У Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры (МАЦ) імя Ёханэса Рау адбыўся 2-і Дыспут «Партнэрства эканомікі і палітыкі ў эўрапейскіх трансфармацыйных працэсах: досвед зямлі Брандэнбург».

У форуме зь нямецкага боку прынялі ўдзел прэм’ер-міністар зямлі Брандэнбург Маціяс Плацэк, пасол Нямеччыны Гебхард Вайс, а таксама прадстаўнікі Фонду Фрыдрыха Эбэрта, Менскага МАЦ і Дортмундзкага міжнароднага адукацыйнага цэнтру Штэфан Хробат і Манфрэд Цабэль. Беларусь прадстаўлялі міністар замежных спраў Сяргей Мартынаў і Мітрапаліт Менскі і Слуцкі Філарэт. У залі прысутнічалі прадстаўнікі незалежнага грамадзтва, апазыцыйных партыяў і незалежных прафсаюзаў.

Нямецкія госьці адзначылі ролю Менскага міжнароднага адукацыйнага цэнтру імя Ёханэса Рау ў паглыбленьні міждзяржаўнага супрацоўніцтва. Падкрэсьлівалася, што Беларусь, дзякуючы геапалітычнаму становішчу, ня мае іншай альтэрнатывы, як ўзаемадзеяньне з краінамі Эўропы і Нямеччыны.

Прывітаўшы ўдзельнікаў форуму, Сяргей Мартынаў таксама адзначыў ролю МАЦ ва ўмацаваньні беларуска-нямецкіх адносінаў. Ён нагадаў, што міжнародныя ўзаемаадносіны між Беларусьсю і зямлёй Брандэнбург бяруць пачатак у часы існаваньня БССР і ГДР. Найбольш важным у міждзяржаўных стасунках накірункам сп. Мартынаў назваў дзеяньні па пераадоленьні наступстваў сумеснай трагічнай гісторыі двух краінаў.

«У Беларусі, дзе працэсы эканамічнай і палітычнай трансфармацыі працягваюцца, высока цэняць узаемаадносіны з Брандэнбургам» — заявіў С. Мартынаў.

Беларускі бок найперш цікавяць пытаньні падвышэньня энэргаэфэктыўнасьці і рэсурсазьберажэньня, стварэньня акцыянэрных і малых прадпрыемстваў. Надышоў час пашырэньня сфэраў прагматычнага супрацоўніцтва, таго, што нас робіць бліжэй, а не раз’ядноўвае, паведаміў міністар замежных спраў. Аднак тое магчыма толькі ў рамках адкрытага дыялёгу, які зьяўляецца нашмат больш эфэктыўным інструмэнтам на шляху пераадоленьня супярэчнасьцяў, чымся любыя санкцыі і абмежаваньні, падкрэсьліў міністар.

«Мы спадзяёмся, што ў працэсе пошуку новых шляхоў нашага ўзаемадзеяньня з Эўропай важны і прынцыповы ўклад зможа зрабіць менавіта Нямеччына» — дадаў С. Мартынаў.

Паводле яго словаў, Беларусь гатовая да супрацоўніцтва зь Нямеччынай ва ўсіх сфэрах, тым больш, што «абедзьве краіны ня маюць іншай альтэрнатывы».

Сямён Печанко

Здымкі Андрэя Лянкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0