Рашэнне аб неабходнасці іх перагляду было прынятае ўчора на калегіі Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі, якая прайшла з удзелам усіх зацікаўленых бакоў.

Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Андрэй Кабякоў звярнуў увагу прысутных на вялікую колькасць скаргаў грамадзян з нагоды складаных працэдур узгаднення перапланіроўкі жылых памяшканняў. Ён нагадаў, што ў маі 2013 Савет Міністраў прыняў пастанову №384, якой быў канкрэтызаваны пералік работ, што адносяцца да перабудовы і перапланіроўкі. Такія працы патрабуюць распрацоўкі праектнай дакументацыі і атрымання ўзгаднення ў мясцовых выканаўчых органах. Дакумент сабраў разам усе патрабаванні што да пытанняў перапланіроўкі, аднак у той жа час пацягнуў цэлы шэраг праблемных момантаў.

Як зазначыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Валерый Міцкевіч, замест спрашчэння і павышэння празрыстасці гэтых працэдур мае месца іх ускладненне: уводзяцца новыя дзеянні, узгадненні, пашыраецца кола работ, якія патрабуюць дазволу выканкама і распрацоўкі праектнай дакументацыі.

«Людзі ўвесь час скардзяцца, што ўзгадненне перабудовы і перапланіроўкі шматэтапнае і заблытанае.

Даходзіць да таго, што ў кожным раёне Мінска можа дзейнічаць свой асаблівы парадак узгаднення. У выніку для атрымання неабходнага ўзгаднення нават па элементарных работах можна хадзіць па розных інстанцыях ледзь не паўгода», — сказаў Валерый Міцкевіч.

Ён падкрэсліў, што пераважная большасць праектных арганізацый адмаўляецца брацца за распрацоўку праектнай дакументацыі для дробных кватэрных работ. На яго думку, такая сітуацыя стварае спрыяльную глебу для пасярэднікаў, якія нажываюцца на распрацоўцы праектаў і іх узгадненні, а такім чынам, і для ўзнікнення карупцыйных праяваў.

Андрэй Кабякоў лічыць, што мусіць быць створаная гранічна простая і зразумелая для грамадзян сістэма.

«Павінныя быць стандартныя, выразныя патрабаванні да патрэбных работ. Не трэба ніякіх узгадненняў, але калі пасля выканання гэтых работ да цябе ўзнікнуць прэтэнзіі, высветліцца, што ты зрабіў перабудову з парушэннем патрабаванняў, — адказваеш на поўную катушку, — адзначыў кіраўнік Адміністрацыі. — Інакш мы ўсіх людзей у чэргі паставім».

«Так, ёсць тыя, хто ўсталёўвае басейны на апошнім паверсе, але каб змагацца з імі, мы прымушаем 95% добрапрыстойных грамадзян праходзіць гэтыя працэдуры», — дадаў Андрэй Кабякоў.

Ён таксама падкрэсліў, што спрашчэнне працэдур не павіннае тычыцца капітальных работ і тых дзеянняў, якія парушаюць бяспеку жыцця грамадзян.

Міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Шорац прызнаў, што праблема існуе, і адзначыў гатоўнасць ведамства працаваць над аптымізацыяй працэсаў.

У выніку дыскусіі прысутныя прыйшлі да высновы, што пастанову неабходна дапрацаваць, перагледзець колькасць працэдур і спрасціць парадак іх ажыццяўлення. На дапрацоўку пастановы адведзена два месяцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?