Мікалай Снапкоў, фота Сяргея Зініна

Мікалай Снапкоў, фота Сяргея Зініна

Эканамічны рост у Беларусі прыкладна напалову залежыць ад Расіі, заявіў у інтэрв'ю БелаПАН міністр эканомікі Мікалай Снапкоў.

«Уплыў падзей у расійскай эканоміцы на беларускую — бясспрэчны. На гэты час наш ВУП прама або ўскосна напалову залежыць ад Расіі», — сказаў міністр. 

Пры гэтым ён адзначыў, што ў 2015 годзе дынаміка ВУП у Расіі наўрад ці істотна паўплывае на выкананне зацверджанага ў Беларусі прагнозу па тэмпах эканамічнага росту (на ўзроўні 0,2—0,7%). На думку Снапкова, нават у выпадку некаторага зніжэння ВУП Расіі ў наступным годзе попыт на беларускую прадукцыю будзе захоўвацца. «Ад такіх тавараў, як харчаванне і нафтапрадукты, якія мы сёння ў вялікім аб`ёме пастаўляем у Расію, адмаўляюцца ў апошнюю чаргу. Таму мы не чакаем зніжэння экспарту гэтых тавараў у Расію», — сказаў міністр. 

Экспарт прадукцыі беларускага машынабудавання ў наступным годзе таксама не павінен знізіцца, лічыць Снапкоў.

«Што да экспарту нашых інвестыцыйных тавараў (найперш прадукцыі машынабудавання), то ён, паводле нашых ацэнак, ужо дасягнуў ніжняй адзнакі. Мы мяркуем, што інвестыцыйны экспарт у фізічным выражэнні захаваецца ў 2015-м, як мінімум, на ўзроўні гэтага года», — сказаў кіраўнік Мінэканомікі. 

З улікам пералічаных фактараў, дадаў ён, «мы не схільныя ўвязваць магчымасці нашага эканамічнага росту ў наступным годзе з параметрамі ў Расіі». «Зніжэнне ВУП у Расіі, калі і адбудзецца ў 2015 годзе, наўрад ці будзе вялікім», — адзначыў Снапкоў. 

Паводле яго слоў, «адзін з галоўных фактараў, які ўплывае на сітуацыю ў Расіі, — цана на нафту». «Калі цана на нафту будзе не ніжэйшай за 80 даляраў за барэль, такі ўзровень для Расіі і для нашай эканомікі будзе камфортным», — сказаў міністр эканомікі. 

Пры гэтым ён удакладніў: зніжэнне цэн на нафту ніжэй за гэты ўзровень непажаданае, бо вядзе да некаторага некрытычнага памяншэння станоўчага сальда ў гандлі нафтай і нафтапрадуктамі. «Калі гаварыць аб уплыве гэтага фактару (цэн на нафту) на нашу краіну, то зніжэнне цэн на нафту на 1 долар азначае для нас памяншэнне на 20 мільёнаў долараў сальда ў гандлі нафтай і нафтапрадуктамі ў гадавым вымярэнні», — сказаў Мікалай Снапкоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?