У Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Я.Купалы 7 ліпеня адбыўся ўрачысты вечар, прысвечаны 125-годдзю з дня нараджэння народнага паэта.

«Янка Купала - любімы пясняр беларускага народа, - адзначыў, адкрываючы мерапрыемства, намеснік прэм'ер-міністра Аляксандр Косінец. - Гэта фенаменальная з'ява, якая з'явілася на нашай землі, нібыта спусціўшыся з нябёс».

Паводле слоў А.Косінца, паэт «зрабіў велізарны ўнёсак» у развіццё нацыянальнай культуры, «па-філасофску асэнсаваўшы тое, што адбываецца на нашай зямлі». Я.Купала здолеў падняць веру ў нацыянальную ідэю на пачатку XX стагоддзя, калі палітычная і эканамічная сітуацыя не дазваляла казаць, што існуе беларуская дзяржава, заўважыў віцэ-прэм'ер.

Як падкрэсліў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец, Я.Купала «заклаў асновы беларускай літаратуры і паказаў, падказаў свайму народу, што трэба рабіць, каб жыць лепей».

«Сведчаннем таму з'яўляецца тое, што ўжо не пытаюцца «А хто там iдзе?» (верш Я.Купалы. - БелаПАН), а адразу адказваюць - гэта ідуць беларусы. Таму што ў іх самыя прыгожыя, прыбраныя і чыстыя вуліцы, таму што ў іх так наладжана жыццё, што яны пастаянна імкнуцца наперад», - сказаў М.Чаргінец. На яго думку, мы святкуем дзень нараджэння Я.Купалы таму, што «народ паўстаў і перастаў называцца толькі насельніцтвам нейкага края: ён зрабіў сваю краіну суверэннай, дужай, незалежнай ва ўсіх адносінах».

М.Чаргінец прадставіў кнігу «Янка Купала» з бібліятэкі, створанай сёлета СПБ. Ён паведаміў, што першы экземпляр выдання быў накіраваны Аляксандру Лукашэнку. Апроч таго, М.Чаргінец уручыў кнігу А.Косінцу, Дзяржаўнаму літаратурнаму музею Я.Купалы і Купалаўскаму тэатру.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?