Ня ў прыклад менскім рэстаўрацыям, у Наваградку па ўсіх правілах аднаўляецца гатэль «Эўропа». Праўда, гарадзкія ўлады закамандавалі фірме‑будаўніку аднавіць за свой кошт яшчэ паўвуліцы.

У жніўні 2006 г. менскае навукова‑вытворчае аб’яднаньне «Эльвіра» выкупіла ў наваградзкага прадпрымальніка Ўладзімера Максімчыка будынак №3 па вул.Замкавай. Трохпавярховая камяніца ХVІІІ ст., былы гатэль «Эўропа», знаходзілася ў аварыйным стане. Кіруючыся высновамі экспэртаў, новы ўласьнік пастанавіў дэмантаваць будынак, каб пасьля аднавіць у колішнім выглядзе.

Гарадзкі квартал з камунікацыямі ў нагрузку

Адказным за рэканструкцыю прызначаны дырэктар «Эльвіры» Аляксандар Поткін, ураджэнец Наваградку. Паводле яго словаў, былы ўласьнік самавольна ажыцьцявіў перабудову унутраных канструкцыяў камяніцы: будынак меў разбураныя перакрыцьці, разабраную падлогу на другім паверсе, паздыманыя бэлькі, што надавалі жорсткасьць канструкцыі. Паўночную сьцяну выперла вонкі і яна пагражала абрынуцца. У пограбе адсутнічала пячное ацяпленьне, неабходнае для рэгулярнага прасушваньня падмуркаў. Экспэрты кампаніі «Інтэбудпраект» рэкамэндавалі разабраць будынак. Перад гэтым былі зробленыя ўсе неабходныя замеры, геалягічнае дасьледаваньне грунту, пачаліся археалягічныя раскопкі ля падмуркаў. Усё гэта патрабавала дазволу і зацьвярджэньня ў гарвыканкаме.

А.Поткін кажа, што ўлады не перашкаджаюць працы яго фірмы, ідуць насустрач. Аднак ад «Эльвіры» чакаюць хутчэйшага завяршэньня працы, а гэта немагчыма па некалькіх прычынах. Па‑першае, рэканструкцыя патрабуе грунтоўных археалягічных дасьледаваньняў, па‑другое, у часе ўзгадненьня ахоўнай зоны фірме прапанавалі адбудаваць яшчэ два аб’екты на вул.Замкавай — каб аднавіць участак гарадзкога ансамблю ў першапачатковым выглядзе. Каб падвесьці да будучага гатэлю неабходныя камунікацыі, фірме спатрэбіцца працягнуць газа‑ і водаправод на ўчастку прылягаючай вуліцы.

«Шмат часу і рэсурсаў адбірае і папяровая праца» — кажа сп.Поткін, паказваючы на паліцу, шчыльна застаўленую тэчкамі з дакумэнтамі. Часам, каб узгадніць, той ці іншы дакумэнт, даводзіцца ехаць ня толькі ў Наваградак, але і ў Ліду, і Горадню.

Знаходкі археоляга Собаля

Валянцін Собаль займаўся дасьледаваньнем падмуркаў наваградзкіх камяніц — былога гатэлю і суседняга, разбуранага ў часе вайны будынку, прапанаванага да аднаўленьня. У шурфах на глыбіні 2,2—2,4 м адшуканыя рэчы тысячагадовай даўніны, напрыклад, шкляныя бранзалеты ХІІ ст. «Тут, на адлегласьці паўкілямэтра ад замку, знаходзіліся пасадзкія паселішчы, нашмат старэйшыя за тую забудову, што цяпер плянуецца аднавіць. Пра гэта сьведчаць знойдзеныя парэшткі хатніх жывёлаў, аскепкі посуду», — распавядае В.Собаль. Ён адшукаў і рэшткі хаты ХVІ ст. з фрагмэтамі печы: «Кафля гербавая, быў бы час, можна было б даведацца, хто быў гаспадаром хаты». Археоляг лічыць, што на дасьледаваньні трэба больш часу. Усё залежыць ад цяперашніх гаспадароў — ці знойдуць яны грошы на гэта. У ідэале В.Собаль бачыць тут музэйную экспазыцыю, што магло б прыцягнуць яшчэ больш турыстаў.

За і супраць

Дырэктар «Эльвіры» А.Поткін лічыць, што ад рэканструкцыі будынку выйграюць усе — горад атрымае адноўлены квартал ды трохзоркавы гатэль. Ён пэўны, што яго фірма выконвае ўсе патрабаваньні закону аб ахове гістарычнай спадчыны. В.Собаль мае адзіную прэтэнзію да рэстаўратараў: разабралі падмуркі, якія можна было яшчэ ўмацаваць. У астатнім, кажа ён, усё магчымае было зроблена: «У часе дэмантажу былі зробленыя неабходныя замеры, частку найбольш трывалай цэглы, камінную і пячную кафлю, драўляную лесьвіцу, аконныя рамы захавалі, каб потым выкарыстаць ізноў». Галоўнае, лічыць сп.Собаль, нельга падганяць рэстаўратараў: «У нас жа часта бывае так — аблвыканкам вылучае сродкі і потым кантралюе, каб яны былі засвоеныя строга па графіку, не зважаючы на важнасьць гістарычнага аб’екту».

Новага гатэлю ў Наваградку чакаюць супрацоўнікі адзінай тут турфірмы. На іх думку, мясцовы гатэль не адпавядае патрабаваньням замежнікаў. З гэтым нязгодная юрыст Вольга Кастрамінава, якая таксама паходзіць з Наваградку: «Навошта перабудоўваць гістарычны будынак, калі пяціпавярховы гатэль амаль заўсёды пусты». На думку Вольгі, будынак быў менавіта зьнесены, і для гэтага не было пільных прычынаў. Яна зьвярталася ў раённую ды абласную пракуратуры, але атрымала адказ пра законныя дзеяньні «Эльвіры». У адказе з раённай пракуратуры, у прыватнасьці, гаворыцца, што дазвол Мінкульту на правядзеньне супрацьаварыйных працаў быў выдадзены НВА «Эльвіра» ў сувязі з «узьніклай на аб’екце аварыйнай сытуацыяй для прадухіленьня далейшага разбурэньня будынку», а дэмантаж дахоўкі і аварыйных сьценаў адбываўся ў адпаведнасьці з нарматыўна‑тэхнічнай дакумэнтацыяй.

Наваградзкая гісторыя пакідае шэраг пытаньняў. Чаму будынак былога гатэлю быў даведзены да аварыйнага стану і ці пакараны вінаваты ў гэтым прадпрымальнік? У Наваградку гэта ня першая такая гісторыя: у 1999 г. мясцовы мэцэнат Пятро Сільвановіч узяўся аднавіць вятрак на Малой замкавай гары — былую надбрамную вежу. Скончылася сумна: вежа, якую памылі пажарныя машыны, развалілася. Прадпрымальніка не пакаралі.

Уладзімера Максімчыка двойчы выклікалі ў райвыканкам і загадвалі пачаць супрацьаварыйныя працы. Галоўны спэцыяліст аддзелу культуры Наваградзкага райвыканкаму Вячаслаў Лаўрышчук мяркуе, што Максімчык вінаваты часткова: «Будынак быў і да яго аварыйны, час над ім папрацаваў». Але пытаньне, навошта было разьбіраць унутраныя перакрыцьці, застаецца без адказу.

«Мы зьвяртаем увагу на вялікія гарады, тым часам спадчына нашых мястэчак і невялікіх гарадоў незаўважна гібее, а месцамі яна ня менш вартая, чым віцебская ці менская», — мяркуе гарадзенскі гісторык Янка Лялевіч. На яго думку, наваградзкі досьвед, у выпадку, калі падчас адбудовы сапраўды будуць ужытыя аўтэнтычныя кампанэнты ды захаваюцца ўсе парамэтры былога будынку, а таксама выкарыстаюць напоўніцу археалягічныя досьледы, будзе прыкладам для астатніх.

Сямён Печанко

Так выглядаў будынак былога гатэлю «Эўропа» ў Наваградку

Падмуркі «Эўропы». Будыначак справа — наваградзкая «пізанская вежа». Адхіленьне яго сьценаў складае 20 см. Уласьнікі такім хочуць яго захаваць

Макет забудовы. У цэнтры — адноўлены гатэль, зьлева і справа — будынкі, якая фірма мусіць аднавіць «у нагрузку».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0