Reuters.com

Reuters.com

Прэзідэнт Пятро Парашэнка даручыў ўвесці ў Адэсу дадатковыя падраздзяленні нацгвардыі і паліцыі, паведаміў у сваім Facebook губернатар Адэскай вобласці Міхаіл Саакашвілі. «Прэзідэнт даручыў кіраўніку Нацыянальнай паліцыі і начальніку Нацыянальнай гвардыі ўвесці ў Адэсу дадатковыя падраздзяленні да 1000 чалавек для абароны грамадскага парадку ў горадзе», — напісаў ён.

Раней Саакашвілі апублікаваў у Facebook зварот, у якім папрасіў прэзідэнта ўвесці ў Адэсу нацыянальную гвардыю і дадатковыя падраздзяленні нацыянальнай паліцыі. «Хачу напярэдадні сумнай гадавіны 2 мая і на фоне таго, што ворагі Украіны відавочна рыхтуюцца ў Адэсе і Адэскай вобласці, запатрабаваць ад прэзідэнта дапамагчы нам навесці парадак», — заявіў Саакашвілі.

Свой зварот Саакашвілі патлумачыў падзеямі апошніх сутак у Адэсе. У ноч на 26 красавіка, па сцвярджэннях губернатара, «цітушкі» нібыта з санкцыі гарадской мэрыі разагналі і збілі пратэстуючых супраць кіраўніка горада Генадзя Труханава, а напярэдадні ў горадзе з гранатамёта было абстраляна аддзяленне банка «Паўдзённы».

Гарадскія ўлады ў сваю чаргу абвінавацілі ў падзеях у Адэсе каманду губернатара. Выданне «Думская» паведаміла, што дарадца мэра Алег Брындак заявіў, што «ва-банк пайшлі сілы, якімі «лялькаводзяць» з абласной адміністрацыі». «Усё гэта - звёны аднаго ланцуга, накіраваныя на дэстабілізацыю сітуацыі ў горадзе напярэдадні 2 мая, калі яны хочуць здзейсніць пераварот і захапіць уладу ў Адэсе», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?