— Мне хацелася паказаць прыклад глыбокай культурнiцкай прысутнасцi Беларусi ў Еўропе, — так пачалася наша размова з Марыушам Машкевiчам. — Я называю «Трышчана» своеасаблiвым сертыфiкатам еўрапейскасцi Беларусi, сведчаннем неперарваных сувязяў Беларусi з Еўропай. Рукапiс беларускага «Трышчана» не можа быць даступны для ўсiх, паколькi з’яўляецца лiтаратурным помнiкам i знаходзiцца пад асаблiвай аховай. Таму я i вырашыў перадаць сваiм беларускiм сябрам факсiмiльнае выданне рукапiсу. Дзякую за дапамогу ў яго падрыхтоўцы Алеся Бразгунова i Надзею Старавойтаву.
«Напружанасць у беларуска‑польскiх адносiнах усё роўна захоўваецца»
— Яшчэ ў часы вашай працы ў Беларусi былi вiдавочнымi вашы асобыя, цёплыя адносiны да нашай краiны. Потым здарылася гiсторыя з вашым затрыманнем падчас мiнулагоднiх прэзiдэнцкiх выбараў. Вы былi на Кастрычнiцкай плошчы, калi ўлады разагналi намётавы лагер, i апынулiся ў СIЗА на Акрэсцiна. Чым тлумачыцца такая неабыякавасць, я сказала б, нават любоў да Беларусi? Можа, вы маеце беларускае паходжанне?
— Я думаю, што кожны чалавек, якi пэўны час жыве ў iншай краiне, прасякаецца яе гiсторыяй, культурай i не можа назiраць з боку за тымi працэсамi, якiя там адбываюцца. Што тычыцца майго паходжання, то асабiста мая сям’я не звязана з Беларуссю. Хаця прозвiшча Машкевiч, я чуў такое меркаванне, раскiдана памiж Вiльняй i Навагрудкам. Магчыма, хтосьцi з маiх продкаў i паходзiць з гэтых месцаў. А можа, мой род мае нейкiя адносiны да аўтара вядомых польска‑расiйскiх ваенных хронiк Самуэля Машкевiча. Дарэчы, нататкi ягонага сына Багуслава пра часы ўладарання ва Украiне князя Ерамiя Вiшнявецкага леглi ў аснову сусветна вядомага рамана Генрыка Сенкевiча «Агнём i мячом». Калi казаць сур’ёзна, то я вывучаў гiсторыю маёй сям’i i прыйшоў да высновы, што пасля паўстання Кастуся Калiноўскага 1863 года мае продкi выехалi з Польшчы ў Прусiю, уцяклi ад расiйскага царызму.
— Беларусь была не адзiнай дзяржавай, дзе вы працавалi ў якасцi амбасадара Польшчы. Iншыя краiны таксама моцна вас кранулi?
— Кiраўнiком польскай дыпмiсii я працаваў у Лiтве. За гэты час вывучыў лiтоўскую мову. У Беларусi беларускую мову вывучалi ўсе мае дзецi. Зараз старэйшы сын паступiў у Варшаўскi унiверсiтэт i працягвае вывучаць беларускую мову. Я лiчу, што i гiстарычна, i культурна Лiтва, Беларусь i Польшча звязаны настолькi цесна, што i сёння нельга раздзяляць нашыя народы.
— Аднак адносiны памiж афiцыйным Мiнскам i Варшавай апошнiм часам развiваюцца не самым лепшым чынам. Прыклад таму — гiсторыя з прыездам у Мiнск польскага амбасадара. Нягледзячы на тое, што Хенрык Лiцвiн атрымаў агрэман яшчэ ў студзенi 2006 года, у беларускую сталiцу ён прыехаў толькi напрыканцы верасня 2007 года…
— Польскi бок заўсёды iмкнуўся падтрымлiваць кантакты з Беларуссю. Аднак пры сённяшняй сiтуацыi ў вашай краiне, калi на афiцыйным узроўнi Польшча падаецца як вораг, рабiць гэта вельмi складана. Напэўна, для ўлады Лукашэнкi было б самым лепшым падарункам ад Польшчы — узвядзенне сцяны, закрыццё мяжы. I калi мы прапанавалi зрабiць бясплатныя вiзы для беларусаў са студзеня 2008 года, афiцыйны Мiнск успрыняў гэтую iнiцыятыву не радасна.
Пошук знешнiх ворагаў — гэта савецкi стыль кiравання, але я мяркую, што ў сучаснай Беларусi ўсё больш людзей не думаюць па‑савецкi, яны ведаюць, што Польшча — прыязная суседка Беларусi, што мы жадаем вашай краiне толькi дабрабыту i свабоды.
Тое, што ў Мiнск нарэшце прыехаў польскi амбасадар, добры знак. I я, дарэчы, падтрымлiваў гэтую пазiцыю, казаў, што амбасадар мусiць выехаць у Мiнск. Я лiчу, што кантакты пасла, у тым лiку i з прадстаўнiкамi беларускай улады, маюць вялiкае значэнне. Хенрык Лiцвiн — вопытны дыпламат i проста цудоўны чалавек. Аднак, на мой погляд, напружанасць у беларуска‑польскiх адносiнах усё роўна захоўваецца. I як яны будуць развiвацца далей, залежыць менавiта ад беларускага боку.
«Мяркую, у Беларусь я ўжо не ўязны»
— Спадар Машкевiч, нярэдка паслы краiн, акрэдытаваныя ў Беларусi, пасля вяртання на радзiму робяць добрую кар’еру. Вы, мяркуючы па тым, якую пасаду займаеце зараз, з iх лiку…
— Што тычыцца майго прафесiйнага росту, то… Калi напрыканцы 2002 года я вярнуўся ў Варшаву, ва ўладзе былi левыя, i я са сваiмi правымi поглядамi не зусiм, як кажуць, прыйшоўся да двара. У МЗС мне нiчога не прапаноўвалi, я таксама не праяўляў iнiцыятывы. Урэшце ўзяў бясплатны адпачынак, захоўваючы месца ў сiстэме МЗС, i заняўся сваiмi справамi. Арганiзаваў кансалтынгавую кампанiю, якая аказвала дапамогу польскiм фiрмам выйсцi на ўсходнееўрапейскi рынак. Праектаў было шмат, у тым лiку з Расiяй, Украiнай, Казахстанам, Беларуссю.
Таксама наша кампанiя займалася iнвестыцыйнымi праектамi, звязанымi з датацыямi Еўрасаюза. Мы вучылi польскiх прадпрымальнiкаў, прадстаўнiкоў дробнага i сярэдняга бiзнесу, як выкарыстоўваць гэтыя грошы, напiсалi шмат iнструкцый.
— Вы ўзгадалi праекты з Беларуссю…
— На жаль, нi адзiн з праектаў не ажыццявiўся, i таму сёння не хацелася б гаварыць аб гэтым. Я мяркую, што ў Беларусi спачатку павiнны адбыцца эканамiчныя рэформы, i ўжо тады можна будзе весцi канкрэтную размову пра прыцягванне еўрапейскiх iнвестыцый у Беларусь. Пакуль што ў Беларусь iдуць толькi расiйскiя iнвестыцыi, сур’ёзных заходнiх iнвестыцый у вашай эканомiцы няма.
— Спадар Марыуш, раскажыце, як усё ж такi вы апынулiся ў крэсле галоўнага дарадцы прэм’ер‑мiнiстра Польшчы?
— Я атрымаў такую прапанову ад самога Яраслава Качыньскага ў снежнi 2006 года. Ён прапанаваў дапамагаць яму ў развiццi дзяржаўных праграм, звязаных з падтрымкай дэмакратычных рухаў у краiнах Усходняй Еўропы. Мне падалося гэта цiкавым, i я пагадзiўся.
Зараз мы здзяйсняем шэраг праектаў у адносiнах да Украiны, краiн Сярэдняй Азii i Каўказа. Справа ў тым, што Польшча толькi два гады таму пачала фiнансаваць праграмы дапамогi, якiя кожная краiна Еўрасаюза абавязана рабiць. Але мы не хацелi працаваць па ўзору краiн Старой Еўропы, якiя ў асноўным фiнансуюць праекты, звязаныя з краiнамi Афрыкi. Нас цiкавяць у большай ступенi краiны‑суседкi i тыя краiны, з якiмi мы супрацоўнiчаем. Напрыклад, зараз мы пачынаем цiкавы праект, звязаны з еўрапеiзацыяй Украiны, яе iнтэграцыi ў Еўрасаюз. Гэта вельмi доўгая i складаная праца. Пры ўступленнi ў Еўрасаюз мяняецца ўсё — ад заканадаўчай базы да такой, здавалася б, дробязi, як пералiк i праштампоўка кароў. Польшча на гэта, дарэчы, патрацiла 15 гадоў… Я вось толькi ўчора вярнуўся з Украiны.
— А ў Беларусь пасля мiнулагоднiх сакавiцкiх падзей ездзiлi?
— Мяркую, што ў вашу краiну я ўжо не ўязны. У беларускую амбасаду за вiзай не звяртаўся, але ў прыватнай размове пасол Беларусi ў Варшаве сказаў, што гэта немагчыма. Дарэчы, раней мяне запрашалi на прыёмы ў беларускую амбасаду, пасля сакавiка 2006 года такiх запрашэнняў я ўжо не атрымлiваю.
— Вяртаючыся да мiнулагоднiх сакавiцкiх падзей, хачу даведацца, як усё ж такi адбылося ваша вызваленне? Пасля затрымання на Кастрычнiцкай плошчы вас кiнулi ў СIЗА, пасля вы трапiлi ў шпiталь. Што было далей?…
— У той час я не быў амбасадарам i прыехаў у Мiнск як звычайная асоба. Таму, калi мяне затрымалi, я не мог прад’явiць дыпламатычны пашпарт. У iзалятары мне стала дрэнна з сэрцам i мяне шпiталiзавалi ў 1‑ую клiнiчную бальнiцу Мiнска. (Дарэчы, яшчэ раз хачу сказаць вялiкi дзякуй беларускiм урачам за прафесiяналiзм i чуласць.) Каля майго бальнiчнага ложка i дзень, i ноч дзяжурылi мiлiцыянеры. А ў дзень выпiскi ля варот бальнiцы ўжо стаяў турэмны аўтамабiль «хуткай дапамогi», гатовы зноў адвесцi мяне ў СIЗА. Аднак у той жа час польскаму консулу прыйшло паведамленне з беларускага МЗС аб маiм вызваленнi.
Уражанняў ад тых трох дзён, што я правёў у беларускiм СIЗА, мне хапiла надоўга. Я адчуваў, што мне шыюць справу. Допыты следчых, на якiя мяне цягалi амаль увесь час, больш нагадвалi катаванне. Мне задавалi вельмi жорсткiя пытаннi, але я адмаўляўся на iх адказваць. Усе допыты запiсвалiся на вiдэакамеру. Калi я ўсё прааналiзаваў, то прыйшоў да высновы, што мяне хацелi пасадзiць на больш доўгi тэрмiн, i следчыя шукалi нагоды.
— Спадар Марыуш, у свой час у вас было шмат сяброў у Беларусi. Падтрымлiваеце з iмi сувязi?
— Трэць тэлефонных нумароў у маiм мабiльным — гэта беларускiя нумары. Шчыра скажу, вельмi хацелася б пабываць у Мiнску, у Беларусi. Я веру, што хутка гэта можна будзе здзейснiць. Я веру, што на працягу 10—15 гадоў Беларусь стане краiнай Еўрасаюза. Змяненнi павiнны адбывацца ў самой краiне, нiхто не прыйдзе i не дасць Беларусi дэмакратыю. Еўрапейская тоеснасць i вяртанне ў асяроддзе цывiлiзаваных краiн i народаў Еўропы — гэта на дадзены момант галоўная задача не толькi беларускай апазiцыi, але i iнтэлектуалаў, аўтарытэтных для грамадства асоб. Гэты працэс, на мой погляд, у вашай краiне iдзе. Я веру ў беларусаў, у iх патэнцыял.





