Эканамічныя ўлады ініцыююць значны рост тарыфаў на паслугі жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў 2014 годзе. З такой прапановай выступілі прадстаўнікі эканамічных ведамстваў у межах працы па падрыхтоўцы прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2014 год.

Памер пакрыцця насельніцтвам кошту жыллёва-камунальных паслуг (ЖКП) на працягу года плануецца давесці да ўзроўню не менш як 30%.

Мяркуецца, што рост тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі стане адной з мер па звязванні дадатковых грашовых даходаў насельніцтва. Паводле ацэнак ведамасных спецыялістаў, у 2013 годзе сярэдняя зарплата складзе 561 долар, а ў 2014-м — вырасце да 625 долараў.

Нагадаем, зацверджаная Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2011–2015 гады прадугледжвае, што ўзровень пакрыцця насельніцтвам расходаў на паслугі жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў 2015 годзе складзе не менш як 60%.

Як паведаміў у ліпені міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр Шорац падчас «прамой лініі» ў газеце «Звязда», цяпер насельніцтва пакрывае 16,3% кошту паслуг, што аказваюць жыллёва-камунальныя арганізацыі.

Раней Мінфін паведамляў, што па ўсім комплексе жыллёва-камунальных паслуг, уключаючы паслугі энергетыкаў (цеплазабеспячэнне ад цеплавых крыніц ДВА «Белэнэрга», а таксама газа- і электразабеспячэнне), насельніцтва ў 2012 годзе пакрывала прыкладна 22% ад расходаў.

Варта адзначыць, што да гэтага часу з’явілася прапанова, якая дазваляе не ўлічваць рост тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі пры разліку інфляцыі, якую эканамічныя ўлады плануюць у 2014 годзе знізіць.

«Уяўляецца магчымым вынесці змяненне гэтых тарыфаў за межы разлічанага органамі статыстыкі індэксу спажывецкіх цэн, які прымяняецца ў якасці паказчыку інфляцыі», — адзначыў першы намеснік дырэктара Навукова-даследчага эканамічнага інстытута (НДЭІ) Мінэканомікі Віктар Пінігін у сваім артыкуле, прысвечаным падрыхтоўцы прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2014 год і апублікаваным ў ліпеньскім нумары «Экономического бюллетеня», які выдае НДЭІ.

Миж тым беларускія эканамісты, апытаныя БелаПАН, мяркуюць, што выключаць пры разліку індэксу спажывецкіх коштаў дынаміку змянення тарыфаў на ЖКП некарэктна.

«Ва ўсіх краінах лічыцца, што індэкс спажывецкіх цэн — галоўны паказчык для адлюстравання кошту жыцця насельніцтва, бо ён заснаваны на спажывецкім кошыку. Калі мы з кошыка штосьці выключаем, інфляцыя перастае выконваць сваю ключавую функцыю — адлюстроўваць кошт жыцця», — мяркуе эканаміст Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Дзмітрый Крук.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?