Уначы 26 кастрычніка Беларусь можа канчаткова перайсці на зімовы час па прыкладзе суседняй Расіі. Гэтае пытанне зараз знаходзіцца на разглядзе ў Савеце міністраў.

Канчатковае рашэнне пакуль не прынята, паведамілі TUT.BY у Дзяржстандарце.

Прыняцце ў РФ чарговага закона аб пераводзе гадзіннікаў не магло застацца незаўважаным у Беларусі, распавяла кіраўнік прэс-службы Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Тамара Бурдукевіч.

«Мы маем дастаткова цесныя эканамічныя і палітычныя сувязі з Расіяй, таму ў рэспубліцы цяпер абмяркоўваецца гэтае пытанне. Ці будуць унесены нейкія змены ў той часовы парадак, які мы прынялі ў 2011 годзе, пакуль невядома».

22 ліпеня Уладзімір Пуцін падпісаў закон, згодна з якім восенню 2014 года ў большасці суб'ектаў РФ гадзіннікі перавядуць на гадзіну назад, і ў далейшым сезонны перавод стрэлак ажыццяўляцца не будзе. Расіяне будуць жыць паводле зімовага часу.

Беларусь следам за Расіяй не пераводзіць стрэлкі з 2011 г.,

таму ў перыяд з канца кастрычніка па канец сакавіка розніца ў часе паміж Мінскам і Вільняй складае адну гадзіну, а паміж Мінскам і Варшавай (Берлінам, Рымам) — дзве гадзіны.

Калі Беларусь у кастрычніку пяройдзе на зімовы час, то розніца паміж Мінскам і Еўропай па канец сакавіка застанецца ў адну гадзіну.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0