На золку 25 чэрвеня 1950 года войскі камуністычнай Паўночнай Карэі перайшлі 38-ю паралель. 28 чэрвеня яны ўзялі Сеул. 27 чэрвеня прэзідэнт ЗША Трумэн загадаў арміі і флоту дапамагчы Паўднёвай Карэі. Да канца жніўня сілы Паўднёвай Карэі і войскі Аб'яднаных Нацый, што прыйшлі ім на дапамогу, былі прыціснутыя да паўднёвага партовага горада Пусан. Пад іх кантролем засталося не больш за 10% тэрыторыі.

Але контратака сіл ААН пад Пусанам і дэсантная аперацыя ў Інчхоне, што пачалася 15 верасня, прымусілі войскі Кім Ір Сэна адступаць. 25 верасня быў вызвалены Сеул. 27 верасня Сталін на паседжанні Палітбюро крычаў пра некампетэнтнасць як паўночнакарэйскага рэжыму, так і савецкіх вайсковых дарадцаў. Да канца лістапада тэрыторыя камуністычнага рэжыму абмяжоўвалася невялікім пятачком на паўночным усходзе. І пятачок гэты імкліва сціскаўся. Яшчэ адзін націск – і ніколі б мы не даведаліся пра ідэі чучхе, а карэйцы не ведалі, што такое голад.

У авангардзе ААНаўскага наступу ішоў Х корпус, у склад якога ўваходзілі 1-я дывізія корпуса марской пяхоты і 3-я і 7-я пяхотныя дывізіі ЗША. Самае моцнае злучэнне – дывізія марской пяхоты.

Корпус уцягваецца ў даліну вадасховішча Чосін, з трох бакоў заціснутую гарамі. Марскія пехацінцы глядзяць на зоркі, якія нагадваюць ім срэбныя даляры. А на марскіх пехацінцаў з гор глядзяць 12 дывізій 9-й армейскай групы кітайскай Народнай добраахвотніцкай арміі.

Кітайцы – майстры маскіроўкі. Яны знаходзяцца ў Карэі з канца кастрычніка, і вораг пакуль не здагадваецца ні пра іхную прысутнасць, ні пра іхныя намеры. А намеры ў іх на дадзеным этапе – поўнае, да апошняга чалавека, вынішчэнне 1-й дывізіі. Таму яны не замінаюць яе аддзелам упаўзаць у пастку даліны Чосін.

Атака пачалася ўначы 27 лістапада. Адначасова з выбухамі і свістам куляў амерыканскія жаўнеры чулі голас з узмацняльніка: «Марскія пехацінцы, сёння вы памраце».

Самым страшным у той сітуацыі быў мароз. Даліну Чосін накрыў антыцыклон, што прыйшоў з Сібіры. Тэмпература ўпала да -37. Такое здараецца ў Карэі раз на 50 год.

Атрымаўшы гарачую ежу і адышоўшы на некалькі метраў ад раздачы, марпехі ўжо трымалі ў руках кавалкі лёду замест сняданку. А есці змерзлую ежу – просты шлях да дыярэі. Таму некаторыя проста нічога не елі.

Цёплых намётаў не было. Вопратка ад марозу не ратавала. Шкарпэткі прымярзалі да ботаў.

Амерыканскае камандаванне забяспечвала войскі па паветры. Хоць, канечне, разуменне «неабходнасці» штабнымі афіцэрамі ў Токіа і аточанымі марпехамі магло не супадаць. Аднойчы, адкрыўшы чарговы пакунак з «вялікай зямлі», байцы пабачылі, што ён цалкам забіты прэзерватывамі.

Узнікалі непаразуменні і іншага кшталту. Амерыканскія вайскоўцы, як і ўсе іх калегі па ўсім свеце, вельмі любяць шыфраваць. У тым ліку даваць боепрыпасам імёны прадуктаў харчавання. Так, міны для 60-мм мінамёта пазначаліся кодавай назвай «тутсі-ролз».

Тутсі-ролз – гэта такія папулярныя амерыканскія цукеркі. Яны маюць смак шакаладу і чымсьці нагадваюць нашы ірыскі, але больш мяккія.

І вось штаб войскаў ААН у Токіа атрымлівае паведамленне: марпехі з першай дывізіі патрабуюць даслаць ім тутсі-ролз. Магчыма, дэшыфравальнік стаміўся, і «наверх» паведамленне пайшло без перакладу «тутсі-ролз» на «60-мм міны». І да марпехаў ляціць транспарт, запоўнены цукеркамі.

Надзіва, тутсі-ролз для войскаў, якія гінулі на поўначы Карэі, былі паратункам. Яны былі ідэальнай ежай на марозе! 12 кітайскіх дывізій так і не здолелі знішчыць адну амерыканскую…

Дарэчы, камандуючы кітайскай 9-й армейскай групай у той вайне, генерал Сун Шылунь, стане адным з сямі кітайскіх генералаў, якія выступілі супраць увядзення ваеннага становішча ў маі 1989 г., калі на плошчы Цяньаньмэнь у кітайскай сталіцы сабраліся людзі, якія патрабавалі дэмакратычных пераменаў. У лісце, дасланым Цэнтральнай вайсковай радзе КНР, Сун Шылунь разам з іншымі казаў: «…мы, старыя салдаты, патрабуем наступнага: паколькі Народная Армія належыць народу, яна не можа выступаць супраць народа і тым больш забіваць народ. Ёй нельга дазваляць адкрываць агонь па людзях і выклікаць кровапраліцце. Каб не дапусціць пагаршэння сітуацыі, армія не павінная ўваходзіць у горад».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?