Аляксандр Лукашэнка вызваліў ад пасады члена Цэнтрвыбаркама Антона Гушчына. Адпаведны ўказ быў падпісаны 17 верасня, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

Як патлумачыў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік, вызваленне ад пасады члена ЦВК Гушчына звязана з яго пераходам на пасаду старшыні Кобрынскага суда. «Паколькі ў судах разглядаюцца скаргі ўдзельнікаў выбарчага працэсу, то, напэўна, было б няправільна, калі б суддзя адначасова з’яўляўся і арганізатарам выбараў. Гушчын сам напісаў заяву аб складанні з сябе паўнамоцтваў члена ЦВК», — паведаміў ён.

Лазавік таксама адзначыў, што ў Цэнтрвыбаркаме Гушчын працаваў нядоўга — са снежня 2011 года, з’яўляючыся на той час першым намеснікам начальніка галоўнага ўпраўлення юстыцыі Брэсцкага аблвыканкама. «Ён зарэкамендаваў сябе дасведчаным юрыстам, добрым таварышам. Прызначэнне на пасаду суддзі было для яго жаданым», — сказаў ён.

Такім чынам, цяпер у Цэнтрвыбаркаме вакантныя два месцы.

Як паведамлялася раней, член ЦВК, начальнік аддзела па рабоце з кадрамі РУП «Мінск Крышталь» Святлана Хіневіч была забітая. Яе цела з множнымі колата-рэзанымі раненнямі было знойдзена 4 жніўня. Падазроны — раней не судзімы, жыў у адным пад’ездзе з загінулай. Мужчына з’яўляецца нарказалежным, ён узяты пад варту.

Заканадаўства прадугледжвае перапрызначэнне або пераабранне членаў ЦВК, якія выбылі з яго складу па тых ці іншых прычынах, але тэрміны правядення гэтай працэдуры не агавораныя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?