Згодна з матэрыяламі справы, Андрэй напісаў у адным з чатаў у адказ на прапанову з'ехаць з Беларусі пасля затрымання 9 жніўня 2020 года:
«У гэтым ёсць нейкае лагічнае зярнятка. Але я не хачу ў Польшчу. Я беларус і хачу жыць у Беларусі без Лукашэнкі. У Беларусі, у якой закон вышэйшы, важнейшы за нейкага там вусатага».
Гэта палічылі абразай Лукашэнкі і ацанілі ў 1,5 года калоніі. Прытым што гэта быў закрыты чат выпускнікоў-ліцэістаў, у якім было няшмат людзей.
Справу разглядаў суддзя Уладзімір Пазняк, дзяржабвінаваўца — пракурор Вераніка Гур’янава.
Андрэя затрымалі ў лютым гэтага года, калі ён браў удзел у спаборніцтвах па шматбор'і. На ўваходзе ў спартыўную залу КДБ ахоўнік убачыў на заплечніку значок з «Пагоняй» і выклікаў міліцыю. Тыя агледзелі рэчы, а таксама тэлефон, і ў адным з чатаў знайшлі гэтае паведамленне.
Сцепаненка — айцішнік, ён цікавіцца спортам, інтэлектуальнымі гульнямі, канцэртамі. Да моманту затрымання працаваў вядучым інжынерам-праграмістам у Гродзенскім упраўленні Міністэрства фінансаў. Адразу пасля затрымання быў звольнены з працы.





