«Я толькі што гаварыў з прэзідэнтам Зяленскім і сказаў яму, што адміністрацыя дае дадатковыя 800 млн даляраў дапамогі ў выглядзе зброі, боепрыпасаў і іншай дапамогі, патрэбнай для бяспекі Украіны», — гаворыцца ў заяве, апублікаванай Белым домам.

Байдэн адзначыў, што ўкраінскія вайскоўцы вельмі эфектыўна выкарыстоўваюць ужо дадзеную ім зброю. А ўлічваючы тое, што Расія рыхтуецца ўзмацніць наступленне на Данбасе, ЗША працягнуць аказваць Украіне ўзбраенне для самаабароны.

«Новы пакет дапамогі будзе ўключаць многія з эфектыўных сістэмаў узбраення, якія мы ўжо давалі раней, і новыя — прыстасаваныя да больш шырокага наступлення Расіі, якое мы чакаем на ўсходзе Украіны.

Гэтае новае ўзбраенне ўключае артылерыйскія сістэмы, боепрыпасы і бронетранспарцёры. Я таксама ўхваліў трансфер дадатковых верталётаў.

Да таго ж мы працягнем садзейнічаць перадачы цяжкога ўзбраення ад саюзнікаў і партнёраў ва ўсім свеце», — заявіў Джо Байдэн.

Ён адзначыў, што стабільныя пастаўкі зброі ад заходніх хаўруснікаў адыгралі крытычна важную ролю ў тым, каб Украіна магла паспяхова супраціўляцца расійскаму ўварванню.

«Гэта дапамагло забяспечыць, каб Пуцін прайграў пачатковую ваенную задуму — заваяваць і кантраляваць Украіну. Мы не можам зменшыць намаганні цяпер. Я запэўніў прэзідэнта Зяленскага, што амерыканскі народ працягне падтрымліваць адважны ўкраінскі народ у яго барацьбе за свабоду», — падсумаваў прэзідэнт ЗША.

Раней Уладзімір Зяленскі апублікаваў відэазварот, у якім расказаў, якая менавіта зброя патрабуецца для супрацьстаяння расейскай арміі. Ён аб'явіў такі спіс неабходнага ўкраінцам:

  • артылерыйскія ўстаноўкі (калібр 155 мм) і боепрыпасы; 
  • артылерыйскія снарады (калібр 152 мм);
  • рэактыўныя сістэмы залпавага агню: «Град», «Ураган» або амерыканскі M142 HIMARS;
  • танкі (Т-72, амерыканскі або нямецкі аналагі);
  • сістэмы супрацьпаветранай абароны (С-300, «Бук» або падобныя заходнія сучасныя сістэмы СПА);
  • баявая авіяцыя.
Клас
12
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0