фота Сяргея Гудзіліна

фота Сяргея Гудзіліна

Ніколі беларуская правінцыя не наганяла столькі суму. Народ п'е, як пракляты, і працуе, як з глуздоў паз'язджаў. Зямля там у нас, не ў прыклад тутэйшай менскай гліне, лёгкая, мяккая, урадлівая, я разумею, у такую зямлю нават мне хочацца ўсяго насадзіць і вырасціць райскія кушчы. Але народ наш па звычцы садзіць і сее ўсяго столькі, нібыта без гэтых цэнтнераў гародніны ўся краіна вымра. «Маці 60 слоікаў памідор павыкідала свіням, я з-за яе градаў не магу ў выходны з малым на возера, у рыбу выбрацца», — скардзіцца мне сябар дзяцінства. «І так во год за годам, — дадае ён. — Каму, нашто столькі?!» Мае развагі, што «ў іхняга пакалення было галоднае пасляваеннае дзяцінства, і запасацца ежай засела ў генах» — не дзейнічаюць. Сябра заклікае да простай логікі.

Прыбрала могілкі, прайшла па вёсцы, з народам пабалакала. Страшна народ незадаволены цяпер, дзіву можна дацца без разбега. Краіна з бясплатнай медыцынай, дзе ў далёкую вёску «хуткая» едзе дзве гадзіны — мне нават называюць імя чалавека, які з-за гэтага памёр; дзе нават у горадзе не запісацца да доктара без выкліку таксоўкі, бо да аўтобуснага прыпынку ногі старога чалавека ўжо не даходзяць — але трэба ехаць і душыцца ў чэргах, і часта, бо на леках старыя сядзяць капітальна, без гэтага магчымы летальны канец. Інваліды перадпенсійнага ўзросту скардзяцца на прымус тэрмінова працаўладкавацца: нікога не хвалюе, што нехта ледзь ходзіць, нехта паўсляпы, жыве тым, што дапамагае па гаспадарцы іншым такім жа, крышку старэйшым. «Я ўжо ўладкоўваўся, разоў пяць то там, то сям. Дзе тут уладкуешся? У школе рабіў, у саўгасе рабіў… — пералічвае, дзе рабіў і ў якіх цяжкіх умовах працаваў: — Зімой у адных плаўках іхні падвал ад гаўна адчышчаў, па горла ў гаўне, пнеўманію сабе прыдбаў. — І працягвае: — І думаеш, грошы плацілі? Гаўно іхнія грошы, і тыя часам не аддавалі. Бясплатна зарабляў пнеўманію. Вось, выклікалі на нейкую камісію, будуць вырашаць, магу я яшчэ працаваць ці ўжо не».

Да ўсіх папрыязджалі дзеці, унукі і праўнукі, ва ўсіх планшэты і смартфоны, усе глядзяць відэа з мітынгаў. І старым паказваюць. «Дайце спакойна памерці, не паказвайце мне гэта», — свядомасць старых адрынае ўбачанае, учыненае любімым Лукашэнкам, абарончы механізм спрабуе не даць розуму асэнсоўваць, не бурыць веру ў сістэму іхняга існавання другі раз за жыццё. Але не ўсе так рэагуюць. «Куды яны гэтыя ў шлёмах цягнуць таго дзядка, ён жа за іх ваяваў!» Лукашэнку многія клянуць, хто нягучна, хто крыкам, і так, што ніякай апазіцыі нават не снілася.

І ўсё роўна ніякай надзеі гэта не ўсяляе. Праз дваццаць год на месцы гэтых вёсак будуць жыць адны дачнікі з блізкіх трох райцэнтраў. Прайшоўшыся па адным з іх, па вуліцы свайго дзяцінства, я адчула, што больш не сумую па гэтым горадзе. Зусім.

Тут усё чужое, акрамя некалькіх людзей і будынкаў.

Тут няма нават «маіх» дрэваў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?