчэ больш разьняволіў гэтае месца. Тут стала праводзіцца шмат болей сустрэчаў. Тутака рыхтаваліся ўсе адраджэнскія выставы. Рэстаўраваліся карціны, маляваныя дываны, графічныя творы. Напрыклад, работы Сергіевіча, Сеўрука й Драздовіча...

Калі ўзьніклі праблемы зь месцам для сходак толькі ўтворанага БНФ, Дзімітраўка стала найбольш прыдатным месцам для іх...

І цэнтар гораду, і ўтульная ізаляванасьць. Я адчуваў, што мне ад Бога ня дадзена быць палітычным лідэрам. Таму, ахвяруючы сваёй майстэрняю, бачыў у тым найбольшы ўнёсак у агульную справу. Бадай, праз тое і сябры ня ймкнуліся перагружаць мяне шараговаю працай. Таму маляваць больш даводзілася ўжо ня тут, а дзе на вёсцы.

Нягледзячы на бурапеннае жыцьцё ў тых майстэрнях, застаецца й пачуцьцё незадаволенасьці. Адразу гэта цяжка ўсьвядоміць, зразумець. Побач заўсёды была разбуральная сіла. Яна была навокал. Яе прысутнасьць дэнэрвавала, стварала адчуваньне неўладкаванасьці, эфэмэрнасьці гэткага жыцьця. Мы ўсе гэтыя гады былі ў «падвешаным» стане, назіраючы з вокнаў майстэрняў, як брутальна нішчыцца навакольле.

Будынак майстэрняў быў адноўлены ў 1948 годзе. З таго часу ён больш не рамантаваўся. Зь цяжкасьцю даводзілася падтрымліваць тут нармальны стан памешканьняў. Тынк абсыпаўся, старыя трубы лопаліся, дах працякаў. Была, зь перабоямі, вада. А каналізацыі не было ніколі. Ваду выносілі вёдрамі. Нашыя намаганьні дабіцца капітальнага рамонту ад Саюзу мастакоў былі марнымі. Дом набываў усё больш нягеглы выгляд. Дадам, што мы штодня чакалі зносу гэтага будынку наогул. Бо быў татальны знос Нямігі, пасьля Замкавай...

Узьнікла калізія з перадачаю будынку майстэрняў пад сынагогу. Мастакі таксама спрычыніліся да таго, каб не вяртаць ужо менавіта гэты будынак вернікам. Бо ён набрыняў іншай памяцьцю. І найперш быў каштоўны жывым мастацкім асяродкам. Але не далі юдэям, не далі й нам.

Калі стала ясна, што Саюз нічога рамантаваць ня будзе, мы спрабавалі зрабіць гэта самі. Але перадусім трэ было прыватызаваць гэтыя майстэрні тым, хто ў іх працуе. Не далі. Мы сутыкнуліся з жорсткім супрацівам кіраўніцтва Саюзу. Пасьля былі розныя праекты рэканструцыі. Але далей не пайшло. Затое ўвесь квартал навокал быў тымчасам зьнесены. Мы не маўчалі. З нашых лістоў у абарону старой Дзімітраўкі, былой Вялікай Татарскай, Замкавай ды іншых вуліцаў, можна ўкласьці цэлы архіў. Але ўсё было марна.

Калі зьнясуць і гэты будынак і паставяць тут штосьці новае — ніколі ўжо не адновіцца тое асяродзьдзе, што йснавала тут больш як паўстагодзьдзя. Нам застаецца адно — абвесьціць прысуд тым, хто пераўтварае нашую памяць у суцэльную яму.

Віктар Маркавец


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0