Затрымліваюцца цягнікі ў напрамку Оршы праз сход з рэек грузавога саставу. Пра гэта паведамляе блогер Nexta.

Фота: Nexta.

Паведамляецца, што некаторыя рэйсы затрымаліся ў дарозе, а адпраўленне электрычкі ў Мінск часова адкладаецца. Нібыта грузавы састаў сышоў з рэек недалёка ад горада Крупкі ў Мінскай вобласці.

Пазней на сайце БЧ з'явіўся афіцыйны каментар.

У 16:08 на перагоне Крупкі-Прыяміна сышлі 7 парожніх вагонаў. Усяго ў саставе цягніка знаходзіцца 89 вагонаў. Цягнік накіроўваўся па маршруце Орша-Мінск.

Пацярпелых няма. На экалагічную сітуацыю здарэнне не паўплывала.

У выніку інцыдэнту таксама адбыліся змены ў графіку руху некаторых пасажырскіх цягнікоў.

Так, цягнік міжрэгіянальных ліній бізнэс-класа №704 Мінск-Віцебск, адпраўленнем з Мінска ў 17 гадзін 04 хвіліны, ідзе змененым маршрутам праз Маладзечна, Полацк.

Цягнік міжрэгіянальных ліній эканомкласа №612 Баранавічы-Віцебск/Крычаў, адпраўленнем з Баранавіч у 15 гадзін 10 хвілін, ідзе змененым маршрутам ад станцыі Мінск-Пасажырскі праз Асіповічы, Магілёў.

Прычына здарэння высвятляецца. Для расследавання інцыдэнту створана спецыяльная камісія.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0