У сям’і Ганчаровых чацвёра дзяцей. Сярэднія даўно займаюцца ілюстрацыяй і анімацыяй, і, як расказала сястра асуджанай Лізы Яна, на гэта шмат у чым паўплывала творчая атмасфера выхавання.

Ліза з Янай. Фота з сацсетак.

Ліза з Янай. Фота з сацсетак.

«Тата сёння хоць і працуе менеджарам (займаецца продажам розных гатункаў алкаголю), вельмі творчы чалавек. Ëн выдатна грае на гітары, я нават дзіўлюся, чаму ён не стаў музыкам. Мы часта збіраемся ўсе разам і ладзім невялікі сямейны аркестр. Яшчэ бацька вельмі захапляецца тэмай космасу. У дзяцінстве ў нас быў тэлескоп, і, калі прыязджалі на вёску, разглядалі розныя сузор’і. Тата ствараў цікавыя механічныя штукі сваімі рукамі: напрыклад, самаробную ракету ці паветраны шар мне на фізіку. Нядаўна сабраў квадракоптар пры дапамозе 3D-прынтара. І менавіта ён навучыў мяне фатаграфіі, якой я цяпер захапляюся, — у яго шмат фоцікаў», — расказвае Яна.

Аляксандр Ганчароў.

Аляксандр Ганчароў.

Яна, як і Ліза, скончыла мастацкі каледж імя Глебава. Дзяўчыны малююць з самага дзяцінства. «Здаецца, амаль з таго моманту, як нарадзіліся», — каментуе Яна. На тое, што гэта стала прафесіяй, у нейкай ступені паўплывала цётка, прафесійная мастачка. А таксама дзядуля — аматар стварыць нешта з дрэва.

Малюнкі Лізы вы маглі бачыць у якасці ілюстрацый навін пра герояў беларускіх пратэстаў. Чаго толькі вартая Ніна Багінская ў яе выкананні. 

«Мы з Лізай наведвалі мірныя акцыі, пакуль гэта было бяспечна. Для нас гэта важны момант, як і для многіх беларусаў. Асабліва любілі жаночыя маршы: там была вельмі моцная энергія», — расказвае Яна.

Ліза таксама рабіла стыкеры для альбома Лявона Вольскага «Гравітацыя», а таксама ажывіла песню «Човен», зрабіўшы са сваіх малюнкаў кліп на яе.

Ліза ўвогуле любіць «маляваць» песні. Адсюль лёгка тлумачацца яе візуалізацыя твораў Palina або спевака «Ліхтара».

Ілюстрацыі дзяўчыны таксама можна ўбачыць на паштоўках, світшотах, калекцыі хатняга адзення Mark Formelle.

«У сваіх ілюстрацыях я малюю сусветы, у якіх мне хацелася б пабываць самой. Гэта не рэальна напісаныя казкі, а гісторыі, якія я прыдумляю сама. Часцей за ўсё мае персанажы — гэта чараўніцы, якія кіруюць надвор'ем, прыручаюць лясных звяроў. І абавязкова сябруюць з прыродай або кіруюць якой-небудзь стыхіяй», — пісала Ліза. Частка такіх персанажаў і ўпрыгожвае піжамы беларускага брэнда.

Агулам Ліза паспела папрацаваць з такімі брэндамі і кампаніямі, як Honar, Unisef, Soxpistols, Osa store і іншымі. 

Ліза Ганчарова. Больш яе ілюстрацый можна знайсці ў інстаграме @ellgone.

Ліза Ганчарова. Больш яе ілюстрацый можна знайсці ў інстаграме @ellgone.

Таксама дзяўчына вядзе адукацыйныя курсы: скетчынг для дзяцей і дарослых і курс па digital-ілюстрацыі на iPad. Апошні павінен быў выкладацца якраз зараз, але дзяўчыну затрымалі. 

Першай кніжкай, цалкам ілюстраванай малюнкамі Лізы, стала выданне «Беларускамоўныя» — збор практычных парадаў, прызначаны для тых, хто хоча загаварыць па-беларуску.

Шмат у чым гэтая тэма блізкая яе досведу, бо сама яна пачала размаўляць па-беларуску пару год таму, якраз калі прыйшла ў «Арт-сядзібу». Пазней Ліза казала, што калі б у яе быў такі дапаможнік пад рукамі, то стартаваць было б прасцей.

Яна ўпэўненая, што яе сваякі перанясуць 15 сутак годна.

«Тата хоць і пасля каранавірусу, але ўсё вытрымае. Праўда, за сястру крыху хвалююся: яна вельмі любіць чысціню і ўжывае веганскую ежу — ці зможа яна нармальна харчавацца ў ізалятары, не зразумела».

label.reaction.like
0
label.reaction.facepalm
0
label.reaction.smile
0
label.reaction.omg
0
label.reaction.sad
0
label.reaction.anger
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?