Перадвыбарная кампанія прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргея Гайдукевіча пройдзе пад лозунгам «За моцную Беларусь!», паведамляе прэс-служба арганізацыі. 

Асноўны слоган кампаніі: «Парадак у краіне, дастатак у доме». 

На этапе правядзення агітацыі штаб Гайдукевіча мае намер зрабіць асноўны ўпор на вулічныя пікеты і прамыя зносіны з выбаршчыкамі. 

У падтрымку вылучэння Гайдукевіча кандыдатам у прэзідэнты ў выбарчыя камісіі здадзена 141.842 подпісы. 

Шасцідзесяцігадовы Сяргей Гайдукевіч удзельнічаў у прэзідэнцкіх кампаніях 2001, 2006 і 2010 гадоў. У 2001 годзе за яго, паводле звестак ЦВК, прагаласавала 2,48%, у 2006-м — 3,5% выбаршчыкаў. У 2010 годзе Гайдукевіч абвясціў, што 100 тысяч подпісаў, неабходных для рэгістрацыі яго кандыдатам у прэзідэнты, сабраныя, але затым зняўся з выбараў, назваўшы іх «спектаклем, вынікі якога ўжо даўно ўсім вядомыя». 

Разгледзець пытанне аб рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты ЦВК плануе на пасяджэнні 10 верасня. 

Пятыя выбары прэзідэнта Беларусі пройдуць 11 кастрычніка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?