Пілотны праект стварэння завода па выкарыстанню і перапрацоўцы бытавых адходаў абмяркоўваўся 12 ліпеня на нарадзе ў прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Гэта пытанне мае выключна важнае значэнне як з пункту гледжання экалогіі, так і энергетыкі. У Беларусі прымаюцца меры па максімальнай эканоміі паліўна-энергетычных рэсурсаў і эфектыўнаму прымяненню альтэрнатыўных крыніц энергіі. Бытавыя адходы могуць паспяхова выкарыстоўвацца для вырабу другаснай сыравіны, выпрацоўкі электраэнергіі і цеплавой энергіі. Такая практыка існуе ў многіх краінах.
Кіраўніку дзяржавы быў прадстаўлены пілотны праект, які плануецца рэалізаваць у Брэсце. На цяперашнім этапе разглядаецца магчымасць выкарыстання самых сучасных тэхналогій, што прымяняюцца ў Заходняй Еўропе. Аднак у выпадку, калі беларускаму боку будуць прадстаўлены лепшыя варыянты, не выключана, што можа быць выкарыстаны вопыт і іншых краін.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: галоўныя патрабаванні пры распрацоўцы і ажыццяўленні праекта - гэта эканамічныя паказчыкі, кошт і надзейнасць абсталявання, эфектыўная і рэнтабельная работа такога прадпрыемства.
Прэзідэнт даручыў прыняць меры для змяншэння кошту будаўніцтва аб'екта. Як чакаецца, такія прадпрыемствы з цягам часу з'явяцца ва ўсіх абласных цэнтрах і ў сталіцы. Аляксандр Лукашэнка ўказаў на неабходнасць вывучыць пытанне арганізацыі ў далейшым у Беларусі серыйнай вытворчасці абсталявання, якое будзе прымяняцца на заводах па выкарыстанню і перапрацоўцы бытавых адходаў.
На нарадзе разгледжана магчымасць максімальнага прыцягнення замежных інвестыцый для рэалізацыі праекта.
У бліжэйшы час з улікам заўваг прэзідэнта першы пілотны праект будзе прапрацаваны і прадстаўлены кіраўніку дзяржавы на разгляд.





