Колькасць іншаземцаў у клубах па гульнявых відах спорту павінна быць абмежаваная, але гэтае пытанне павінна вырашацца індывідуальна для каманд, якія паказваюць вынікі на міжнародных спаборніцтвах, заявіў Аляксандр Лукашэнка 29 студзеня на нарадзе аб мерах дзяржаўнай падтрымкі спартыўных арганізацый.

«І следам запішыце яшчэ адно: ніводнага функцыянера замежнага ў клубах быць не павінна, накшталт трэнераў, другіх трэнераў, менеджараў і іншых. У нас сёння футбалісты і хакеісты ходзяць без справы, працу некаторыя просяць.
У нас што, сваіх няма? Але, канешне, напружваць, каб працавалі», — прыводзіць словы Лукашэнкі прэс-служба прэзідэнта. Пры гэтым ён удакладніў, што гэта не адносіцца да зборных каманд або, напрыклад, хакейнага клуба «Дынама» (Мінск), якія выступаюць на вышэйшым узроўні. Аднак, падкрэсліў афіцыйны лідар, і там неабходна максімальна прыцягваць айчынных спецыялістаў: «Наверсе галоўны трэнер, а да яго шлейф з чатырох-пяці сваіх трэнераў». Лукашэнка не выключыў, што «ў крайнім выпадку і для іншых клубаў дапушчальныя некаторыя выключэнні».
Старшыня Беларускай федэрацыі футбола Сяргей Румас выказаў апасенне, што абмежаванні ў частцы спонсарскай дапамогі і заработных плат могуць пайсці на шкоду клубам.
«Калі клуб знаходзіць крыніцы, знаходзіць спонсараў, няхай плаціць. Бо калі б БАТЭ не меў магчымасці прыцягваць спонсараў і атрымліваць добры бюджэт, хіба ён выйшаў бы ў групавы этап і так удала згуляў? Не, не было б гэтага, — адзначыў Румас. — Сёння ў дакументах прадстаўлена, што ў БАТЭ высокая зарплата — 225 млн. рублёў. Але нідзе няма зноскі, што 80% таго бонуса, які яны атрымалі за выхад у групавы этап, яны накіравалі на выплату ўзнагароджання. Гэта не бюджэтныя грошы. Без гэтага бонуса зарплата была б у тры разы ніжэйшая».

«Мы і не гаворым аб тым, што зарабілі за мяжой, і аб тым, што даў прыватнік, — заявіў Лукашэнка. — Калі ласка, БАТЭ гэта зарабіў.

Толькі трэба пры гэтым не забываць, што ёсць матэрыяльная база і дзіцяча-юнацкія спартыўныя школы — крыніца далейшага росту ў БАТЭ. Таму гэта таксама трэба бачыць. Але мы не супраць, няхай БАТЭ зарабляе».

Лукашэнка падкрэсліў, што гаворка ідзе аб стварэнні роўных умоў, а ўзровень зарплат павінен залежыць ад вынікаў: «Узровень заработнай платы не павінен удушыць усё жывое, але ён і не павінен быць праз край у спартсменаў і павінен залежаць у канчатковым ліку ад вынікаў. Таму выпрацуйце гэты бар’ер і пастаўце ўсіх у роўнае канкурэнтнае асяроддзе».

Беларускі кіраўнік даручыў перапрацаваць падыход да прызначэння рознага роду стыпендый спартсменам, у тым ліку пераможцам Алімпійскіх гульняў:
«Ён можа атрымліваць прэзідэнцкую стыпендыю, але павінен гэты вынік пацвярджаць на чэмпіянатах Еўропы і свету. Стыпендыя — гэта падтрымка, разлічаная на тых, у каго няма грошай, хто мае ў ёй патрэбу».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?