«Нешчаслівая чарада падзей, якая адбылася пасля 2020 года, прывяла Беларусь і ЕС амаль у Ледніковы перыяд», — піша Макей.

Макей абяцае, што «Беларусь не будзе ўцягнутая ў вайну». І прапануе: «Давайце выкарыстаем дыпламатычны інструментарый, каб аднавіць дыялог, які ёсць адзіным спосабам, каб знайсці дарогу наперад у любых абставінах».

Макей у сваім лісце нагадвае пра сёлетняе 30-годдзе з моманту ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Еўрасаюзам і адзначае, што і раней Беларусь і ЕС праходзілі розныя перыяды ў сваіх узаемаадносінах. Але пры гэтым змаглі дасягнуць многага, асабліва ў 2016—2019 гадах: развівалася гандлёвае супрацоўніцтва, быў аслаблены візавы рэжым, працавалі трансгранічныя праграмы і іншае.

«Няўжо ўсе гэтыя ўзаемныя дасягненні ў мінулым?» — пытаецца Макей. «Нешчаслівая чарада падзей, што адбылася з 2020 года, вярнула Беларусь і ЕС практычна ў «ледніковы перыяд», — піша ён, дадаючы, што на мяжы паміж намі вырасла новая «Берлінская сцяна».

Уладзімір Макей. Фота Sergei Kholodilin / BelTA/ AP

Па яго словах, уведзеныя ЕС санкцыі «б'юць па звычайных людзях», а супраць Беларусі ў рамках міжнародных арганізацый распачатае «паляванне на ведзьмаў».

«Калі санкцыйная палітыка ЕС мае на мэце «змяніць паводзіны Беларусі», то, баюся, прывядзе яна толькі да таго, што ўсё менш ЕС будзе ў Беларусі. Няўжо гэта ў інтарэсах каго-небудзь у Еўропе?» — пытаецца кіраўнік МЗС.

Паводле яго слоў, Беларусь шмат гадоў біла трывогу з нагоды таго, што рэгіён становіцца новай парахавой бочкай у Еўропе, але нікога гэта не хвалявала, а цяпер рэальнасць апынулася «горшай за самыя дзікія кашмары».

«Дазвольце мне яшчэ раз растлумачыць нашу пазіцыю адносна гарачага канфлікту, які разгортваецца ў нас на парозе, — піша Макей. — Мы катэгарычна адкідаем любыя інсінуацыі аб тым, што Беларусь неяк уцягнутая ў баявыя дзеянні ва Украіне. Беларусь не будзе ўцягнутая ў вайну. Нам хапіла войнаў за нашу гісторыю».

У бягучай сітуацыі, лічыць міністр, усім трэба адмовіцца ад абвінавачванняў і навешвання ярлыкоў, падбухторвальнай рыторыкі і аднабаковых абмежаванняў і пераасэнсаваць парадыгму будучых адносін Беларусі і Еўрасаюза ды еўрапейскай бяспекі.

«Давайце звернемся да дыпламатычнага інструментарыя, каб аднавіць дыялог, які ёсць адзіным спосабам, каб знайсці дарогу наперад у любых абставінах. Спадзяюся, мудрасць, прагматызм, падтрымка суверэнітэту і незалежнасці ўсіх краін Еўропы, у тым ліку Беларусі, і жаданне захаваць мір і росквіт для ўсіх будуць накіроўваць нас у гэтых намаганнях», — падсумоўвае Макей.

Ліст выглядае як прапанова Еўропе ўцягнуцца ў новы дыялог. У самім лісце нічога не гаворыцца пра тое, ці застануцца расійскія войскі на тэрыторыі Беларусі і ці будуць вызваленыя і рэабілітаваныя тысячы палітзняволеных.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру