Лідары дзевяці краін Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, а таксама Балтыйскіх дзяржаў выказалі крайнюю занепакоенасць «агрэсіўнымі паводзінамі» Расіі і выказаліся за пастаянную прысутнасць ваенных структур НАТА ў рэгіёне.

Пра гэта гаворыцца ў сумеснай дэкларацыі, прынятай на сустрэчы ў Бухарэсце, якую румынскія СМІ назвалі міні-самітам НАТА.

Кіраўнікі ўсходнееўрапейскіх краін заявілі, што яны цвёрда выступаюць за тое, каб Расія вярнулася да павагі міжнароднага права, а таксама пачатла зноў выконваць узятыя на сябе абавязацельствы. У гэтым яны бачаць перадумову для аднаўлення адносін паміж НАТА і РФ, заснаваных на даверы.

Прэзідэнт Румыніі Клаўс Яханіс заявіў, што ўдзельнікі сустрэчы ўнясуць важкі ўклад у забеспячэнне гатоўнасці НАТА адказваць на сучасныя рызыкі і пагрозы, у першую чаргу з Усходу, але і з Поўдня таксама.

Паводле яго слоў, альянс сутыкаецца з рознымі выклікамі ад Чорнага да Балтыйскага мора.

Усходнія сябры альянсу абавязаліся аб'яднаць намаганні з мэтай забеспячэння магутнай, надзейнай і пастаяннай прысутнасці ваенных сіл НАТА ў рэгіёне.

У аўторак польскі прэзідэнт Анджэй Дуда на сустрэчы з румынскім калегам Клаўсам Яханісам заявіў, што яго краіна настроеная на павелічэнне колькасці і баявой моцы войскаў НАТА, якія знаходзяцца ў Польшчы па ратацыі, паведаміла Radio Poland.

Ён разлічвае, што ў далейшым на польскай тэрыторыі будзе базавацца пастаянны кантынгент саюзнікаў.

Наступны саміт блока запланаваны на 8-9 ліпеня 2016 года ў Варшаве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?