Фота ілюстрацыйнае

Фота ілюстрацыйнае

Рэпрэсіі на радзіме, вайна ва Украіне, эканамічныя праблемы — усё гэта вымушае беларусаў з'язджаць з краіны. Але не так проста атрымаць візу. Пасярэднікі бяруць да тысячы рублёў толькі за запіс у польскі візавы цэнтр.

Сітуацыя пагоршылася яшчэ і тым, што літоўская амбасада не робіць цяпер візы для беларусаў. Польская і літоўская амбасады ў Грузіі не даюць візы беларусам, якія не маюць грузінскага дазволу на жыхарства. Выключэнні — для актывістаў і праваабаронцаў.

Абвестка на амбасадзе Літвы ў Тбілісі

Абвестка на амбасадзе Літвы ў Тбілісі

«Здаецца, мы з дзецьмі трапілі ў апошні вагон»

Беларуска Кацярына (імя змененае. — РС) яшчэ ў верасні 2021 года атрымала польскую гуманітарную візу.

«Калі пачалася вайна ва Украіне, мы пабеглі рабіць візы мужу і дзецям. Хутка зрабілі ўсе дакументы, і 2 сакавіка ўдалося запісаць дзяцей на прыём у візавы цэнтр. Але на гуманітарныя візы ўжо запісу не было, таму запісалі дзяцей на працоўныя. Дарэчы, дакументы дзяцей без праблем прынялі на гуманітарныя візы, хоць яны былі запісаныя на працоўныя. Мужа ўжо не паспелі запісаць. З той пары — больш за месяц мінула — муж так і не здолеў запісацца на візу. Месцаў няма — ні на гуманітарныя, ні на працоўныя. Здаецца, мы трапілі ў апошні вагон», — расказала Кацярына.

Яна шкадуе, што цяпер няма запісу на візу ў жывой чарзе.

«Цяпер людзі мусяць плаціць пасярэднікам да тысячы рублёў. Выходзіць, што з'ехаць цяпер могуць толькі багатыя? Калі запіс каштуе 300 рублёў — гэта яшчэ па-боску», — кажа яна.

«Ёсць камплект дакументаў на бізнэс-візу ад палякаў, але ў чаргу трапіць не магу»

Аляксей (імя змененае. — РС) хацеў падаваць дакументы на візу ў Польшчу. Ён мае камплект дакументаў на бізнэс-візу ад палякаў, але трапіць у чаргу пакуль не здолеў. Аднак яму ўдалося зрабіць італьянскую візу.

«Яе зрабіў паводле запрашэння ад італьянскага фонду, па працы. Запрашэнне было на два тыдні. Але супрацоўніца амбасады, якая прымала паперы, сказала паспрабаваць папрасіць на год. І ўдалося — далі візу на год, шэнгенскую. Але маім калегам, якія таксама падавалі запрашэнне ад фонду, далі толькі на тры месяцы. З чым гэта звязана, не ведаю», — расказаў Аляксей.

Ён падаваў дакументы на візу 31 сакавіка, атрымаў яе 11 красавіка.

«Знаёмы здолеў падацца на польскую бізнэс-візу ў Горадні. Але зноў жа — не сам, «па блату», праз знаёмых», — дадаў Аляксей.

«Зрабіў іспанскую візу з тэрапеўтычных меркаванняў»

Сяргей (імя змененае. — РС) не плянуе выязджаць з Беларусі. Але пра візу паклапаціўся — «з тэрапеўтычных меркаванняў, як няпэўны план на магчымы адпачынак», — тлумачыць ён.

Рабіў у іспанскім візавым цэнтры. Але цяпер цэнтр ужо не працуе, падаць дакументы на візу немагчыма.

«Запісацца было цяжка — пару гадзін на тыдзень запіс быў. Я рабіў тры тыдні таму. Здаваў дакументы ў дзень, калі ўсе думалі, што прыём закрыюць. Нас у сям’і чатыры чалавекі, адзіны прыбытак — мой заробак. Таму нам далі толькі на чатыры месяцы, бо трэба, каб было 800 еўра на чалавека. Іспанскую паспелі атрымаць і мае калегі, але цяпер ужо ўсё — не выдаюць візаў», — кажа Сяргей.

«Кіраўніцтва візавага цэнтра дзейнічала безадказна»

Жыхарка Мінска Аксана (імя змененае) падала дакументы на шэнгенскую візу праз іспанскі візавы цэнтр. 18 красавіка яна даведалася, што цэнтр зачыняецца. Людзям прапанавалі шукаць свае пашпарты ці ва ўласніка памяшкання, ці ў «дзяржаўных органах». Яны абурыліся і пайшлі разбірацца да візавага цэнтра. Аксана кажа, што такіх было каля 50 чалавек.

Сама яна падавалася на візу 29 сакавіка.

«Людзі ўжо не пра візу думалі, а як забраць свой пашпарт. Тэлефоны візавага цэнтра не адказвалі. На сайце статус пашпартоў быў «у дарозе», бо візы ставяць у Маскве. Праз уласніка памяшкання звязаліся з супрацоўнікамі візавага цэнтра. Дамовіліся, што некалькі гадзін яны будуць выдаваць дакументы. Выдалі пашпарты тым, хто падаваўся 28 сакавіка. Тым, хто 29 і 31 падаваўся, сказалі, што іх пашпартоў няма, прыходзьце заўтра. Але людзі не сышлі, былі настроеныя рашуча. Пачалі звязвацца з кур’ерскай службай. Па выніку «дабіліся» — пашпарты прывезлі, аддалі», — расказала Аксана.

Іншыя беларусы пайшлі ў візавы цэнтр разбірацца сёння, 19 красавіка. «Іншыя наогул, мусіць, нікуды не хадзілі і чакаюць ці SMS, ці паведамлення ад візавага цэнтра. Я лічу, што кіраўніцтва візавага цэнтра дзейнічала безадказна, бо гэта ж бізнэс, людзі грошы заплацілі», — лічыць жыхарка Мінска.

«Сястра аддала пасярэднікам 800 рублёў за дапамогу»

Анжэла (імя змененае. — РС) некалькі дзён таму пераехала з дзецьмі, сястрой і маці з Беларусі ў Польшчу.

«Сястра знайшла пасярэднікаў у Мінску, яны дапамагалі ёй з запрашэннем на працу ў Польшчу і з чаргой на падачу папераў. Аддала 800 рублёў. Бо сама яна месяц не магла запісацца. Я проста цудам здолела запісацца сама, праўда, у Гомелі. Запісалася з дачкой, прычым бясплатна. Пашанцавала», — распавяла Анжэла.

Яна кажа, што вельмі стамілася ад частых візітаў міліцыянтаў і судоў за «экстрэмізм».

«Прыходзілі як да сябе дахаты. Паказвай ім тэлефон, падпіскі ў сацыяльных сетках. Усё вышуквалі «экстрэмізм». Нешта знаходзілі — бо колькі я ні чысціла тэлефон, усяго не магу заўважыць, дый за столькі гадоў, колькі маю сацыяльныя сеткі… Перад выездам у Польшчу быў чарговы суд, чарговы штраф. Яшчэ і вайна ва Украіне… Вырашылі з'язджаць», — патлумачыла Анжэла.

«Чакаць візу можна і тыдзень, і пяць тыдняў, гэта латарэя»

У telegram-чатах ёсць шмат прапаноў «запісаць на візу». Цэны розныя — да тысячы рублёў. Трапляюцца і махляры, якія патрабуюць «тэрміновай перадаплаты». Пасля пераводу грошай знікаюць.

Карэспандэнт Свабоды пагутарыў з беларусам, які прапануе запісаць на падачу дакументаў для польскай візы за 300 рублёў.

«Перадаплаты як такой мы не бяром, аплата — па факце запісу. Найбліжэйшы запіс — на 20 красавіка. Чакаць візу можна і тыдзень, і пяць тыдняў, гэта латарэя. Днямі змяніўся сайт консульства, цяпер праграмісты адаптуюць праграмы, скрыпты пад новыя ўмовы. У нас нядорага яшчэ. Калі бяруць 900 рублёў, я такое чуў, то гэта шалёныя грошы, вядома. Можа, у іх хутчэй атрымліваецца, можа, праграмісты больш прасунутыя», — патлумачыў пасярэднік.

Клас
3
Панылы сорам
8
Ха-ха
4
Ого
0
Сумна
10
Абуральна
17