Кадр з аднаго з відэа, знятых Цесаком у Мінску.

Кадр з аднаго з відэа, знятых Цесаком у Мінску.

Як паведаміла прадстаўніца Следчага камітэта Юлія Ганчарова, на расіяніна і двух беларусаў сапраўды заведзена крымінальная справа па частцы 3 артыкула 339 КК — хуліганства.
Пакуль усе яны знаходзяцца ў ізалятары. Далейшая мера стрымання для іх будзе разглядацца.

Па словах Ганчаровай, беларусы падчас бойкі былі на баку Марцінкевіча.

Як стала вядома пазней, перастрэлка адбылася раніцай у чацвер 14 лютага ў двары мінскай клінікі «Новы зрок» на вуліцы Клумава, куды Цясак прыязджаў для правядзення аперацыі па карэкцыі зроку.

Здарэнне зафіксавалі відэкамеры ў двары клінікі.

Меркавана, у гэтай сутычцы Цесаку і ягоным спадарожнікам супрацьстаялі антыфашысты, фанаты «Партызана».

Здаецца, яны ведалі, што Цясак едзе ў Мінск. Гэта няцяжка: Цясак жыў вельмі публічна, кожны свой крок агучваў у інтэрнэце.

Як вынікае з відэазапісу, у двары клінікі паміж беларусамі і Цесаком і ягонай кампаніяй завязалася бойка. Беларусы біліся кулакамі. Цясак жа выхапіў траўматычны пісталет і адкрыў страляніну. Але, відаць, з прычыны нізкавокасці ён спудлаваў і параніў аднаго з тых, хто быў з ім.
Ахова клінікі выклікала міліцыю. Група прыехала вельмі аператыўна, за некалькі хвілін. Цесака затрымалі, хоць ён выкінуў пісталет і спрабаваў зрабіць выгляд, што нічога не разумее.

Дарэчы, дактары толькі пасля інфармацыі ў СМІ пра затрыманне Цесака зразумелі, чаму гэты незвычайны пацыент упарта дабіваўся, каб ягоную аперацыю сябры знялі на відэа.

Пацярпелы — 1983 года нараджэння. Ці сапраўды была гэта бойка з фанатамі футбольнага клуба «Партызан», Следчы камітэт такой інфармацыі не мае.

Марцінкевіча даставілі ў Партызанскі РУУС сталіцы.

Як паведамляецца на старонках Цесака ў сацыяльных сетках «Укантакце» і Твітар, ён усё яшчэ знаходзіцца пад вартай.
У панядзелак пракурор мусіць вызначыць, ці адпускаць Марцінкевіча пад падпіскай, ці пакідаць пад вартай.

Раней Цясак прыязджаў у Мінск, каб здымаць пазёрскія ролікі аб паляванні на педафілаў. Невядома, ці меў чарговы прыезд адначасова і такую мэту.

Максім Марцінкевіч, былы скінхэд, праславіўся сваімі расісцкімі выказваннямі. Мянушку «Цясак» атрымаў праз любоў да халоднай зброі. Уваходзіў у Народную нацыянальную партыю. Пасля стварыў сваё аб’яднанне скін-хэдаў«Фармат-18». Была забароненая як экстрэмісцкая.

Тры з паловай года адбыў у турме за «Распальванне нянавісці па нацыянальнай ці рэлігійнай прыкмеце».

Здымаў пастановачныя ролікі, дзе вешаў і разбіраў «таджыка», але аказалася, што гэта была проста ялавічына.

З арміі Цесака камісавалі, бо ён у першыя ж дні жорстка збіў саслужыўца-азербайджанца.

Цясак мае беларускія карані, таму нярэдка наведвае Мінск. Захапляецца чысцінёй беларускай сталіцы і мудрым кіраўніцтвам. У мінулым ён таксама шукаў і здымаў на відэа людзей, што носяць на вопратцы Пагоню ці бел-чырвона-белы сцяг.

Артыкул, па якім заведзена крымінальная справа, прадугледжвае пакаранне ў выглядзе абмежавання свабоды ад 2 да 5 гадоў альбо пазбаўленне свабоды ад 3 да 10 гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?