Спыталі ў беларусаў, якія не першы год жывуць у Расіі (і ў тым ліку ехалі туды па лепшыя заробкі), што для іх змянілася і якім чынам яны будуць рэагаваць на новую рэальнасць.

Масква

Алена С.: «Калі ходзіш па адных калідорах са Скабеевай, Кісялёвым, Салаўёвым, гэта нечым аддае такім, што мне не падабалася»

Алена пераехала ў Маскву каля дзевяці год таму. Вырашыла, што хоча займацца прозай, і паступіла ў Літаратурны інстытут імя Горкага. 

«Застацца мэты не было, але там я завяла сяброў, сустрэла будучага мужа — усё закруцілася», — расказвае дзяўчына.

Алена працавала рэдактарам і прадзюсерам на радыё «Культура», але звольнілася адтуль у сакавіку па прычыне вайны, развязанай ва Украіне:

«Нягледзячы на тое, што гэта была прасунутая і сімпатычная радыёстанцыя і мы праўда рабілі клёвыя праграмы, гэта ўсё ж УДТРК. Калі ты ходзіш па адных калідорах са Скабеевай, Кісялёвым, Салаўёвым, гэта нечым аддае такім, што мне не падабалася».

Заробак для УДТРК у нашай суразмоўцы быў сярэдні: 45-48 тысяч расійскіх рублёў ($554-578, тут і далей — па курсе на дзень публікацыі. — «НН»), ён ніколі яе не задавальняў, бо жыццё ў Маскве дарагое. На прадукты сыходзіла каля 20-25 тысяч на месяц ($225-281). За арэнду аддаваць не прыходзілася, таму што ў мужа ёсць кватэра.

Фота: yandex.ru

Фота: yandex.ru

«Сёння мы сталі жыць бядней, і не толькі таму, што я звольнілася. Нават на мае амаль 50 тысяч рублёў ($564) ужо не так шмат чаго купіш. Пару месяцаў таму ты на тысячу мог на раз закупіцца ў краме, а цяпер патрэбна мінімум 1700 ($20,91)».

Шукаць працу ў новай рэальнасці жанчыне складана: 

«Ісці на сумоўі, перад якімі цябе загадзя папярэджваюць пачысціць Фэйсбук, — такога я рабіць не буду. Мне важна, каб чалавек які будзе наймаць мяне, прымаў маю антываенную, антыімперскую, антымілітарысцкую, праўкраінскую пазіцыю. Плюс — да нядаўніх часоў ты мог чытаць у Расіі рэпартажы Касцючэнкі ў «Новай газете», гэта шмат пра што казала, а з вайной Пуцін пазакрываў усё. Цяпер у Расіі застаюцца медыя з тэксцікамі незразумела пра што, а прафесійнай, адэкватнай, сур’ёзнай журналістыкі няма».

«Мой муж-расіянін сказаў вельмі правільную рэч: «Трэба выбляваць усё імперскае, што ў цябе ёсць» 

Муж Алены — расіянін, і яны шмат размаўляюць пра палітыку. Ніхто з іх да апошняга не верыў у верагоднасць вайны.

«Добра памятаю тую ноч з 23 на 24 лютага. У мяне былі праблемы са сном, я канчаткова прачнулся недзе а 6-й, адчыніла навіны і, здаецца, моцна мацюкнулася — ад гэтага прачнуўся муж. Я з тых, хто лічыць, што большая частка насельніцтва Расіі падтрымлівае вайну ва Украіне, называючы яе «спецаперацыяй», вераць, што там жывуць «нацыкі». Корань праблемы ляжыць у прапагандзе.

Ну, і імперскай свядомасці — яно ўсё не адрэфлексавана ніяк. Калі пачынаеш размаўляць са знаёмымі пра русіфікацыю беларускай мовы, напрыклад, яны ўпэўнена кажуць, што гэта не мова, а прыдатак да рускай. Аднойчы мой муж сказаў вельмі правільную рэч: «Трэба выбляваць усё імперскае, што ў цябе ёсць». Расіянам гэта патрэбна да зарэзу, гэта тое, што іх атручвае. У гэтым плане ў Расіі страшней і горш, чым у Беларусі, бо ў нас людзі ў 2020 годзе прачнуліся і не засыналі, хоць цяпер і няма нейкіх актыўных дзеянняў».

Пратэст на вуліцах Піцера

Пратэст на вуліцах Піцера

«Я думала пра дзіця, але пасля гэтай вайны, здаецца, ніколі не дазволю сабе думаць пра гэта…»

Самае горкае сёння для Алены ў Расіі — адсутнасць пратэстаў супраць вайны.

«Я адчыняю Фэйсбук, а там людзі вярнуліся да звычайнага жыцця, бо яны «стаміліся ад вайны». Сур’ёзна? Скажыце гэта ўкраінцам. Я думала, што мы, актыўныя людзі, якія не падтрымліваюць вайну, змогуць нешта спыніць, але мы, на жаль, у меншасці.

Нават той, хто маўчыць, на мой погляд, так ці інакш дапапагае расійскай уладзе чыніць гэтую вайну. Я разумею, што нам з мужам трэба бегчы з Расіі. Мы не нейкія рэвалюцыянеры, але свабода — гэта базавая патрэба. У нас досыць няпростае матэрыяльнае становішча, два сабакі, але мы будзем рыхтавацца. Калі Украіна адчыніць межы і калі ёй трэба будзе дапамагаць адбудоўваць гарады, я б запісалася ў такую гісторыю», — кажа Алена.

Да вайны пара мела планы: зрабіць рамонт у кухні, запусціць музычную гадзінную праграму пра рускамоўную індзі-сцэну на радыё.

«Я думала таксама пра дзіця, але пасля гэтай вайны, здаецца, я ніколі не дазволю сабе думаць пра гэта… Адзінае стабільнае, пра што нам казалі, — «абы не было вайны». Гэта для мяне было падмуркам. І цяпер усё фундаментальнае нібыта рухнула», — не хавае дзяўчына.

Сочы

Слава Thisset: «Расія і Беларусь — самыя бяспечныя месцы для нас у гэты момант»

Фота: асабістая старонка ва УКантакце

Фота: асабістая старонка ва УКантакце

Разам з маці і дзвюма сёстрамі Слава пераехаў у Сочы з Мінска каля сямі год таму. Сям’і хацелася жыць бліжэй да прыроды.

«Маці прадала дзве кватэры ў Беларусі і купіла ў Сочы, таму было прасцей. Але ўсё адно першы час былі слёзы, што нічога на новым месцы не атрымліваецца. У выніку ўсё стабілізавалася — сёстры пайшлі ў школу, маці сустрэла мужчыну, мы прызвычаіліся да Расіі і паўднёвага клімату», — згадвае Слава.

На першыя месяцы малады чалавек знайшоў працу дызайнерам у офісе, а пасля пачаў працаваць сам на сябе, зарабляючы на жыццё фатаграфіяй, 3D-графікай. Ëн вядомы кібермастак.

«Розніцы ў цэнах на прадукты не заўважыў — тут усё, як у Беларусі, толькі рэстараны даражэйшыя. А калі хадзіць на рынак, то ўвогуле выгадна і танна. Той жа інжыр расце на вуліцы, я не раз зрываў яго проста так і набіраў пакетамі. Я сам цяпер жыву ў пасёлку паміж Сочы і Адлерам, і тут усе асноўныя закупкі адбываюцца на рынку — людзі прадаюць сваю гародніну і мяса куды танней, чым у гіпермаркетах. І цэны тут ніхто апошнім часам не падымаў», — расказвае хлопец.

Галоўнай праблемай для суразмоўцы пасля 24 лютага сталі праблемы з карткамі і аплатай профільных праграм:

«Пачалі абмяжоўваць праграмы, у якіх я працую — 3D-софт, пакет Adobe — ужо нельга працягнуць падпіску расійскімі карткамі. Я нават думаў на нейкі час з’ехаць з Расіі, каб проста працягнуць працу. Але вырашыў застацца — знайшоў спосабы аплаты, у тым ліку праз украінскіх сяброў. Яны проста даюць мне даныя карты, і я іх уводжу. Канечне, працуе ўсё не вельмі стабільна, але ўсё магчыма, пакуль ёсць VPN. Apple Pay той жа не працуе, але ёсць Yandex Pay».

Адна з прац Славы

Адна з прац Славы

Цяпер Слава не плануе нікуды з’язджаць:

«Я паглядзеў на сітуацыю ў Еўропе, як там да рускіх і беларусаў ставяцца, і вырашыў, што Расія і Беларусь — самыя бяспечныя месцы для нас у гэты момант, каб пазбегнуць нейкага булінгу. На Behance у мяне пазначаная лакацыя «Масква», і колькі мне толькі анлайн брыдот ні напісалі з пажаданнямі, каб мой дом згарэў». 

Санкт-Пецярбург

Ганна: «Мы ніколі не думалі, што ў Расіі надоўга»

Ганна перабралася разам з каханым у Піцер восем год таму: муж паступіў там на рэжысуру, пасля яна сама пайшла ў магістратуру.

«Мы ніколі не думалі, што ў Расіі надоўга. Чаму? Было разуменне, што тут невялікая розніца з Беларуссю ў плане свабоды, таксама немагчыма рабіць сацыяльныя, палітычныя праекты, выказвацца на тыя тэмы ў мастацтве, на якія хацелася б. Калі і робіш гэта ў недзяржаўным сектары, незалежна, яно супернебяспечна. А дзяржгранты з кожным годам усё больш выразна аддаваліся на ўсё, што тычылася патрыятычнага «ўра», услаўлення рускага духу», — каментуе Ганна.

Яна згадвае, што ў Мінску з працай у тэатры і агенцтве яны не маглі дазволіць сабе зняць жытло.

«У тэатры тады плацілі сто даляраў, мой заробак быў у раёне 200, а кватэра каштавала мінімум 250. У Піцеры на грошы ад працы ў сферы культуры можна было пражыць — не шыкуючы, але без пазычання. Цяпер мы здымаем пакой у двухпакаёўцы ў цэнтры горада, і ён каштуе ў раёне 225 даляраў».

З 24 лютага жыццё сям’і таксама змянілася:

«Па-першае, я спыніла ўсе свае праекты, таму што для мяне неэтычна займацца падчас вайны тэатрам, хай і сацыяльным. Адно супрацоўніцтва ў мяне было з банкам, і я зразумела, што не змагу працягваць яго з дзяржструктурай — напісала ім ліст пра спыненне стасункаў. Па-другое, каля месца, дзе мы жывём, акурат збіраюцца антываенныя мітынгі, затрымаць могуць усіх у радыусе, таму пасля 19.00 у нас пачынаецца амаль каменданцкая гадзіна, каб нас папросту пасля затрымання не дэпартавалі.

Цяпер, канечне, пратэсты перайшлі больш у партызаншчыну — стужачкі па горадзе, трафарэты, лістоўкі, чацікі з дапамогай бежанцам. Спроб сабрацца разам амаль не прадпрымаецца, таму што АМАП каля той жа Гасцінкі дзяжурыць круглымі суткамі».

Пратэсныя лістоўкі ў Піцеры

Пратэсныя лістоўкі ў Піцеры

Ганна спрабуе адгукацца на ўсе прыдатныя вакансіі, нават не асабліва кваліфікаваныя, бо ў фінансавым плане стала складаней.

«Кава Paulig, напрыклад, падаражала амаль у два разы — з 300 ($3,7) да 600 расійскіх рублёў ($6,7). І брэнд сыдзе з рынку, як і многія іншыя. Калі раней на тыдзень можна было купіць прадуктаў на 1500 рублёў ($18,45) (самае неабходнае — садавіна, гародніна, макарона, кава і чай, сыр, курыца), то цяпер тысяча сыходзіць у нікуды — на каву, сыр і малако.

Лекі таксама моцна падаражалі. Напрыклад, антыдэпрэсанты раней каштавалі 2 тысячы рублёў ($24,6), а цяпер — 3500 ($43), а іх хапае на месяц. Прэпараты супраць трывожнасці былі 800 ($9,8), а цяпер — 1500 рублёў ($18,45). І атрымліваецца, можна працаваць на адны таблеткі», — дзеліцца суразмоўца.

«Яшчэ адна праблема — з карткамі расійскіх банкаў. Яны ператварыліся ў гарбуз, імі можна аплачваць нешта толькі ўнутры краіны. Падпіскі на замежныя «Нэтфлікс», «Споціфай», кніжкі на «Амазоне», замежныя курсы — усё гэта стала немагчыма цяпер аплаціць самастойна.

Арэнду пакуль не павышаюць, бо шмат людзей з’язджае. І мы самі сказалі гаспадару, што ў маі павінны з’ехаць — будзем рухацца туды, куды беларусам не патрэбная віза, хутчэй за ўсё. Нават сярод нашага тэатральнага, здавалася б, інтэлектуальнага асяроддзя хапае тых, хто падтрымлівае вайну. У многіх знаёмых бацькі не разумеюць мірную пазіцыю дзяцей, адмаўляюцца ад іх».

Пратэст на вуліцах Піцера

Пратэст на вуліцах Піцера

Пры ўсіх цяжкасцях пара не захацела вярнуцца дадому, у Беларусь.

«На жаль, я не адчуваю сябе там у бяспецы. Я досыць запальчывы чалавек, і не ўпэўненая, што змагу сядзець там, нібыта ў бункеры, ніяк не рэагуючы на рэчаіснасць. Увогуле на сёння мы не бачым сваёй будучыні ні ў Расіі, ні ў Беларусі. Хаця, калі ішлі беларускія пратэсты, мы марылі, што вось вернемся, і будзем займацца творчасцю, палітычнымі праектамі, развіваць тэатральную супольнасць, што ўсё зменіцца», — кажа дзяўчына.

Максім: «Яшчэ год таму я быў тут смялейшым, мог актыўнічаць, цяпер сто разоў падумаю»

Максім у Піцеры з 2017 года. Прычына была ў стомленасці ад адукацыйнай сістэмы, у якой ён працаваў.

«Спачатку я працаваў у клубах і барах, але ў выніку лёс зноў занёс мяне ў звыклую сферу: у сістэму дадатковай адукацыі. Спачатку там было вельмі крута, але прыблізна праз тры гады яна дагнала тое, што ўжо адбывалася ў Беларусі. Пайсці строем прагаласаваць, выйсці на нейкую патрыятычную палітычную акцыю — заўсёды калі ласка. І за кошт таго, што сфера ў Расіі больш багатая, перад выбарамі можна было проста так атрымаць 10 тысяч рублёў прэміі ($123)», — расказвае суразмоўца.

Піцер. Фота: архіў Максіма

Піцер. Фота: архіў Максіма

Заробак спецыяліста заўсёды вар’іраваўся ад 60 да 100 тысяч расійскіх рублёў (ад $738 да $1230). Грошай на жыццё хапала

«Дарэчы, калі раней прыязджаў у Магілёў з Піцера, адчуваў сябе багацеем, а цяпер кошты зраўняліся», — адзначае Максім.

Хлопец звяртае ўвагу на тое, што гайкі несвабоды ў Расіі закручваліся паступова: 

«А сёння мы бачым, што флагманам расійскай журналістыкі закрылі раты — «Новая газета», «Медуза», Дудзь. Любы парадак дня, які не падыходзіць пад «правільны погляд», зачышчаецца. І калі яшчэ год таму я сам быў смялейшы, мог даваць, не думаючы, каментарыі СМІ, актыўнічаць, то цяпер сто разоў падумаю. На мой погляд, беларускія СІЗА менш небяспечныя для здароўя, чым расійскія турмы».

Пратэсныя лістоўкі ў Піцеры

Пратэсныя лістоўкі ў Піцеры

24 лютага Максім прачнуўся ад паведамлення сяброўкі з Кіева: «Максім, б**ць, нас бамбяць».

«Я адразу пачаў чытаць навіны і ўжо не мог спыніцца, як было 9 жніўня 2020 года — проста ўвесь час іх маніторыў, не мог ні працаваць, нічога. У мяне ўключыўся ўнутраны беларус, і я вырашыў пайсці здымаць баксы. Але нічога не зняў, таму што былі складанасці з валютай, яе амаль не выдавалі», — згадвае хлопец. 

Ëн камунікуе з вялікай колькасцю расіян, якія ўспрынялі вайну адмоўна.

«Не ўсе рускія дрэнныя, многія супраць вайны, што б ні паказвалі ў тэлевізары. За вайну выступаюць людзі малога розуму, якія нічога не разумеюць у эканоміцы, маргінальнага тыпу. І вядома адкуль такія бяруцца.

Асноўныя грошы ў краіне ідуць не на адукацыю і асвету насельніцтва, а на прапаганду. У выніку сучасныя рускія не ведаюць нармальна гісторыі, сваёй літаратуры, таго, што адбываецца ў свеце. Інтэлігенцыі гэтак жа дрэнна, як беларусам: не спытаўшы, іх зрабілі ворагамі ўсяго свету».

У плане ўзроўню жыцця для Максіма пакуль нічога не змянілася, але вось з падпіскай на той жа Spotify, з аплатай хостынгу — «поўная дупа»: 

«X-box ператварыўся ў дэкор для дому. Вельмі шкада, што знішчылі «рускі» Інстаграм, таму што для мяне і маіх калег — гэта праца, месца, праз якое людзі цяпер не могуць прэзентаваць сябе, свае паслугі. Канечне, гэта нішто ў параўнанні з тым, што ва Украіне знішчаюць гарады».

Пратэст на вуліцах Піцера

Пратэст на вуліцах Піцера

Хлопец кажа, што ў яго былі думкі з’ехаць у Беларусь, каб у складаны момант дапамагчы бацькам — засадзіць участак бульбай. Але ён лічыць, што дома яшчэ горш, чым у Расіі.

«Былі думкі і пра замежжа, але я так люблю Піцер, рускі тэатр, усё, што звязана з гэтым горадам. Я не асацыюю яго з Расіяй, ён — як асобная краіна, дзе жыве шмат цікавых людзей. Але чым больш закручваюцца гайкі, тым больш ува мне такіх думак».

Паліна Шандрак: «Гендырэктар «Камсамолкі» напісаў вялікі зварот да журналістаў, дзе было сказана, што сваю незадаволенасць «спецаперацыяй» лепш ніяк не паказваць»

Паліна Шандрак

Паліна Шандрак

Паліна пераехала ў Піцер у 2019 годзе, як толькі адпрацавала размеркаванне пасля журфака БДУ.

«Мне хацелася развівацца ў прафесіі, а ў Расіі было больш СМІ, гучных імёнаў і прафесіяналаў, у якіх можна было павучыцца, было больш свабоды (як мінімум, тады мне так падавалася)», — так тлумачыць свой выбар дзяўчына

Праз 3,5 месяца пошукаў яе запрасілі на сумоўе ў «Камсамольскую праўду», і яна пачала супрацоўнічаць з піцерскай рэдакцыяй. Здавалася, што атрымаецца пабудаваць класную журналісцкую кар’еру, але гэта было да 24 лютага. 

«Са стартам так званай «спецаперацыі» гендырэктар «Камсамолкі» напісаў вялікі зварот да журналістаў, дзе было сказана, што сваю незадаволенасць «спецаперацыяй» лепш ніяк не паказваць, таму што мы ў першую чаргу прадстаўнікі «КП», і выдавецкі дом у гэтай сітуацыі вырашыў падтрымаць дзейную ўладу.

Я зразумела, што не змагу працаваць у гэтым СМІ, бо ў мяне зусім іншае стаўленне да сітуацыі — у мяне сваякі ў Кіеве, і пад Гомелем сваякі, і над імі лётаюць самалёты… 25 лютага я прыняла рашэнне звальняцца, хоць і пісала пра культуру. Заяву мне падпісалі 5 сакавіка. На гэты момант я працую як журналіст-фрылансер: камусьці дапамагаю весці сацсеткі, пісаць пасты», — расказвае дзяўчына.

Пратэст у Піцеры

Пратэст у Піцеры

Сярод калег Паліны меркаванні пра падзеі падзяліліся:

«Некаторыя, маладзейшыя, увогуле не рэагавалі. Нехта казаў, што яны па-за палітыкай, згадваў аргументы пра Данбас і восем год. Некаторыя, як і я, былі ў шоку. Хаця, мяркуючы па рыторыцы Уладзіміра Пуціна ў выступах напярэдадні, было бачна, што ён настроены радыкальна.

Увогуле, пасля жніўня 2020 года я зразумела, што мы з рускімі вельмі розныя. Штораз, калі я выходзіла да беларускай амбасады (мы там спявалі песні, пілі чай, набывалі кветкі — у нас быў свой мемарыял, такім чынам мы выказвалі салідарнасць з беларускім народам, падтрымлівалі беларусаў), мне задавалі пытанне: «Навошта ты гэта робіш?» Яны жартавалі з маіх паводзін, не асэнсоўваючы, што майму народу балюча і чаму. Я зразумела, што беларусы больш эмпатычныя, спагадлівыя». 

Паліна не можа сказаць, што стала жыць больш эканомна, але прыняла рашэнне з’ехаць з Расіі.

«У першы ж дзень «спецаперацыі» гугліла квіткі ў Грузію, бо мне было страшна: можа, прыляціць «адказ»? Але ўжо не змагла туды нармальна вылецець, таму цяпер часова ў Беларусі. Вырашаю пытанне з дакументамі і хачу эміграваць далей. Жыццё крута змянілася. Я нікуды не збіралася, але цяпер ты не ўпэўнены, што нават за слова «вайна» не прыляціць крыміналка, як сталася з блогеркай Нікай Белацаркоўскай за «распаўсюджванне фэйкаў пра расійскае войска».

Пры дзейнай уладзе ні ў Беларусі, ні ў Расіі перспектываў вялікіх няма — усё напрацаванае гадамі зруйнаванае. Я журналістка, і мне падабаецца мая прафесія, я хачу быць карыснай, а дзе мне працаваць у гэтых краінах? Такой магчымасці сёння няма, на жаль. Плюс гэта небяспечна», — адзначае Паліна.

***

Мы звязваліся з беларусамі і ў іншых расійскіх гарадах, але яны пабаяліся размаўляць з журналістамі, нават ананімна.

«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста

Чытайце таксама:

Ад Саладухі да Каржа. Што беларускія селебрыці посцяць падчас вайны і як пра яе выказваюцца

Клас
11
Панылы сорам
9
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
24
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?