Адносіны Беларусі і ЕС перажываюць этап, падобны да «адлігі» 2008—2010 гадоў, аднак цяпер Брусель не ўскладае вялікіх спадзяванняў на беларуска-еўрапейскае супрацоўніцтва.

Такое меркаванне ў інтэрв'ю «Нямецкай хвалі» выказаў палітолаг Юрый Чавусаў.

Паводле яго слоў, электаральны цыкл перад прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі традыцыйна суправаджаецца некаторым пацяпленнем у адносінах з Захадам. На гэты раз чарговая «адліжная» фаза беларуска-еўрапейскіх адносін супала з расійска-украінскім канфліктам, дадаткова падштурхнуўшы Мінск і Брусэль насустрач адзін аднаму.

«Атрымаўся эфект, падобны да эфекту вайны ў Грузіі ў 2008 годзе, якая дала адмашку і для «Усходняга партнёрства», і для ўсёабдымнага дыялогу паміж афіцыйным Мінскам і Еўрасаюзам. Цяпер адбываецца тое ж самае, толькі, вядома, энтузіязму з боку Еўрасаюза менш», — кажа Ю. Чавусаў.

Гаворка ідзе пра тое, што вялікіх спадзяванняў на будучыню беларуска-еўрапейскіх адносін Брусэль зараз не ускладае, і ніхто з еўрапейскіх палітыкаў не будзе рызыкаваць сваёй персанальнай рэпутацыяй пры правядзенні палітыкі «размарозкі» адносінаў з Беларуссю.

Як лічыць Ю. Чавусаў, характэрная рыса цяперашняй «размарозкі» заключаецца ў тым, што яна не публічная - многае застаецца за кадрам і абмяркоўваецца кулуарна. Відавочна, што для Захаду пытанне вызвалення палітвязняў, перш за ўсё экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча, застаецца прынцыповым. Аднак далейшыя дзеянні бакоў сёння з'яўляюцца, хутчэй за ўсё, прадметам перамоваў.

У сувязі з гэтым Ю. Чавусаў звярнуў увагу на нядаўні візіт у Мінск прадстаўнічай міжведамаснай дэлегацыі з ЗША. Вядома, што амерыканцы сустрэліся з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасці і зрабілі дзяжурныя заявы аб неабходнасці вызвалення палітвязняў, аднак пра змест перамоў на афіцыйным узроўні інфармацыі практычна няма.

«Можна меркаваць, што вызваленне палітвязняў застаецца асноўным патрабаваннем, а перамовы вядуцца не пра тое, як вызваляць палітвязняў, а пра тое, што будзе пасля», — адзначае Ю. Чавусаў.

Верагодна, аналагічныя абмеркаванні цяпер вядуцца паміж прадстаўнікамі Мінска і Брусэля. Калі ў бліжэйшы час М.Статкевіч і іншыя палітвязні будуць вызваленыя, гэта будзе азначаць, што дамоўленасць наконт далейшых крокаў па збліжэнні была дасягнутая.

Зрэшты, парадак магчымых далейшых дзеянняў з боку ЕС больш-менш ясны. Як і ў 2008-2010 гадах, можа адбыцца часовае прыпыненне дзеяння санкцый, праз паўгода — паўторны разгляд гэтага пытання, падаўжэнне «замарозкі» санкцый і, магчыма, скарачэнне санкцыйных спісаў.

З'яўленне новых асоб у кіраўніцтве Еўрасаюза (Дональд Туск стане новым старшынёй Еўрапейскага савета, Федэрыка Магерыні - вярхоўным прадстаўніком ЕС па замежнай палітыцы і палітыцы бяспекі) наўрад ці паўплывае на еўрапейскую палітыку ў дачыненні Беларусі.

«Змест палітыкі, думаю, кардынальна не зменіцца. Для Еўрасаюза па-ранейшаму прыярытэтам будуць заставацца пытанні правоў чалавека, пытанні, якія ўваходзяць у змест «Усходняга партнёрства» і таго, што называецца ўсходняй палітыкай добрасуседства», — адзначыў Ю.Чавусаў.

Між тым нават цяперашняе пацяпленне адносінаў з Еўропай не падштурхне беларускія ўлады да ўдзелу ў праграме «Рэфорум».

«Рэфорум» - гэта кампанент таго, што ЕС называў «Еўрапейскім дыялогам аб мадэрнізацыі». І паколькі распрацоўка зместу гэтага праекта вялася без удзелу беларускай дзяржавы, на дзяржаўным узроўні ўдзельнічаць у гэтым праекце Беларусь не будзе «, — упэўнены Ю.Чавусаў.

З іншага боку, не выключана, што беларускія ўлады могуць узяць удзел у чымсьці, што ў будучыні прыйдзе на змену «Рэфоруму».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?