Алесі 32 гады. Яна родам з Маладзечна, да 2021-га жыла і працавала там. Скончыла гістфак БДУ, апошнія гады працавала ў турыстычным бізнэсе — мела невялікую турфірму.

У 2011 годзе яна пазнаёмілася ў Вільні з вядомым актывістам Алегам Мяцеліцам. 

«Праз пару гадоў у іх нарадзіўся сын. Алеся з малым заставалася ў Маладзечне, Алег жыў у Вільні, вярнуўся ў Беларусь толькі ў 2014 годзе. Малога назвалі Кастусём», — расказаў «Нашай Ніве» блізкі знаёмы Алесі.

Яшчэ да выбараў Мяцеліцу пакаралі суткамі за ўдзел у маўклівых «ланцугах салідарнасці».

Алег Мяцеліца. Фота: «Вясна»

Алег Мяцеліца. Фота: «Вясна»

Ён выйшаў на волю 15 жніўня 2020, ужо на наступны дзень выступіў на мітынгу ў Бялынічах. Амаль адразу праз гэты выступ на Алега завялі крыміналку: абвінавацілі ў паклёпе. Ён вырашыў з’ехаць з Беларусі, 26 жніўня пакінуў краіну.

Алеся засталася ў Маладзечне. Пазней і яна адседзела на сутках, бо праходзіла па так званай «справе лыжнікаў»: у лютым 2021 года сілавікі затрымалі амаль два дзясяткі чалавек, якія каталіся на лыжах і мелі бела-чырвона-белую сімволіку.

Перад затрыманнем лыжнікаў. Скрыншот: відэа МУС

Перад затрыманнем лыжнікаў. Скрыншот: відэа МУС

Алеся Буневіч тады атрымала 15 сутак. 

У красавіку 2021 года ў дзяўчыны памерла маці. 

«Алеся перанесла гэта вельмі балюча. Маці было недзе каля 56 гадоў, нават яшчэ не пенсіянерка. Але раптам здарыўся інсульт. 

Алеся была вельмі блізкая з маці. Мама была тым, хто ўтрымліваў сям’ю, быў яе сымбалем… Для Алесі смерць маці была вельмі моцным ударам», — згадваюць знаёмыя.

Пасля беларуска вырашыла пераехаць у Вільню. У маі яна прыехала, каб аформіць шлюб з Алегам Мяцеліцам, канчаткова перабралася ў Літву ў пачатку лета.

«У Алесі першы перыяд жыцця ў Вільні быў вельмі няпростым. Бо яна чалавек з падвышаным пачуццём адказнасці і салідарнасці, чалавек, які перажываў за Беларусь: а хто там застанецца, калі ўсе з’едуць? Перажывала і пра людзей за кратамі…

— згадвае сябар Алесі. — На гэта наклалася і смерць маці».

З цягам часу жыццё паціху наладжвалася. Кастуся аддалі ў беларускую гімназію, Алеся разам са знаёмай адкрыла невялікі бізнэс у Вільні: друкавальны цэнтр. 

Але ў красавіку 2022 года Буневіч вырашыла на кароткі час вярнуцца ў Беларусь. Для яе вельмі важна было прыехаць на гадавіну смерці маці, кажуць знаёмыя, плюс яна планавала вырашыць некаторыя пытанні з маёмасцю, якая заставалася ў Маладзечне. Спачатку яна планавала разабрацца з усімі сямейнымі справамі, а пасля прыехаць у Вільню, узяць сына, у якога пачыналіся канікулы, і з’ездзіць разам з ім у Беларусь яшчэ раз.

«Алеся падумвала, што гэта, магчыма, будуць апошнія яе візіты на Радзіму, што больш ездзіць, можа, і не варта», — кажа адзін з яе сяброў.

1 красавіка Алеся Буневіч паехала ў Беларусь. Спачатку ўсё было нармальна. Разам з сям’ёй знаёмых дзяўчына паехала на аграсядзібу ў Гродзенскай вобласці. 

Там яе і затрымалі. 

Па інфармацыі «Нашай Нівы», у нейкі момант сям’я знаёмых паехала ў краму. Алеся засталася адна на аграсядзібе. Выйшла прагуляцца — і знікла. 

Як паведамляюць крыніцы «Нашай Нівы», дзяўчына паспела адправіць знаёмым кароткае паведамленне: тут нешта дзіўнае адбываецца. У тэксце было шмат абдруковак, што было нетыпова для вельмі пісьменнай Алесі, было зразумела, што паведамленне набіралася ў спешцы. 

Звязацца са знаёмымі Алесі, якія былі разам з ёю на аграсядзібе, «Нашай Ніве» не атрымалася.

Але па нашай інфармацыі, пасля знікнення Алесі адразу выклікалі міліцыю, ратавальнікаў. Усе хваляваліся, падазравалі рознае: можа на дзяўчыну нехта напаў? Звярнуліся да памежнікаў — аграсядзіба знаходзілася ў памежнай зоне. Ніхто не мог нічым дапамагчы. Куды і як знікла Алеся было невядома.

Толькі ўвечары стала вядома, што Буневіч затрыманая і яе падазраюць у «здзяйсненні тэрарыстычнага акта групай асоб па папярэдняй змове» (ч. 2 арт. 289 КК РБ). 

Па інфармацыі «Нашай Нівы», Алесю Буневіч вінавацяць у дапамозе «чыгуначным партызанам», якіх затрымалі 30 сакавіка са стральбою па нагах. Буневіч падазраюць у тым, што яна магла дапамагаць «партызанам» у падрыхтоўцы нелегальнага перахода мяжы з Літвой.

Знаёмыя Алесі кажуць: «Яе затрыманне выглядае проста дзіўным збегам абставінаў. Магчыма, яна проста аказалася не ў той час і не ў тым месцы?»

Яшчэ ў верасні 2021 года Следчы камітэт Беларусі паведаміў аб пачатку крымінальнай справы супраць групы асобаў, якая дапамагала беларусам нелегальна ўцякаць у Літву. Па БТ нават знялі пра гэта чарговы фільм, дзе вінавацілі Наталлю Калегаву і Алега Мяцеліцу ў дапамозе тым, хто бег з Беларусі па палітычных прычынах.

Але ж Алесю затрымлівалі ўвечары 3 красавіка у Гродзенскай вобласці. На той момант «чыгуначныя партызаны» ўжо некалькі дзён былі за кратамі. Сілавікі паведамілі, што «партызанаў» схапілі яшчэ 30 сакавіка, прычым у Бабруйскім і Барысаўскім раёнах.

Цяпер Алесі Буневіч пагражае ад 8 да 20 гадоў.

Буневіч знаходзіцца ў магілёўскім СІЗА. Вядома, што Алеся не прызнае віну, праз адваката перадае, што адчувае сябе нармальна.

Што вядома пра хлопцаў, затрыманых са стралянінай за дыверсіі на чыгунцы?

Клас
4
Панылы сорам
12
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
21
Абуральна
65