Чэмпіён Беларусі не змог нічога зрабіць супраць адной з наймацнейшых каманд Грэцыі. У другім туры групавога этапа Лігі Еўропы БАТЭ прайграў з буйным лікам ПАОКу.
Фота: сайт ПАОК.
У складзе БАТЭ адсутнічаў цэнтральны абаронца, серб Неманья Мілунавіч. Яго месца ў аснове заняў Дзяніс Палякоў. Мабыць, гэтая замена стала адной з ключавых.
У прамежак ад 5 да 15 хвіліны БАТЭ прапусціў тройчы. Прычым ва ўсіх галах прысутнічала віна Палякова. Гэта былі ўсе тры ўдары ПАОКа ў першым тайме.
Было падобна, што мог здарыцца такі ж кашмар, як пару гадоў таму ў сустрэчах з «Порту» і данецкім «Шахцёрам».
Адметна, што ні ў першым тайме, ні ў перапынку трэнер БАТЭ Аляксей Бага не рабіў ніякіх замен у гульні. Першая замена адбылася ў сярэдзіне другога тайма, калі на полі з’явіўся Максім Скавыш. Менавіта ён стаў аўтарам гола, які даў невялікі прамень надзеі, што ўсё можа скончыцца не так кепска.
Аднак у хуткім часе грэкі забілі і чацверты мяч. Матч скончыўся з лікам 1:4 не на карысць БАТЭ. Адна з самых балючых параз у гісторыі беларускіх клубаў у еўракубках.
На гульні прысутнічала каля 9 тысяч гледачоў. На 53-й хвіліне гульні гледачы ўшанавалі апладысментамі памяць Анатоля Капскага.
У другім матчы групы «Чэлсі» мінімальна перамог венгерскі «Відзі» 1:0. Цяпер у «Чэлсі» 6 пунктаў, у БАТЭ і ПАОКа па 3, у «Відзі» — 0.
Наступныя дзве гульні БАТЭ правядзе супраць «Чэлсі».





