У рамках інтэрнэт-праекта «Перахоп» сталічная міліцыя заклікае мінчан паведамляць аб кінутых у дварах аўтатранспартных сродках.

«Цяпер кожны ахвотны можа адправіць у „Твітэры“ для акаўнта @GUVD_Minsk паведамленне і фотаздымак такога прыпаркаванага навечна аўтамабіля. Апрацаваўшы ваш зварот, міліцыя перадасць яго непасрэднаму выканаўцу — мясцовым выканаўчым і распарадчым органам», — гаворыцца ў паведамленні ГУУС Мінгарвыканкама.

Праблема кінутых на вуліцы аўтамашын вострая для горада. Яны займаюць парковачныя месцы, перашкаджаюць праезду спецтранспарту і грамадзянскіх аўто, забруджваюць навакольнае асяроддзе і псуюць гарадскі пейзаж. Згодна з указам прэзідэнта ад 9 жніўня 2011 года № 348 «Аб мерах па арганізацыі збору, захоўвання транспартных сродкаў, якія не эксплуатуюцца, і іх наступнай утылізацыі» размяшчэнне такіх машын забараняецца па-за ахоўнымі месцамі, інакш яны падлягаюць утылізацыі. Таму міліцыя, на якую ўскладзены абавязак прадстаўляць мясцовым выканаўчым і распарадчым органам звесткі аб уласніках (уладальніках) транспартных сродкаў, якія не эксплуатуюцца, і звярнулася да грамадзян з заклікам паведамляць аб месцазнаходжанні аўтахламу. Далей гэтая інфармацыя будзе накіроўвацца ў адміністрацыі раёнаў, што ў значнай ступені аблегчыць іх наступную працу па вызначэнні далейшага лёсу кінутай машыны.

«Запускаючы інтэрнэт-праект «Перахоп», мы папярэджвалі, што ён будзе шматгранным і карысным. Высокая ініцыятыва грамадзян па зборы і перадачы нам інфармацыі аб аўтахламе на вуліцах горада гэтаму пацвярджэнне, — расказвае аўтар праекта прэс-сакратар ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі. — У Мінску дастаткова аўтастарызны, якая займае і без таго дэфіцытныя парковачныя месцы. Мяркуючы па ўсім, нагрузка на ЖЭСы прыпадае каласальная, таму прыбраць аўтахлам без удзелу грамадзян не ўяўляецца магчымым. Міліцыя вырашыла ўмяшацца ў механізм ратавання горада ад кінутых машын і дапамагчы ЖЭСам, актывізаваўшы і заклікаўшы грамадзян паведамляць інфармацыю аб аўтахламе праз сацсеткі. Надалей гэтая інфармацыя будзе апрацавана і накіравана ў адміністрацыі раёнаў для інфармацыі. Таму я, як прадстаўнік мінскай міліцыі, зараней прыношу прабачэнні адміністрацыям раёна горада за той аб’ём працы, які будзе ім зададзены праз інтэрнэт-праект «Перахоп».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?