Па словах літоўскага эксперта па пытаннях энергетыкі, выкладчыка Віленскага ўніверсітэта Рытаса Стаселіса, рашэнне балтыйскіх краін спыніць закупкі расійскага газу не ўяўляе ніякай пагрозы энергетычнай бяспецы гэтых дзяржаў.

Па яго словах, ужо сёлета ў студзені расійскага газу ў Літве не было. Па газаправодзе з Расіі прапампоўваўся толькі транзітны газ у Калінінградскую вобласць.

Да тэрмінала ў Клайпедзе таксама ўвозіўся (у выглядзе звадкаванага прыроднага газа) газ ад расійскіх пастаўшчыкоў, набыты на спотавых рынках, у кампаніі Новатэк з тэрмінала Высоцк пад Пецярбургам. Цяпер гэтага не адбываецца —

літоўцы набываюць у асноўным сыравіну з ЗША, Катара, Трынідада і Табага. У траўні, як чакаецца, зноў пачне працу галоўны пастаўшчык газу ў Літву (які выступае ў якасці пастаўшчыка па доўгатэрміновым кантракце), нарвежская кампанія Equinor.

Гэта прадпрыемства на працягу паўтары гадоў змагалася з наступствамі буйнога пажару — толькі ў траўні завершыцца рамонт іхняга тэрмінала ў Хаммерфэсце на поўначы Нарвегіі.

Цэны на газ, які пастаўляецца ў Клайпеду, вышэйшыя за расійскія — яны крыху даражэйшыя 1000 еўра за тысячу кубаметраў.

Тэрмінал можа прымаць у год не больш за 4-5 мільярдаў кубаметраў газу. Да канца кастрычніка гэтага года ўся прапускная здольнасць тэрмінала ўжо забраніравана. Літва штогод спажывае каля 1,5-2 млрд кубаметраў газу. За савецкім часам гэтая лічба дасягала нават 5 мільярдаў кубаметраў на год. Але з тых часоў газ выкарыстоўваецца больш эканомна.

Акрамя таго, абмежаваў сваю вытворчасць завод угнаенняў у Ёнаве, недалёка ад Каўнаса. Гэта найбуйнейшы ў краіне спажывец газу.

Газ з Клайпеды будзе транспартавацца ў Латвію і Эстонію праз развітую сетку газаправодаў, а таксама ў Польшчу і магчыма нават Фінляндыю. Аднак фіны да гэтага часу не вызначыліся, так што невядома, ці будзе тут нейкая здзелка. Хоць праз Фінскі заліў з 2019 года праходзіць газаправод. Важным аргументам для цесных сувязяў у газавай энергетыцы паміж краінамі Балтыі з'яўляецца тое, што ў Латвіі, пад мястэчкам Інчукалнс, размешчаны вялікія падземныя газавыя сховішчы. Гэта будзе агульны газавы рэзервуар. Маючы такія магчымасці для складавання, літоўцы ўжо цяпер закупляюць усё больш і больш газу, каб зімой яго было дастаткова.

Як падлічылі спецыялісты, Клайпедскі тэрмінал можа забяспечыць патрэбы краін Балтыі прыкладна на 50 адсоткаў. Прычым гэты паказчык таксама ўключае патэнцыйную выпрацоўку энергіі на газавых электрастанцыях. Без патрэб электрастанцый тэрмінал забяспечвае 100 адсоткаў попыту на газ.

Літве мае некалькі электрастанцый, якія вырабляюць энергію з дапамогай спальвання газу. Перш за ўсё, гэта вялікая станцыя Elektrenai паміж Вільняй і Коўна. Меншыя электрастанцыі такога тыпу ёсць яшчэ ў Вільні і Коўне. Аднак яны дзейнічаюць толькі як рэзервовыя. Літва злучаная электрасеткамі Швецыі і Польшчы. У Літве таксама развіваецца вытворчасць электраэнергіі з аднаўляльных крыніц энергіі. Цяпер гэта ўжо каля траціны ад агульнага аб'ёму патрэбаў краіны. Неўзабаве таксама павінен быць абвешчаны тэндар на аграмадны парк ветракоў на марскім узбярэжжы, на поўнач ад Клайпеды.

Паводле літоўскай энергетычнай стратэгіі мяркуецца, што да 2030 годзе 45 працэнтаў спажыванай электраэнергіі і цэлых 90 адсоткаў цеплавой будзе паходзіць з аднаўляльных крыніц энергіі. У 2050 годзе ўся электраэнергія і цяпло ў Літве будуць вырабляцца толькі з аднаўляльных крыніц.

Трохі здзіўлення выклікала браніраванне часткі магчымасцяў клайпедcкага газавага тэрмінала польскімі кампаніямі. Да гэтага часу Варшава з вялікай асцярожнасцю глядзела на перспектывы спалучэння газаправодаў з Літвой, разглядаючы іх як патэнцыйную канкурэнцыю на польскім рынку. Аднак у канцы траўня газаправоды Літвы і Польшчы будуць злучаныя. Гэтыя працы завершацца на грошы з еўрапейскіх грантаў. Злучэнне зробіць магчымым перапампоўку газу ў абодва напрамкі. Цяпер ён будзе дастаўляцца з Літвы ў Польшчу. У будучыні можа быць наадварот.

Рашэнне літоўскіх уладаў аб байкоце расейскага газу і еўрапейскіх транспартных абмежаваннях у дачыненні да Расіі вельмі ўстрывожылі ўлады Калінінградскай вобласці. Для пачатку ў тутэйшых СМІ ўздымалі пытанне аб тым, што ў цэлым Калінінградская вобласць будзе транспартна адрэзаная ад астатняй часткі Расіі. Тлумачэнні з Бруселя аб тым, што па гуманітарных меркаваннях усё ж будзе магчымы транспарт у і з вобласці, трохі супакоілі расейцаў. Хоць і не да канца…

Губернатар вобласці Антон Аліханаў ужо заявіў у інтэрв'ю мясцоваму парталу, што для поўнага забеспячэння Калінінграда таварамі з кантынентальнай Расіі (у выпадку ўвядзення блакавання сухапутных межаў) патрабуецца 10 паромаў (шэсць чыгуначных і чатыры дарожныя), якія павінны нон-стоп плаваць па маршруце Балтыйск-Усць-Луга. Цяпер на гэтым маршруце толькі два паромы. У будучыні трэба было б замовіць паромы ў якой-небудзь спецыялізаванай верфі. Хутчэй за ўсё, паўднёвакарэйскай.

Паводле губернатара, гэтае пытанне прапрацоўваецца з расійскім міністэрствам транспарту.

— Мы ведаем, дзе свабодныя паромы, дзе свабодныя караблі. Ёсць праблемы, звязаныя з коштам гэтага віду транспарту. Пры неабходнасці мы будзем патрабаваць датацыі ад федэральнага ўрада. Мы падрыхтавалі адпаведныя разлікі, — адзначыў кіраўнік рэгіёну ў інтэрв'ю newkaliningrad.ru Ён таксама нагадаў, што рашэнне аб прыпыненні транзіту ў Калінінградскую вобласць можа быць прынята не «ні адной балтыйскай краінай або усімі трыма краінамі», а на ўзроўні Еўрасаюза.

Расійскія інвестыцыі ў паромны флот і ў газавы тэрмінал ўпісваюцца ў Расійскую стратэгію ўмацавання энергетычнай незалежнасці Калінінградскай вобласці і зніжэння транзітнай залежнасці ад трэціх краін.

За транзіт газу Расія плацяць Літве па ўстаноўленых стаўках (1,2 еўра за тыс. м3 за 100 км). Гэта вынікае з пагаднення з Газпрамам, якое дзейнічае да канца 2025 года і ўхвалена ЕС.

Кантракт прадугледжвае транспарціроўку газу па формуле «ship or pay» (заказчык плаціць, незалежна ад таго, пампуе ён газ праз газапровад ці не). Гэта мае важнае значэнне — год таму рускія на некаторы час, як сцвярджаецца па тэхнічных прычынах, прыпынілі транзіт газу ў свой эксклаў. Адгалінаванні, што вялі да літоўскіх спажыўцоў, закрытыя.

Расія мае ў Калінінградзе таксама рэгазіфікацыйную ўстаноўку, створаную на базе газатранспартнага танкера. Гэта пабудаваны ў Паўднёвай Карэі карабель «Маршал Васілеўскі». Яго рэгазіфікацыйная магутнасць (то бок здольнасць ператвараць звадкаваны газ у звычайны) складае каля 3,1 млрд кубаметраў на год. 

Дзякуючы новай інфраструктуры «Газпрам» пасля 2025 года, калі скончыцца тэрмін дзеяння дамовы на перадачу газу, зможа адмовіцца ад эксплуатацыі газаправода, які праходзіць праз тэрыторыю Беларусі і Літвы, задавальняючы пры гэтым у поўным аб’ёме патрэбы спажывання ўсёй Калінінградскай вобласці (каля 2,5 млрд м3 на год). 

Акрамя таго, у Калінінградскай вобласці працягваецца разбудова электраэнергетычных магутнасцяў, што павінна дазволіць адмовіцца ад перадачы электраэнергіі праз Літву.

«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста

Чытайце таксама:

Тонкасці нямецкай палітыкі. Чаму Германія не адмаўляецца ад расійскага газу і дазваляе аўтапрабегі пуціністаў?

«Каля 70% экспарту ў ЕС — пад санкцыямі». Што чакае беларускую эканоміку

Клас
21
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
0