Дэпутат Чурсін заклікаў прыцягнуць да адказнасьці чыноўнікаў, што распрацоўвалі нашумелы законапраект пра льготы (дакладней кажучы, пра іх амаль татальнае скасаваньне).

Дэпутацкае абурэньне скіраванае на ўрад, і найперш на Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Гэта нагадвае пошук стрэлачніка. Вожыку зразумела: без адмашкі зьверху ніякае ведамства і нават дзесяць Сідорскіх не маглі б заварыць гэткую кашу, ініцыяваць навацыі падобнага маштабу з такім калясальным палітычным складнікам.

Летась увесну галоўным ньюсмэйкерам што да праблемы скасаваньня льготаў была спн. Пяткевіч. Менавіта намесьніца кіраўніка Адміністрацыі пераконвала дэпутатаў, што ў гэтым пытаньні настаў час буры ды націску. Маўляў, на добры лад увогуле варта было б "перасіліць сябе і пайсьці радыкальна — адмяніць ільготы ўсім да адзінага".

Што ж да вытокаў і аўтарства ідэі, то вось вам леташняе рэзюмэ афіцыйнага кіраўніка: "На выбарах усе нагамі тупалі ды лямантавалі: прыбраць ільготы! Я іх прыбраў".

Але бліцкрыг праваліўся. Цішком, "бяз гвалту" сытуацыю пачалі адкручваць назад. Далі загад у ВНУ, каб там шукалі магчымасьць кампэнсаваць праезд студэнтам. Знайшлі варыянты даць палёгку сілавікам. Цяпер вось вярнулі, пакуль што на цёплы сэзон, таньнейшы праезд пэнсыянэрам. Абяцаюць з новага году аднавіць асобныя льготы чарнобыльцам.

Звыш усяго, выглядае на тое, што расхваленая сыстэма адраснай падтрымкі аказалася элемэнтарна не пралічанай. Кажуць, у шэрагу рэгіёнаў выбралі ўжо гадавы рэсурс на гэтыя мэты. "Мы чакалі 162 мільярды рублёў эканоміі, у выніку мы атрымалі дадатковыя выдаткі на гэтыя мэты ў тры з паловай разы большыя, чыгунка панесла страты", — паведаміў дэпутат Чурсін.

Карацей, татальная канфузія і рэтырада. Даводзіцца ўлічваць і перадвыбарчы аспэкт, здымаць сындром незадаволенасьці паспалітага люду перад чарговым рытуалам ля выбарчых скрыняў. Прычым усё гэта зноў падаецца як праява мудрасьці ды чуласьці найвышэйшага кіраўніка. Самае ж адметнае, што масавая сьвядомасьць лёгка вядзецца на такія піяраўскія рэчы, і незалежная сацыялёгія пацьвярджае: перад кожнымі выбарамі рэйтынгі ўлады і яе галоўнай пэрсаналіі зноў лезуць угору.

Дарэчы, у апазыцыі з нагоды адмены льготаў шмат хто цішком паціраў рукі. Маўляў, хай лепей Ён робіць тое, што пасьля прыходу да ўлады мусілі б хоцькі-няхоцькі рабіць мы :) Не пашэнціла! Па-першае, эканомія на льготах аказалася пшыкам. Па-другое, надта ж вялікія іміджавыя выдаткі. Хоць выбары ў нас ёсьць працэдурай надзвычай ўмоўнай, але ж злаваць электарат усё адно ня хочацца. Тым болей што ён так удзячна рэагуе на любую цукерку!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?