Паводле яго слоў, ад навукі маладых людзей часта адпужвае перспектыва недастаткова высокага заробку, таму навуковай дзейнасцю сёння займаюцца «патрыёты, людзі, якім цікава стварыць нешта новае», паведамляе БелаПАН.

«Такіх людзей трэба матэрыяльна стымуляваць, — падкрэсліў Шумілін. — І калі зарплату маладым навукоўцам мы адразу не зможам зрабіць дастаткова высокай, то, напрыклад, можам выдзяляць жыллё».

Шумілін звярнуў увагу на тое, што стыпендыяты прэзідэнцкага фонду ўжо цяпер паводле закону маюць права на атрыманне жылля на льготных умовах, а маладыя навукоўцы Нацыянальнай акадэміі навук і прадпрыемстваў галіновай навукі атрымліваюць па-за чаргой арэнднае жыллё.

«Але мы бачым, што і тая, і другая схема маюць пэўныя недахопы, таму што, напрыклад, арэнднае жыллё ўсё роўна параўнальна дарагое і не належыць чалавеку, — адзначыў кіраўнік ДКНТ. — Мы прапануем такі падыход: калі абараніў на працягу трох гадоў дысертацыю, значыць, маеш права атрымаць жыллё. <…> Я думаю, мы зробім беспрацэнтную растэрміноўку на 20 гадоў».

Выдзяляць кватэры бясплатна ДКНТ не прапануе, бо ёсць верагоднасць, што пасля атрымання жылля многія людзі захочуць пакінуць навуковую дзейнасць і заняцца, да прыкладу, бізнесам. На задумку камітэта, калі малады навуковец, які атрымаў жыллё згодна з прапанаванай схемай, у нейкі момант ўсё ж вырашыць пайсці з навукі, ён павінен будзе выплаціць рэшту па растэрміноўцы. У такім выпадку кватэра застанецца ў яго ўласнасці.

«Ёсць даручэнне ўраду прапрацаваць гэтае пытанне. У Год навукі мы пастараемся правесці такі механізм», — сказаў Шумілін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0