У судзе Цэнтральнага раёна Мінска працягваецца працэс па справе Сяргея Чалага, піша tut.by.
Сяргей Чалы з адвакатам перад працэсам. Фота: Дар'я Буракіна, Tut.by.
У збіцці эканаміста і ягонага сябра Анатоля Сакалоўскага абвінавачваюць дваіх мужчын. Пацярпелыя просяць не пазбаўляць крыўднікаў волі.
Абвінавачваныя — Кірыл Доўнар і Аляксандр Рублёў. Па версіі пракурора, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення, яны збілі эканаміста Сяргея Чалага і яго сябра Сакалоўскага.
Прычыну канфлікту Аляксандр Рублёў растлумачыў так: яго жонцы трэба было ў туалет. Ён папрасіў Чалага з адным адысці ўбок, тыя ж выказаліся некарэктна ў адрас дзяўчыны — і пачалося.
Абвінавачаныя віну прызнаюць часткова, не згаджаючыся з тым, што ўсё адбылося «з хуліганскіх памкненняў».
Падтрымаць абвінавачаных на пасяджэнне прыйшлі блізкія. З сабой у іх былі дарожныя сумкі і чахол з вудамі. Спрэчкі пачалі крыху пазней запланаванага, аднак Сяргей Чалы ўсё роўна не паспеў. — Трапіў на таксі ў аварыю, — заходзячы ў залу судовых пасяджэнняў, растлумачыў ён спазненне.
— Да слоў абвінавачаных, што ў іх дзеяннях не было хуліганскіх памкненняў, варта ставіцца крытычна, — адзначыла падчас судовых спрэчак дзяржабвінаваўца. У адваката Аляксандра Рублёва пазіцыя іншая. — Да слоў пацярпелых таксама варта ставіцца крытычна, — падкрэсліла яна. — Усюды ў медыцынскіх дакументах пазначана, што яны ў той вечар знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янення.
Нягледзячы на гэта, дзяржабвінавачанне просіць прызначыць Аляксандру Рублёву 3 гады ў калоніі агульнага рэжыму, а Кірылу Доўнару — 3 гады папраўчай установы адкрытага тыпу.
Аляксандр Рублёў і Кірыл Доўнар. Паводле слоў дзяржабвінаваўцы, Рублёў раней быў судзімы за хуліганства, а Доўнар «за здзяйсненне злачынстваў супраць уласнасці». Фота: Дар'я Буракіна, Tut.by.
Пацярпелыя ж прасілі не караць крыўдзіцеляў «рэальным пазбаўленнем волі», але пры гэтым задаволіць іх грамадзянскія пазовы.
Пазоў Анатоля Сакалоўскага — 500 рублёў маральнай шкоды салідарна з абодвух абвінавачаных. Сяргея Чалага — 5000 рублёў салідарна з абодвух абвінавачаных.
— Ён абгрунтоўвае гэта тым, што паўтара месяца адчуваў боль і дыскамфорт, — агучыў пазіцыю Сяргея Чалага ягоны адвакат. — Па фатаграфіях і ў апісанні заключэння экспертызы відаць, што ў яго меліся шматлікія пашкоджанні ў вобласці твару. Бо яго дзейнасць звязана з тэлебачаннем, ён не мог з'яўляцца на працы.
Эканаміст «доўгі час адчуваў фізічны боль», адзначыў абаронца, а калі паказваўся на вуліцы, «у яго былі пэўныя маральныя пакуты».
У апошнім слове Аляксандр Рублёў яшчэ раз папрасіў прабачэння ў Чалага: «Раскайваюся ў зробленым».
— У мяне ёсць жонка, сям'я, праца, мае паслугі патрабуюцца арганізацыі, — пералічыў ён. — Хацелася б не выбываць з жыцця.
З прабачэнняў пачаў апошняе слова і Кірыл Доўнар. Прасіў суд строга яго не караць, казаў, што на працы яму прапанавалі пасаду і што ён збіраецца паступаць ва ўніверсітэт. Віну перад Сакалоўскім прызнаў, адзначыўшы, што яны з гэтай нагоды сустракаліся і размаўлялі.
А вось у дачыненні да прэтэнзій Сяргея Чалага ў яго ёсць пытанні.
— 5000 беларускіх рублёў… Калі б я меў такую суму, я б дапамог дзіцяці з анкалогіяй, а не аддаў бы гэтаму чалавеку, — выказаў ён сваю пазіцыю.
Па словах абвінавачанага, яны не раз спрабавалі выйсці на кантакт з эканамістам, але той не пагаджаўся.
— Ён хоча, каб нас пакаралі, і атрымаць грошы за маральную шкоду, - эмацыйна зазначаў Доўнар. — Як мы бачым у часе судовага следства, запыт яго панскі.
Прысуд па гэтай справе абвесцяць у панядзелак, 13 жніўня.





