Сям'я Наталлі Пятровіч

Сям'я Наталлі Пятровіч

«Бацькоўскі дом у Гастомелі, на мяжы з Бучай»

Бацькі Наталлі — этнічныя ўкраінцы. Яе бацька — вайсковец, і яшчэ ў савецкі час яго адправілі служыць у Беларусь.

Але колькі гадоў таму сям'я вырашыла вярнуцца дадому, пад Кіеў. А пасля падзей 2020 года з Беларусі давялося выехаць і самой Наталлі — з мужам і дзецьмі.

— У 2020 годзе я была назіральніцай на выбарах, удзельнічала ў пратэсных акцыях. Калі пачаліся ператрусы ў назіральнікаў, мы з мужам вырашылі, што час з'язджаць.

Куды з'язджаць? Спачатку хацелі паехаць у Турцыю, але па дарозе надумалі наведаць маіх бацькоў пад Кіевам. Збіраліся пажыць тыдзень, але затрымаліся. Бацькоўскі дом — у Гастомелі, на мяжы з Бучай.

Жыццё да вайны

Жыццё да вайны

Месца нам вельмі спадабалася. Мы нават забыліся пра Турцыю, хацелі пасяліцца ў будучыні ў гэтых лясах, пад Кіевам, разам з бацькамі. Але ўзімку ўсё ж вырашылі на некалькі месяцаў адвезці дзяцей на мора, у Анталью. А летам — вярнуцца ва Украіну і асесці там надоўга. Мы нават не забіралі дакументы з гастомельскай школы, проста перавялі дзяцей на хатняе навучанне.

Тата так не хацеў, каб мы з'язджалі. Яму так падабалася, што мы прыехалі ўсёй сям'ёй, з дзецьмі. Хацеў завесці вялікага сабаку. Казаў: заставайцеся, усім разам так добра!

Спадар Генадзь з унукам

Спадар Генадзь з унукам

«Жанчыну паранілі ў галаву, яе пахавалі ў двары дома»

А потым пачалася вайна. У першыя некалькі дзён Наталлі ўдавалася падтрымліваць сувязь з бацькамі. Яна атрымлівала ад бацькі лаканічныя эсэмэскі: «Мы жывыя, усё добра». Праз такія адрывістыя паведамленні яна даведалася, што сям'я перабралася жыць да суседзяў. Таму што ацяплення ў горадзе ўжо не было, а ў суседскім доме быў камін. У каміне можна было і гатаваць.

Пятага сакавіка адзін з братоў Наталлі паспрабаваў эвакуявацца ў Кіеў з суседскай сям'ёй. Машыну абстралялі.

— У машыне акрамя майго брата былі наша пажылая суседка Раіса, яе сын, нявестка і дзіця. Нявестку паранілі ў галаву. Яе неслі праз усё поле.

Знайшлі пусты дом, у якім хаваліся наступныя пяць дзён. Спрабавалі выклікаць хуткую, але хуткая не прыехала: дабрацца ў Бучу было немагчыма. Праз некалькі гадзін пасля гэтай аварыі маладая жанчына памерла. Яе пахавалі ў двары таго самага пустога дома.

У той жа аварыі пацярпела і пажылая суседка сям'і — Раіса. Яна пашкодзіла пазваночнік, не магла хадзіць. Праз некалькі дзён зноў была абвешчаная эвакуацыя, але бацька Наталлі сказаў сям'і, што не стане з'язджаць. Застанецца даглядаць суседку. Людзі пакінулі Генадзю Аляксеевічу ключы ад калітак — ён паабяцаў даглядаць суседскіх жывёл, карміць іх.

— Сказаў маме: усё будзе добра, яны нас не крануць.

Да канца эвакуацыі ў пасёлку засталіся трое: бацька Наталлі, яго суседка Раіса і іх немалады сусед Мікалай.

«Салдаты сказалі: не перажывайце, Гена прыйдзе ўвечары»

Генадзь Аляксеевіч прыглядаў за параненай суседкай, карміў пакінутых у пасёлку жывёл. Рэгулярна хадзіў адведваць пажылога суседа Мікалая. А 16 сакавіка — не прыйшоў.

— Тады Мікалай сам прыйшоў у дом да бабы Раі, за якой прыглядаў тата. Баба Рая расказала яму, што тата выйшаў накарміць жывёл і насекчы дроў для каміна — і больш у дом не вяртаўся. Яна чула, як нехта пагрукаў у брамку, як пачалася валтузня. Тату яна больш не бачыла, у двары засталася ляжаць толькі яго кепка.

Праз некалькі гадзін у дом з ператрусам прыйшлі расійскія салдаты. Шукалі зброю, нічога не знайшлі. Спыталі ў бабы Раі: у вас ёсць зброя? Яна кажа: «Хлопчыкі, якая зброя! Паглядзіце на мяне, я нават хадзіць не магу. Дзе Гена?»

Яны адказваюць: не перажывайце, Гена вернецца ўвечары. Прыйдзе да вас. Але ўвечары ён не прыйшоў.

Яшчэ праз некалькі дзён вайскоўцы зноў зайшлі ў дом да бабы Раі, і яна зноў спытала: «Дзе Гена?» Яны зноў прасілі не перажываць і паабяцалі, што прывязуць яго дадому «праз два-тры дні». Больш яны не вярталіся.

У доме засталася куртка Генадзя Аляксеевіча, а ў ёй — яго беларускі пашпарт і від на жыхарства ва Украіне. Тэлефон у яго забралі яшчэ раніцай — сувязі не стала.

«Я ўпэўненая, што тата жывы»

Калі Бучу вызвалілі, маці Наталлі, якая паспела эвакуявацца ў Кіеў, вярнулася туды разам з валанцёрамі. Яна была ўпэўненая, што знойдзе мужа, але яго нідзе не было. І ў спісах загінулых — таксама.

— Мы падалі звесткі пра яго ў вышук, напісалі ва ўсе чаты, адправілі заяву ў паліцыю. Маме дасылалі фатаграфіі трупаў узросту бацькі, але гэта быў не ён. Карацей, сярод мёртвых яго няма.

Наталля ўпэўненая, што яе бацька жывы. Яе дзеці ведаюць пра тое, што ва Украіне ідзе вайна, але пра тое, што іх дзед знік — не ведаюць.

— Мы поўныя надзеі. Мы думаем, што яго проста вывезлі ў Расію ці ў Беларусь. Мы чулі шмат гісторый пра тое, што мужчын вывозілі як уцекачоў ці палонных.

У першыя дні вайны Наталлю часта спрабавалі падбадзёрыць фразай: «Як добра, што ты своечасова з'ехала з Украіны». Наталлю гэтыя словы раздражнялі. Там, ва Украіне, засталіся яе бацькі, яе браты. Але калі яна ўбачыла фатаграфіі з Бучы, яна пагадзілася з тымі, хто казаў ёй: добра, што ты своечасова з'ехала.

— Але гэты ад'езд не дапамог пазбегнуць трагедыі. Трагедыя ўсё роўна закранула мяне асабіста. 

«Хачу, каб тата сустрэў мяне на фінішы»

Наталля — фітнэс-трэнер. У першых спаборніцтвах па бегу яна паўдзельнічала ў 2017 годзе, у Кіеве. Тады Наталля прабегла 6 кіламетраў, на фінішы яе сустрэў тата.

Акурат цяпер Наталля пачынае рыхтавацца да марафону, які пройдзе ў Стамбуле 3 лістапада. Раней марафонскую дыстанцыю яна адолела толькі адзін раз у жыцці — і вырашыла, што больш такія выклікі перад сабой ставіць не будзе, гэта занадта сур'ёзная нагрузка на арганізм.

— Але калі ў маім жыцці надыходзіць цяжкі перыяд, я заўсёды загадваю для сябе самую цяжкую задачу. І я вырашыла, што, калі бацька знойдзецца, я ў падзяку за ўсё абавязкова прабягу марафон. І хачу, каб тата сустрэў мяне на фінішы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
9
Абуральна
2