Фота МЗС

Фота МЗС

У Швецыі падтрымліваюць справаздачу АБСЕ аб тым, што парламенцкія выбары ў Беларусі не адпавядалі міжнародным стандартам. Пра гэта падчас сумеснага рабочага візіту з міністрам замежных спраў Фінляндыі ў Мінск заявіла кіраўнік МЗС Швецыі Ан Ліндэ, піша Tut.by.

Ан Ліндэ падкрэсліла, што ў сувязі са справаздачай АБСЕ яе візіт у Мінск асабліва важны.

— Гэта магчымасць для дыялогу з кіраўніцтвам краіны і магчымасць растлумачыць, як мы бачым вынікі гэтых выбараў — у нас была важная дыскусія з міністрам Макеем і прэзідэнтам Лукашэнкам. Нам патрэбны дыялог з гэтай краінай, з Беларуссю, калі мы хочам уплываць на падзеі ў гэтай краіне, на развіццё яе ў дэмакратычным ключы, а для гэтага лепшы спосаб — сустракацца і працягваць размаўляць. На жаль, Беларусь за апошнія гады не праводзіла выбары, якія адпавядалі б міжнародным стандартам, — заявіла Ан Ліндэ.

Кіраўнік МЗС Фінляндыі Пека Хаавіста падкрэсліў, што АБСЕ дае рэкамендацыі ўсім краінам, і ўсе краіны іх выконваюць, у тым ліку рэкамендацыі, што тычацца змены выбарчага заканадаўства. Міністр таксама лічыць, што апазіцыя ў парламенце павінна быць.

— Гэта дазволіла б ажывіць дыскусію, зрабіць дэбаты больш змястоўнымі, — сказаў Хаавіста.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0