Намесніца старшыні па моладзевай палітыцы Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці Эльвіра Мірсалімава з Віцебска абвясціла аб сваім намеры паўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах у якасці кандыдата. Але пры ўмове, што яе кандыдатуру зацвердзіць партыя.

Эльвіра Мірсалімава падчас выбарчага пікета. Фота: Радыё «Рацыя».

Эльвіра Мірсалімава падчас выбарчага пікета. Фота: Радыё «Рацыя».

«Гэтае пытанне рашыцца на з’ездзе партыі. Безумоўна, я гатовая да такога кроку. Згодна з ленінскім азначэннем, партыя ствараецца для таго, каб стаць уладай», — сказала яна ў інтэрв’ю выданню politring.com.

Хто такая Мірсалімава? Гэта актывістка прарасійскай «Грамадзянскай згоды». Калісьці яна актыўнічала ў скаўцкім руху, гэтым па сёння займаецца яе сястра. Аднак потым погляды кардынальна змяніліся. Мірсалімава замужам за віцебскім паэтам і мастаком Дзмітрыем Рубанікам, які падзяляе прарасійскія погляды жонкі. Цікава, што пры гэтым Рубанік з’яўляецца сябрам незалежнага Саюза пісьменнікаў.

Што тычыцца поглядаў Мірсалімавай, то яна лічыць, што «нацыяналісты цкуюць родную для беларускіх грамадзян рускую мову». Дадае, што «нацыяналізм — гэта крок да страты суверэнітэта». А яшчэ яна адкрытая прыхільніца Сталіна.

Мірсалімава з’яўляецца арганізатаркай «Бессмяротнага палка» ў Віцебску. Гэта такая акцыя, якую стала выкарыстоўваць расійская прапаганда ў мэтах дэманстрацыі пераваг «рускага свету». Таксама Эльвіра бярэ ўдзел у цьмяных арганізацыях накшталт руху «Саюз», які заснаваў расійскі палітык-аўтсайдар Сяргей Бабурын.

Мірсалімава пагадзілася адказаць у пісьмовым выглядзе на некалькі пытанняў «Нашай Нівы».

«НН»: Калі ў вас наспела жаданне паспрабаваць свае сілы ў прэзідэнцкай кампаніі? Можа, гэта звязана з нейкімі канкрэтнымі падзеямі?

Эльвіра Мірсалімава: Давайце пазначым адразу: ніякіх маіх заяў пра «жаданне паспрабаваць свае сілы ў прэзідэнцкай кампаніі» не было. Гэта першае. Другое. Аб вылучэнні кандыдата ад РППС будзе абвешчана партыйнай прэс-службай пасля з’езду, на якім гэтае пытанне будзе падымацца. Далей. Любы адказны палітык гатовы ўзяць на сябе адказнасць за лёс краіны, за лёс грамадзян.

«НН»: Асабіста вам хацелася б стаць кандыдатам менавіта ад РППС альбо больш шырокай кааліцыі прарасійскіх арганізацый?

ЭМ: Мне невядома ні аб прарасійскіх арганізацыях, ні аб іх кааліцыях. РППС — партыя беларуская, адна з найстарэйшых партый нашай краіны, зарэгістраваная ў 1993 годзе.

«НН»: Чым вы адрозніваецеся ад Аляксандра Лукашэнкі?

ЭМ: Пытанне сфармулявана, мякка кажучы, дзіўна. Вы, верагодна, спрабавалі спытаць пра палітычныя розначытанні? Партыя падтрымлівала і будзе падтрымліваць кіраўніка нашай краіны па многіх пытаннях, у першую чаргу — па сацыяльных. Пры гэтым з прэзідэнтам у партыі могуць быць розныя ўяўленні, напрыклад, пра механізм неабходных эканамічных рэформаў, пра знешнюю палітыку.

«НН»: Чым вы адрозніваецеся ад апазіцыйных палітыкаў?

ЭМ: Беларускія партыі і грамадскія рухі не павінны залежаць ад фінансавай дапамогі з заходніх фондаў або ад прамой падтрымкі Еўрасаюза. РППС не атрымлівае замежнага фінансавання. Таму ў нас і нашых апанентаў рознае бачанне вектараў развіцця краіны.

«НН»: Не адбіла жаданне ўдзельнічаць у выбарах парламенцкая кампанія, калі па афіцыйных лічбах па сваёй акрузе вы атрымалі 3%?

ЭМ: Мая палітычная дзейнасць толькі пачалася. Паводле афіцыйнай статыстыкі, за мяне прагаласавалі амаль 2000 жыхароў Чыгуначнага раёна Віцебска. Для першага кроку невядомага палітыка, які не мае доступу да якіх-небудзь СМІ — гэта нядрэнна.

Напрыклад, у гэтай жа акрузе абіраўся і кандыдат ад БНФ — вы ж па зразумелых прычынах не агучвалі яго вынік. Што тычыцца будучых выбараў, спадзяюся, ваша выданне будзе асвятляць падзеі аб'ектыўна, без навешвання выдуманых цэтлікаў. Палітычнае жыццё ў краіне, безумоўна, павінна развівацца, але пры гэтым нельга дапусціць нянавісці, нецярпімасці, ганення, расколу грамадства па нацыянальным, моўным ці рэлігійным прынцыпе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?